Зусім нядаўна, 26 студзеня 2025 года, у Беларусі прайшлі сёмыя прэзідэнцкія выбары — і шостыя выбары Аляксандра Лукашэнкі. Іх вынік быў прадказальны загадзя, і мы толькі абмяркоўвалі, колькі працэнтаў прыпішуць гэтаму палітыку (найбліжэй у нашым паўжартоўным «таталізатары» аказалася вядоўца Марына Ментусава). Аднак гэта была найважнейшая падзея, якая паказала, якую мадэль выбараў улады лічаць для сябе бяспечнай, да якой ступені цынізму і фарсу яны гатовыя дайсці і якімі, хутчэй за ўсё, будуць усе наступныя электаральныя кампаніі пры цяперашняй палітычнай мадэлі. Пра гэта — і не толькі — расказваем у завяршальным тэксце праекта, прысвечанага гісторыі выбараў у Беларусі.
За доўгія гады свайго кіравання Лукашэнка і яго прыхільнікі ў парламенце выйгралі ўсе выбары — ва ўсякім выпадку, пра гэта кожны раз заяўляў цалкам падкантрольны палітыку Цэнтрвыбаркам. Насамрэч (калі выключаць першыя прэзідэнцкія выбары 1994 года) вынікі заўсёды фальсіфікаваліся, прадзяржаўныя СМІ хлусілі, а на незалежных кандыдатаў ціснулі. Каб не даць пра гэта забыць, мы расказалі пра кожную выбарчую кампанію эпохі Лукашэнкі ў праекце «Без выбару».
Без апазіцыі і доўгі час з адным Лукашэнкам
Пра «дзень ікс» стала вядома ў канцы кастрычніка мінулага года: менавіта тады ЦВК агучыў дату выбараў — 26 студзеня 2025-га. Згодна з Канстытуцыяй, яны маглі прайсці да 20 ліпеня, але Аляксандр Лукашэнка вырашыў не адкладаць справу.
Эксперт па выбарах, у мінулым кіраўнік аддзела ў АБСЕ Аляксандр Шлык называў прычынай такой спешкі ніжэйшую вулічную актыўнасць грамадзян зімой. Улады напэўна па звычцы трымалі ў галаве такую небяспеку, хоць шырокамаштабныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў 2020-м і не спыняюцца дагэтуль, звялі яе імавернасць практычна да нуля. Апошняя на гэты момант масавая акцыя ў нашай краіне прайшла падчас рэферэндуму 2022-га — ды і тое трыгерам стаў удзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, які змусіла нязгодных пераадолець страх і выйсці на вуліцы, нягледзячы на амаль стапрацэнтную імавернасць затрымання.
Пратэсты ж, падставай якіх быў выключна беларускі парадак дня, былі задушаныя раней: апошняя актыўнасць датавалася сакавіком 2021 года. І ўсё ж, відаць, страх уладаў перад паўтарэннем тых падзей адыграў сваю ролю, і было прынятае рашэнне, што прадбачлівасць залішняй не бывае.

Іншай жа прычынай ранняга старту была замежнапалітычная. На думку аналітыка Аляксандра Фрыдмана, прызначэнне выбараў на 26 студзеня магло быць звязанае з жаданнем Лукашэнкі атрымаць умоўную легітымнасць бліжэй да ўступлення на пасаду амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа (яго інаўгурацыя прайшла 20 студзеня). Пасьля гэтага была магчымасць перамоваў пра мір ва Украіне. Лукашэнка, які часта кажа, што Беларусь мусіць быць уключаная ў гэтыя перамовы, хацеў падысці да іх у статусе пераабранага «прэзідэнта», якога нібыта падтрымлівае пераважная большасць (а не таго, у чыю перамогу ў 2020-м ніхто не паверыў).
Абодва гэтыя тлумачэнні спешкі з выбарамі па-свойму лагічныя (а іншых, увогуле, амаль і не гучала). Відаць, камбінацыя гэтых версій і стала прычынай больш ранняга старту кампаніі.
За апошнія гады ўлады таксама зрабілі капітальную рэвізію выбарчага фармату, які дастаўся ім з ранейшых часоў і, на іх думку, відавочна паўплываў на буру, якая здарылася ў 2020-м. Потым і рэферэндум, і парламенцкія выбары прайшлі без эксцэсаў, а таму і гэтым разам было вырашана дзейнічаць паводле паспяховай новай схемы. ЦВК зноў не стаў публікаваць імёны сябраў камісій (хоць паводле Выбарчага кодэкса гэта мусіць адбывацца абавязкова) і адкрываць выбарчыя ўчасткі за мяжой, выключыўшы такім чынам з галасавання не толькі праціўнікаў уладаў, але і наогул усю дыяспару. Раней наяўнасць гэтых фактараў ніяк не перашкаджала фальсіфікаваць выбары, аднак цяпер улады адмовіліся нават ад такіх умоўнасцяў.

Розніца паміж ранейшымі і новай кампаніяй заключалася яшчэ і ў маштабе адкрытага цынізму. На парламенцкіх выбарах гэта яшчэ не так кідалася ў вочы, бо яны традыцыйна праходзілі амаль незаўважна і без увагі выбаршчыкаў, ніхто не чакаў ад іх яркай палітычнай барацьбы. Але да прэзідэнцкіх выбараў стаўленне заўсёды было асаблівае. Збіваючы на падлёце адных кандыдатаў і даючы па выніку галасавання крымінальныя тэрміны другім, улады тым не менш заўсёды імкнуліся забяспечыць сітуацыю, у якой Лукашэнка «разгромна пераможа» кагосьці з апанентаў, давёўшы нібыта нязначнасць іх падтрымкі з боку беларусаў. Напрыклад, у 2001-м цалкам падкантрольны рэжыму Канстытуцыйны суд дазволіў балатавацца ў прэзідэнты Зянону Пазняку, які ўжо пяць гадоў жыў у эміграцыі (хоць закон патрабаваў жыць у Беларусі не менш за 10 гадоў перад выбарамі).
Але падчас кампаніі-2025 усё змянілася. Беларускія дэмсілы — Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада — апублікавалі агульную заяву, назваўшы блізкія падзеі «бязвыбарамі» і заклікаўшы выбаршчыкаў на знак пратэсту галасаваць супраць усіх (улічваючы маштаб рэпрэсій, да актыўнейшых дзеянняў вырашылі не заклікаць). Супраць плыні пайшоў толькі адзін чалавек: старшыня Руху «За Свабоду» і эксперт па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрась Губарэвіч скіраваў у ЦВК заяву на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.

Палітык настойваў, што яго не датычаць папраўкі да Канстытуцыі, якія зрабілі немагчымым вылучэнне асобаў, што маюць від на жыхарства ў іншай краіне (бо ў яго няма ВНЖ) і якія ўвялі патрабаванне, згодна з якім якога патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты мусіць жыць у Беларусі 20 гадоў перад выбарамі (маўляў, «закон адназначна не акрэслівае колькасці дзён ці тэрміну, цягам якога можна знаходзіцца за мяжой»). Пры ранейшай мадэлі правядзення выбараў улады ўхапіліся б за Губарэвіча як за палачку-ратавалачку, бо сваім удзелам ён — з іх пункту гледжання — легітымізаваў бы галасаванне. Ды яшчэ і тэарэтычна расколваў праціўнікаў улады. Напрыклад, так адбылося ў 2000-м, калі большая частка апазіцыі выступіла за байкот выбараў, а Мікалай Статкевіч быў супраць.
Калі б палітыка Адміністрацыі Лукашэнкі была танчэйшай, ініцыятыўную групу Губарэвіча маглі б нават зарэгістраваць, а потым выкарыстоўваць у сваіх мэтах, каб паказаць свету, маўляў, у Беларусі дэмакратыя і законапаслухмяную апазіцыю зусім не пераследуюць. Аднак гэтага не здарылася.
«Мы павінныя пацвердзіць практычнымі крокамі, што ніхто, акрамя людзей, зацверджаных рэжымам, узяць удзелу ў гэтых выбарах не зможа», — казаў Губарэвіч, тлумачачы свой крок, і меў рацыю. ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі групы (афіцыйная прычына: дакументы былі дасланыя праз электронную пошту, чаго заканадаўства не прадугледжвае). Тым самым улады канстатавалі, што ніякая рэальная апазіцыя ім не патрэбная.
Спойлеры ці масоўка?
Паказальны факт: калі вынесці за дужкі заяўку невядомага шырокай аўдыторыі Аляксандра Драздова (той нават не падаў спісу сябраў ініцыятыўнай групы), то да раніцы 30 кастрычніка ЦВК зарэгістраваў толькі адну групу — самога Лукашэнкі. А дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты неабходна было падаць не пазней за 1 лістапада. Для параўнання, у 2020-м падчас абуджэння палітычнай актыўнасці грамадства такія дакументы падалі ўжо 55 чалавек. Абсалютны імітацыйны характар цяперашніх выбараў адчуваўся грамадствам вельмі выразна.

І толькі пад самы фінішны сцяжок, у апошнія два дні, заяўкі на рэгістрацыю сваіх груп падалі экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе Ганна Канапацкая, старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Бобрыкаў, прадпрымальніца Дзіяна Кавалёва, лідары дзвюх праўладных партый Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі) і Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці), былая прэс-сакратарка МУС, а цяпер галоўны ідэолаг Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў і пенсіянер Віктар Кулеш.
Сярод гэтых людзей асобна стаялі двое — Кулеш і Кавалёва, адзіныя, хто не выказваўся ў падтрымку Лукашэнкі ці з асуджэннем апазіцыі. Аднак яны і ў цэлым ніколі не паказваліся ў публічнай прасторы (напрыклад, пра Кавалёву ўдалося высветліць толькі тое, што поўная яе цёзка мела ІП у Магілёве, здавала людзям жыллё на кароткі тэрмін — праўда, юрыдычная асоба была ліквідаваная яшчэ ў 2021-м). Ды і шанцаў на рэгістрацыю ў іх не было: Кулеш, як раней Драздоў, падаў у ЦВК не спіс сябраў ініцыятыўнай групы, а толькі сваю заяву. У Кавалёвай частку прозвішчаў у спісе прызналі недакладнымі. Зрэшты, такія выпадковыя кандыдаты, у якіх не было ніякіх шанцаў на збор 100 тысяч подпісаў для сваёй рэгістрацыі, былі на кожных выбарах.
Астатняй сямёрцы з 7 лістапада дазволілі збіраць подпісы. Аднак гэты працэс ператварыўся ў фікцыю: усе прэтэндэнты рэгулярна заяўлялі пра поўную падтрымку Лукашэнкі і яго ключавых дзеянняў, ніхто з іх не крытыкаваў гэтага палітыка і не казаў пра сваё імкненне перамагчы. Акрамя таго, нават у арганізацыях, якія яны прадстаўлялі, таксама заяўлялі, што падтрымліваюць менавіта Лукашэнка, вераць у ягоную перамогу і не збіраюцца марнаваць сілы на збор подпісаў для «сваіх».

Сапраўды, навошта прыхільнікам Лукашэнкі падпісвацца за кандыдатаў, якія відавочна слабейшыя за іх куміра? На падтрымку праціўнікаў уладаў «альтэрнатыўным» прэтэндэнтам таксама, відавочна, разлічваць не даводзілася. У выніку, падобна, ніхто з патэнцыйных кандыдатаў толкам і не збіраў подпісы — для іх, як і для Лукашэнкі, быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс з прымусам выбаршчыкаў, залежных ад дзяржавы.
Замест звыклага статусу кандыдатаў-спойлераў (у мінулым такімі былі Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч і іншыя) вылучэнцы, паводле вобразнага параўнання аналітыка Арцёма Шрайбмана, пачалі граць ролю масоўкі. Паводле яго, раней такая практыка ўжо была, але на ўзровень ніжэй: на парламенцкіх і мясцовых выбарах такую масоўку, з ходу не звязаную з уладамі, уключалі як у выбарчыя камісіі, так і ў спісы кандыдатаў.
«У выніку кагосьці з іх могуць і вызваліць ад гэтай павіннасці, калі палічаць, што ў бюлетэнях ужо дастаткова надзейных людзей. Па-добраму, і яны, і вылучэнцы ад праўладных грамадскіх аб’яднанняў накшталт Саюза жанчын і Саюза афіцэраў знаходзяцца там у якасці рэзерву, для падстрахоўкі, на выпадак, калі хтосьці раптам захварэе або вырашыць, як Алег Гайдукевіч у 2020 годзе, „не быць прастытуткай“. Калі такі рэзерв не спатрэбіцца, то мы ўбачым дэманстратыўнае зняцце кагосьці з гэтых кандыдатаў у падтрымку Лукашэнкі. Гэта можа адбыцца як да, так і пасля рэгістрацыі», — адзначыў Шрайбман.
І трапіў у яблычак. Першым з гонкі зняўся Бобрыкаў з Саюза афіцэраў — з аргументацыяй «каб не перашкаджаць Лукашэнку». А потым — з падобнай логікай — Чамаданава, якая прадстаўляе ў тым ліку Саюз жанчын (яна ўзначальвае яго сталічнае аддзяленне).

Яшчэ пяцёра засталіся ў гонцы і, паводле сцверджанняў ЦВК, змаглі падаць неабходныя 100 тысяч подпісаў. Паводле афіцыйных звестак, Лукашэнка за месяц сабраў 2 518 145 подпісаў, астатнія ад 112 тысяч (Хіжняк) да 134 тысяч (Гайдукевіч). 23 снежня іх усіх зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзідэнты.
«Канкурэнты» ад сталініста да лібералкі
Перадвыбарная агітацыя афіцыйна пачалася 1 студзеня 2025 года. Аднак у новых умовах яна страчвала які-кольвек сэнс. Перад кандыдатамі стаяла задача нейкім чынам заявіць пра сябе, але пры гэтым не зрабіць ніякіх рэзкіх рухаў, не адысці ад генеральнай лініі, не дазволіць уладам ні на хвіліну ўсумніцца ў сваёй лаяльнасці Лукашэнку. Таму перадвыбарчая кампанія ў асноўным праходзіла ў віртуальнай прасторы — без мітынгаў і сустрэч з электаратам. Хоць апошнія неабходныя падчас рэальнай барацьбы за сімпатыі выбаршчыка, якую, напрыклад, вяла тая ж Святлана Ціханоўская ў 2020-м.

Апафеозам выбараў у новым фармаце сталі дэбаты, на якія прыйшлі ўсе кандыдаты, акрамя Лукашэнкі. Ніхто з удзельнікаў не дазволіў сабе крытыкаваць гэтага палітыка, а камуніст Сяргей Сыранкоў адкрыта сфармуляваў думкі, што луналі ў паветры. «Усе, хто знаходзіцца ў гэтай студыі, ведаюць, што пераможа Аляксандр Лукашэнка. Галоўная ж інтрыга — хто прыйдзе другім, ад гэтага залежыць будучыня нашай краіны», — сказаў ён, дадаўшы, што яго партыя гатовая займацца «паглыбленнем сацыялістычных пераўтварэнняў» разам з цяперашняй уладай. Зрэшты, Сыранкоў у цэлым ішоў на выбары з лозунгам «Не вместо Лукашенко, а вместе с президентом» і паставіў за яго подпіс у першы ж дзень збору.
Пэўныя адрозненні паміж кандыдатамі ўсё ж былі, але гэта таксама было часткай перадвыбарчай стратэгіі ўладаў. Самым радыкальным і вядомым аказаўся акурат Сыранкоў.
У сваёй праграме ён прапанаваў:
- узмацніць прагрэсіўную шкалу падаткаабкладання і ўвесці падаткі на багацце і раскошу,
- перавесці наёмных работнікаў на бестэрміновыя працоўныя дамовы,
- уключыць у стаж перыяд навучання ў ССНУ і ВНУ,
- знізіць пенсійны ўзрост да 55 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын,
- вярнуць ільготы чарнобыльцам і «афганцам»,
- узмацніць кантроль над цэнамі і стварыць адзіную дзяржаўную сацыяльна арыентаваную сетку рытэйлу з мінімальнымі нацэнкамі,
- нацыяналізаваць банкі,
- забараніць прыватызацыю,
- адмовіцца ад платнай медыцыны і адукацыі,
- ачысціць краіну ад «пярэваратняў, якія займаюць адказныя пасады і хісталі сістэму ў 2020 годзе»,
- увесці цэнзуру,
- перагледзець заканадаўства пра разводы і абмежаваць аборты,
- аднавіць імя Іосіфа Сталіна, вярнуць яго помнікі і статус «бацькі беларускай дзяржаўнасці».

Раней кіраўнік Кампартыі таксама выступіў за больш жорсткую працу спецслужбаў у дачыненні да «экстрэмістаў» і заклікаў выключыць у Беларусі ўсю іх уласнасць на карысць шматдзетных сем’яў, якія маюць ў ёй патрэбу.
Гэта была сумесь папулізму, кансерватызму і камуністычнага рэваншу. Мяркуючы з усяго, Сыранкоў выконваў ролю «злоснага паліцэйскага» і спатрэбіўся, каб лішні раз напалохаць частку грамадства. На ягоным фоне Лукашэнка, які яшчэ не дадумаўся рэгуляваць адносіны ў сям'і і цалкам адмяняць рынак, успрымаўся «добрым паліцэйскім».
Ганна Канапацкая грала ролю лібералкі. Кандыдатка выступала за пераўтварэнне Беларусі ў парламенцкую рэспубліку і абмежаванне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў двума чатырохгадовымі тэрмінамі. Хацела дапамагчы ў вяртанні эмігрантаў, а таксама павысіць прэстыж праваахоўных структур.

Канапацкая прапаноўвала знізіць для жанчын заканадаўча дазволены ўзрост уступлення ў шлюб да 17 гадоў са згоды бацькоў, легалізаваць сурагатнае мацярынства і стварыць назапашвальную пенсійную сістэму з перадачай сродкаў спадчыннікам, развіваць прыватную ўласнасць, прыватызаваць неэфектыўныя прадпрыемствы, падтрымліваць малы бізнес, вярнуць Беларусі статус IT-хаба. Таксама кандыдатка выступала за амністыю капіталу і захады для скасавання санкцый, нармалізацыю адносін з Еўрасаюзам.
Аднак калі праграма Сыранкова выглядала цэльнай, то вось Канапацкай — не, бо рэалізацыя мераў, якія яна прапаноўвала, былі немагчымыя без злому наяўнай у Беларусі палітычнай сістэмы.
Ва ўмоўным цэнтры знаходзіліся яшчэ двое невыразных кандыдатаў. Алег Гайдукевіч прапаноўваў развіваць саюзніцкія адносіны з Расіяй, што нібыта «ўмацоўвае суверэнітэт». А яшчэ праводзіць выбары дэпутатаў усіх узроўняў па прапарцыйна-мажарытарнай сістэме (па партыйных спісах і па аднамандатных акругах — 50 на 50) і дазволіць вылучаць кандыдатаў у прэзідэнты парламенцкім партыям і Усебеларускаму народнаму сходу (так ён хацеў пашырыць уплыў сваёй ЛДП). Праграма ж Аляксандра Хіжняка наогул нічым не адрознівалася ад таго, што прапануюць улады.

Зрэшты, дзеянні гэтых кандыдатаў былі практычна нябачныя шырокай аўдыторыі. А вось Лукашэнка максімальна выкарыстаў адміністрацыйны рэсурс: яго падначаленыя праводзілі «Марафон адзінства» з канцэртамі і шоу па ўсёй Беларусі, флэшмоб «Надо!», раскручвалі лозунг «Время выбрало нас!».
У адрозненне ад сваіх «супернікаў», Лукашэнка пазіцыянаваўся мудрым дасведчаным лідарам, які вось ужо 31 год захоўвае мір і дабрабыт, пакуль за мяжой пануюць нестабільнасць і хаос. «Свет — на парозе трэцяй сусветнай вайны. Адзіны шанец не быць уцягнутым у яе — моцная эканоміка і нацыянальнае адзінства. Рэцэпт відавочны і зразумелы. І беларусам прытрымлівацца яму ўдаецца», — адзначалася ў адной з перадвыбарных метадычак ідэолагаў. Насельніцтва спрабавалі пераканаць, што менавіта дзякуючы пісьменным дзеянням уладаў і іх лідара нашая краіна «не ўцягнутая ў вайну» (ігнаруючы той факт, што яна ўжо агрэсар). У Смаргоні наогул агітавалі ісці на выбары, палохаючы людзей фатаграфіяй разбуранага ўкраінскага Марыупаля: маўляў, вось што было б з Беларуссю без Лукашэнкі.
Маніпуляцыі простыя, але, відаць, эфектыўныя. Паводле апошняга, студзеньскага, апытання Chatham House, 68% беларусаў у той ці іншай ступені ўпэўненыя, што Лукашэнка «робіць усё, каб Беларусь не ўцягнулі ў вайну».
97% «дасведчаных кадраў» і другое месца Сыранкова
Улады загадзя падрыхтаваліся да галасавання. Паводле інфармацыі аб’яднання былых беларускіх сілавікоў BELPOL, спісы сябраў выбарчых камісій — больш за дзесяць тысяч — былі ўзгодненыя ў верасні 2024 года, яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння даты выбараў. Прызначэнне адбывалася пасля праверкі на лаяльнасць у структурах КДБ і МУС. У пачатку кастрычніка былі зацверджаныя вырашальныя «тройкі», куды ўваходзілі старшыня камісіі, яго намеснік і сакратар. 63% складу гэтых «троек» удзельнічалі ў кампаніях 2020, 2022, 2024 гадоў, 23% — у дзвюх з іх, 11% — у адной. То-бок 97% людзей у «тройках» былі ўсе тыя ж асобы, што і раней. Ні адзін незалежны кандыдат у склад камісій не трапіў.

Не было ў краіне і незалежных назіральнікаў. Прычым не толькі ўнутраных (іх з 2020-га не пускаюць на ўчасткі, а ў апошнія гады нярэдка арыштоўваюць), але і міжнародных. Місію АБСЕ паклікалі ў апошні момант, 17 студзеня, перад самым стартам галасавання, таму ў арганізацыі лагічна вырашылі не прымаць запрашэння, бо ў выпадку згоды іх назіральнікі ўжо не маглі б прааналізаваць увесь выбарчы працэс.
Таксама ўлады не абышліся без звыклага ціску на нелаяльных грамадзян — па ўсіх, хто «засвяціўся» раней, у месяцы перад выбарамі хадзіла міліцыя. Асуджаныя на «хатнюю хімію», экс-палітвязні і тыя, каго затрымлівалі пасля пратэстаў у 2020 годзе, сутыкнуліся з «прафілактычнымі гутаркамі», многіх змушалі падпісваць папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння закона. Былі людзі, якія пасля гэтага больш за месяц сядзелі «на сутках», іншыя трапілі пад крымінальны пераслед.
Датэрміновае галасаванне праходзіла з 21 да 25 студзеня — яўка на ім, паводле версіі ЦВК, склала рэкордныя 41,81% (на 0,1% больш, чым на парламенцкіх выбарах 2024-га). Такім чынам, апраўдаўся прагноз аналітыка Аляксандра Класкоўскага. «Яны хочуць выслужыцца. <…> Хоць трохі, але трэба перавысіць паказчыкі папярэдняй электаральнай кампаніі. Гэта падганяе іх фарсіраваць датэрміновае галасаванне», — сказаў ён «Люстэрку» напярэдадні.

У папярэднія гады на датэрміновае галасаванне заганялі работнікаў дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў, студэнтаў, вайскоўцаў — так рабілі і сёлета. Таксама на гэтым этапе выбараў заўсёды фіксавалася шмат парушэнняў, махінацый з галасамі і яўкай. Наўрад ці ў 2025-м, калі камісіям на ўчастках зусім не было каго саромецца (незалежных назіральнікаў жа няма), працэс выглядаў неяк інакш. Тым больш што незалежныя СМІ, выціснутыя з краіны пасля 2020-га, таксама не маглі расказаць пра працэс.
26 студзеня 2025 года было асноўным днём галасавання. Як і ў ранейшыя гады, у кабінках не было шторак. Гэта зрабілі, каб перашкодзіць выбаршчыкам фатаграфаваць свае бюлетэні: у 2020-м незалежная платформа «Голас», у тым ліку дзякуючы такім здымкам, якія можна было адправіць праз чат-бот, не толькі даказала факт фальсіфікацыі выбараў, але і ўзнавіла іх рэальныя вынікі. Сёлета ў ЦВК папярэдзілі, што за фатаграфаванне запоўненага бюлетэня, а таксама яго вынас за межы памяшкання для галасавання прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. За гэта ў Мінску завялі як мінімум дзесяць «адміністратывак» (на практыцы агульная колькасць можа быць значна большай).
У цэлым жа дзень выбараў прайшоў для ўлады без напружання — пры такім узроўні гвалту і рэпрэсій было б дзіўна, калі б сітуацыя была адваротнай.
Да вечара былі агучаныя звесткі экзітпола, які праводзіўся беларускімі ўладамі: за Лукашэнку нібыта прагаласавала 87,6%. Гэта было нават больш, чым у ягонага найбліжэйшага саюзніка Уладзіміра Пуціна — год таму той нібыта атрымаў 87,28%. Выніковыя афіцыйныя лічбы за Лукашэнку аказаліся крыху ніжэйшыя — 5 136 293 галасы, або 86,82% (гэта ўсё яшчэ больш, чым на ўсіх папярэдніх выбарах).
«Рэкорд па працэнце быў досыць прадказальны. Я думаю, галоўная прычына тут у тым, што ім вельмі важна паказаць, што арганізм залячыўся. Што 2020 год быў адхіленнем ад нормы, а пасля яго частка беларускага грамадства, якая ўладзе здрадзіла, заблукала, вярнулася назад. Вярнулася, усвядоміла, і ўлада такім чынам вылечылася ад праблем, якія ў яе былі ў 2020-м. Гэта самы паслядоўны наратыў улады ў апошнія гады — што людзі ўсё зразумелі, сталі відушчымі», — каментаваў гэтыя паказчыкі Арцём Шрайбман.

Сыранкову намалявалі 3,21% (яго мара пра другое месца, агучаная на дэбатах, была рэалізаваная), Гайдукевічу — 2,02%, Канапацкай — 1,86%, Хіжняку — 1,74%. Супраць усіх нібыта прагаласавала 3,60% — больш, чым за любога з «альтэрнатыўных» кандыдатаў. Зразумела, у Еўропе гэтых выбараў не прызналі, назваўшы іх фіктыўнымі і пазбаўленымі легітымнасці.
Гэтым тэкстам мы завяршаем наш праект «Без выбару». Аптыміст выкажа надзею, што ў будучыні гэтая серыя не будзе мець працягу, а наступныя выбары пройдуць паводле дэмакратычных канонаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй. Песіміст успомніць словы кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, які лічыць, што ў Беларусі ўжо час абмяркоўваць пытанне абрання Лукашэнкі не грамадзянамі, а проста праз УНС. А рэаліст адзначыць, што калі сітуацыя ў краіне ў найбліжэйшыя гады не зменіцца, то апісаная ў гэтым тэксце мадэль выбараў стане тыповай для ўсіх наступных кампаній. Увойдзе ў норму недапушчэнне беларускіх і міжнародных незалежных назіральнікаў, выкарыстанне замест альтэрнатыўных кандыдатаў «масоўкі» з лаяльных Лукашэнку палітыкаў і няўхільны рост прыпісаных яму працэнтаў у кірунку 100. Які з гэтых пунктаў гледжання акажацца слушным, даведаемся ў будучыні.
Чытайце таксама


