Намібія вырашыла ўвесці візавы рэжым з шэрагам еўрапейскіх краін з 1 красавіка 2025 года. Рашэнне, прынятае ўрадам гэтай краіны ў паўднёва-заходняй Афрыцы, закране і грамадзян Беларусі, піша Telegraf.news.

Дагэтуль беларусам для ўезду ў Намібію віза была не патрэбная. Візавы рэжым з ёю нашая краіна адмяніла ў аднабаковым парадку, то-бок грамадзянам Намібіі пры ўездзе ў Беларусь віза патрабавалася. З 1 красавіка 2025 года ўрад афрыканскай дзяржавы вырашыў ліквідаваць гэтую неадпаведнасць.
Паводле звестак мясцовага турыстычнага партала Namibian.org, з гэтага тэрміну віза спатрэбіцца грамадзянам усіх краін, якія, на думку ўрада Намібіі, «не адказваюць узаемнасцю на жэст Намібіі па бязвізавым рэжыме» і не даюць грамадзянам гэтай краіны бязвізавага ўезду. Усяго ў спісе аказалася 31 краіна, у тым ліку Беларусь.
Як паведамілі ва УУС Брэсцкага аблвыканкама, атрымаць візу беларусы могуць у адным з дыпламатычных прадстаўніцтваў альбо консульскіх установаў Рэспублікі Намібія. Калі гаворка ідзе пра паездкі з турыстычнымі мэтамі, візу можна будзе аплаціць па прыбыцці ў краіну:
- у міжнародных аэрапортах Уолфіш-Бэй і імені Хасэа Кутака;
- у памежных пунктах Ашыканга, Транс-Калахары, Араньемунд, Нардовер, Каціма Муліа, астравы Імпаліла, Нгома і Махемба.
Што да кошту ўязной візы, то, паводле інфармацыі турыстычнага партала Намібіі, цяпер для грамадзян краін, якія не ўваходзяць у Афрыканскі саюз, яна складае 1600 намібійскіх даляраў (цяпер гэта эквівалент 80 еўра). Гэта крыху менш за суму, у якую абыходзіцца еўрапейскі шэнген грамадзянам Намібіі — 90 еўра.
Нават у бязвізавым рэжыме трапіць у Намібію з Беларусі няпроста: неабходна спачатку прыляцець у Катар, куды, у сваю чаргу, можна трапіць праз Арменію ці Азербайджан.
Адзначым, у снежні мінулага года Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Нетумба Нандзі-Ндаітву з абраннем на пасаду прэзідэнта Намібіі і «пацвердзіў зацікаўленасць у трансфармацыі значнага патэнцыялу двухбаковага партнёрства». Ён таксама выказаў жаданне сустрэцца з афрыканскім палітыкам «для абмеркавання шляхоў актывізацыі беларуска-намібійскага супрацоўніцтва».
Чытайце таксама


