У Беларусі банкрутуе кампанія таксі — да яе ўзніклі пытанні наконт падаткаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Банкрутуе кампанія таксі «Смелыя людзі», зарэгістраваная ў Мінскім раёне. Ужо ў першыя месяцы працы ў яе сабралася вялікая пазычанасць па падатках. Гэта вынікае з дакумента, апублікаванага у адзіным Дзяржрэестры звестак пра банкруцтва.

Фото: pixabay.com
Ілюстрацыйны здымак. Фота: pixabay.com

Кампанія «Смелыя людзі», што кіравала таксі, была зарэгістраваная ў студзені 2023 года ў аграгарадку Хацежына ў Мінскім раёне. У тым самым годзе падаткавікі правялі камеральную праверку (то-бок дыстанцыйна — на аснове тых дадзеных, што ў іх былі) за сакавік. Яны выявілі, што фірма недаплаціла падаходнага падатку (мяркуючы з усяго, за працаўладкаваных там работнікаў) на суму 805 293 рублі. Яшчэ 35 468 рублёў — гэта пеня, якая сабралася да верасня таго ж года.

Пазней падаткавікі праверылі яе ж фінансы за красавік — чэрвень 2023 года. Высветлілася, што кампанія зноў недаплаціла ў бюджэт — гэтым разам 686 235,96 рубля.

У выніку падатковая служба пайшла ў суд з заявай пра прызнанне перавозчыка банкрутам. Паводле звестак на 13 снежня мінулага года, «Смелыя людзі» былі вінныя казне больш за 1,64 млн рублёў.

13 студзеня гэтага года Эканамічны суд Мінскай вобласці распачаў справу пра банкруцтва і адкрыў конкурсную вытворчасць. Гэта працэдура эканамічнай неплацежаздольнасці. Яе праводзяць для таго, каб задаволіць патрабаванні крэдытораў, абараніць правы даўжніка, а таксама інвестараў падчас санацыі (аздараўлення). Калі немагчыма правесці санацыю ці адсутнічаюць для яе падставы, то запускаецца ліквідацыйная вытворчасць даўжніка.

Валодае фірмай і кіруе ёю расіянка Наталля Старадубцава. Ні яна, ні іншыя прадстаўнікі кампаніі не прыйшлі ў суд.

Чытайце таксама