Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што расіяне цяпер спрабуюць максімальна ціснуць на ўкраінскія войскі. Пра гэта ён сказаў падчас размовы з журналістамі 12 сакавіка ў Кіеве, перадае «Суспільне».

— Нашыя войскі на тэрыторыі Курскай вобласці выконваюць свае задачы, расіяне спрабуюць максімальна ціснуць на нашыя войскі, вайсковае камандаванне робіць тое, што павіннае рабіць, — захоўвае максімум жыццяў нашых ваяроў, — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што расійскі бок найбліжэйшымі днямі будзе выпрабоўваць Украіну на трываласць.
— Я думаю, пытанне нават не ў тым, што яны падымаюць градус на Курскім напрамку. Застрашванні будуць розныя, і ядзернага характару таксама. Трэба зразумець, што гэта таксама зразумелая метадычка дзеянняў РФ перад любым фарматам дыпламатыі. Трэба цвяроза глядзець і рэагаваць на рэальныя пагрозы, а не толькі інфармацыйныя, — падкрэсліў Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт не стаў адказваць на пытанне журналіста пра тое, як паўплывала на сітуацыю на фронце і здольнасць Украіны абараняцца прыпыненне абмену разведдадзенымі з ЗША, патлумачыўшы, што пакуль, са зразумелых прычын, не можа пра гэта расказаць, але калі-небудзь адкажа на гэтае пытанне.
— Вельмі добра, што адноўленая дапамога і абмен разведдадзенымі. Я за гэта ўдзячны, — сказаў Зяленскі.
Нагадаем, ваенныя аналітыкі кажуць, што УСУ выводзяць свае падраздзяленні з тэрыторыі Курскай вобласці.
Пры гэтым прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што расіяне спрабуюць ачапіць Сілы абароны Украіны, якія знаходзяцца ў Курскай вобласці.