Офіс прэзідэнта Украіны апублікаваў сумесную заяву па выніках сустрэчы амерыканскай і ўкраінскай дэлегацый у Саудаўскай Аравіі. У ёй гаворыцца пра гатоўнасць неадкладна ўвесці 30-дзённы рэжым спынення агню. ЗША аднаўляюць абмен разведданымі і пастаўкі ваеннай дапамогі Украіне.

«Украіна выказала гатоўнасць прыняць прапанову ЗША па неадкладным увядзенні часовага 30-дзённага рэжыму спынення агню, які можа быць падоўжаны з узаемнай згоды бакоў, пры прыняцці і адначасовым выкананні Расійскай Федэрацыяй. Злучаныя Штаты паведамяць Расіі, што ўзаемнасць з боку Расіі — ключ да дасягнення міру», — гаворыцца ў заяве.
У ёй адзначаецца, што Злучаныя Штаты неадкладна адмяняюць паўзу ў абмене разведданымі і пастаўках ваеннай дапамогі Украіне.
«Дэлегацыі таксама абмеркавалі важнасць гуманітарных намаганняў як часткі мірнага працэсу, у прыватнасці, падчас вышэйзгаданага рэжыму спынення агню, уключаючы абмен ваеннапалоннымі, вызваленнем цывільных асоб і вяртаннем прымусова перамешчаных украінскіх дзяцей».
Пра што яшчэ дамовіліся ЗША і Украіна:
- вызначыць склады сваіх груп для неадкладных перамоваў па дасягненні ўстойлівага міру, які забяспечвае доўгатэрміновую бяспеку Украіны;
- як мага хутчэй заключыць пагадненне пра распрацоўку мінеральных рэсурсаў Украіны, каб умацаваць яе эканоміку і гарантаваць доўгатэрміновыя росквіт і бяспеку.
«Злучаныя Штаты абавязаліся абмеркаваць гэтыя канкрэтныя прапановы з прадстаўнікамі Расіі. Украінская дэлегацыя чарговым разам падкрэсліла, што еўрапейскія партнёры павінныя быць уцягнутыя ў мірны працэс», — гаворыцца ў сумеснай заяве.
Нагадаем, 11 сакавіка Украіна і ЗША правялі ў горадзе Джыда ў Саудаўскай Аравіі першыя перамовы, якія датычаць завяршэння вайны ва Украіне. Сустрэча з перапынкамі доўжылася больш за восем гадзін.
З украінскага боку ў ёй бралі ўдзел кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак, міністр замежных справаў Андрэй Сібіга, міністр абароны Рустэм Умераў. Таксама прысутнічаў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Павел Паліса — дасведчаны ўкраінскі вайсковец, экс-камандзір 93-й асобнай механізаванай брыгады Халодны Яр.
У камандзе ЗША былі дзяржсакратар Марка Рубіа і дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолтц.
Чытайце таксама