Украіна імкнецца атрымаць афіцыйную інфармацыю пра будучую падтрымку з боку ЗША. Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым відэазвароце 4 сакавіка.

— Сёння ў многіх адно пытанне: «Што будзе з дапамогай ад Амерыкі?» Я даручыў міністру абароны Украіны, кіраўнікам нашых разведак, дыпламатам звязацца з калегамі ў ЗША і атрымаць афіцыйную інфармацыю. Людзі не павінныя гадаць. Украіна і Амерыка заслугоўваюць паважлівага дыялогу, выразнай пазіцыі адно аднаго. Тым больш калі гаворка ідзе пра захаванне жыццяў падчас поўнамаштабнай вайны, — сказаў Зяленскі.
Украінскі лідар адзначыў, што яго краіна неаднаразова сутыкалася з часовым прыпыненнем дапамогі, у прыватнасці гуманітарнай, энергетычнай і ваеннай.
— Мы бачылі рызыкі. Таму нашыя службы — і вайсковыя, і спецыяльныя службы — паспелі напрацаваць алгарытмы дзеянняў пры любым развіцці сітуацыі. Цяпер не 22-і год. Цяпер нашая ўстойлівасць вышэйшая. Мы маем сродкі абароны. Але для нас важныя нармальныя, партнёрскія адносіны з Амерыкай для рэальнага заканчэння вайны. Ніхто з нас не хоча бясконцай вайны, — заявіў прэзідэнт Украіны.
Ён нагадаў, што ў пачатку года ваенную падтрымку ўжо прыпынялі, але тады яе ўдалося «хутка аднавіць».
— Украіна заўсёды будзе ўдзячная Амерыцы за ўсю тую падтрымку, якая давалася і даецца і якая працуе на захаванне на сёння ўжо даволі крохкіх асноваў бяспекі ў Еўропе. Гэта ж не проста пра нашую краіну. Гэта пра ўсіх у Еўропе. Мы імкнёмся да канструктыўнага супрацоўніцтва. Партнёрскіх адносінаў, — сказаў Зяленскі.
Ён падкрэсліў, што «можна толькі шкадаваць» пра тое, «што было ў Белым доме» замест украінска-амерыканскіх перамоваў, але заклікаў «знаходзіць сілы ісці далей, паважаць адно аднаго».
— Мы заўсёды паважаем Амерыку, Еўропу, усіх партнёраў і разам робім усё, каб наблізіць мір, — падсумаваў Зяленскі.
Таксама ён расказаў, што Масква не змяніла сваіх пазіцый што да Украіны:
— Яны будуць патрабаваць скараціць нашую армію, будуць хацець юрыдычнага адмаўлення ад нашых тэрыторый, а таксама — істотнай палітычнай дэфармацыі Украіны з аслабленнем украінскай Канстытуцыі. І скажу, што пакуль мы ўсе ва Украіне будзем стаяць разам і моцна, пакуль мы тут — ні ў кога гэтага не атрымаецца. Мір будзе годным, — падсумаваў Зяленскі.
Нагадаем, 4 сакавіка стала вядома пра прынятае ў Белым доме рашэнне прыпыніць ваенную дапамогу Украіне. Як паведамілі амерыканскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў Белым доме, Трамп, раззлаваны словамі Зяленскага пра тое, што, на ягоную думку, канец вайны яшчэ далёкі, палічыў неабходным паказаць, што ён сур’ёзна настроены прымусіць Украіну сесці за стол перамоваў.
«Прэзідэнт ясна даў зразумець, што ён засяроджаны на міры. Нам трэба, каб нашыя партнёры таксама былі прыхільныя гэтай мэце. Мы прыпыняем і пераглядаем нашую дапамогу, каб пераканацца, што яна спрыяе вырашэнню», — заявіў CNN прадстаўнік Белага дома.
Акрамя таго, некалькі чыноўнікаў паведамілі, што ў адміністрацыі дабіваюцца ад Зяленскага прызнання віны ў скандале ў Авальным кабінеце. Магчыма, у форме публічных прабачэнняў.
Чытайце таксама