МУС Расіі прапануе пашырыць «праграму перасялення суайчыннікаў», уключыўшы ў яе ўраджэнцаў былых саюзных рэспублік, у тым ліку Беларусь. Згодна з праектам указа, перасяленне стане прасцейшым для тых, хто валодае рускай мовай і «выхаваны ў традыцыях расійскай культуры», піша ТАСС.

Да ліку патэнцыйных рэпатрыянтаў аднесеныя грамадзяне, якія нарадзіліся ці жылі на тэрыторыі былых Беларускай, Казахскай, Малдаўскай і Украінскай ССР і якія мелі ў мінулым грамадзянства СССР. Таксама ў спіс уключаныя асобы без грамадзянства, дакументаваныя пашпартам неграмадзяніна ў Латвіі і Эстоніі.
Для ўдзельнікаў дзяржпраграмы спрашчаюцца патрабаванні да пацверджання валодання рускай мовай. Цяпер яго можна пацвердзіць дыпломамі расійскіх ВНУ за мяжой. Пры гэтым для былых грамадзян Расіі, Беларусі, Казахстана, Малдовы і Украіны экзамен па рускай мове будзе адменены.
Таксама МУС РФ прапанавала выкарыстоўваць аўтаматызаваную сістэму «Соотечественники» для разгляду заяваў, а рэгіёны змогуць гарантаваць перасяленцам фінансавую і сацыяльную падтрымку. Падаць дакументы можна будзе і праз партал дзяржпаслуг.
Такім чынам, Расія робіць новы крок да перасялення беларусаў, прапаноўваючы ім спрошчаны механізм перасялення і адаптацыі.