Спрабавалі тушыць падпалены алей вадой. Стала вядомая прычына пажару на гарналыжным курорце ў Турцыі, дзе загінулі 78 чалавек
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Прычынай страшнага пажару на гарналыжным курорце Карталкая ў Турцыі, які забраў жыцці 78 чалавек, стала халатнасць кухараў: калі на кухні загарэўся алей, яны паспрабавалі тушыць яго вадой, а потым запанікавалі і збеглі. Некалькі супрацоўнікаў арыштаваныя, паведамляе Sabah.

Отель Grand Kartal после пожара 21 января 2025 года. Фото: Reuters
Гатэль Grand Kartal пасля пажару 21 студзеня 2025 года. Фота: Reuters

Паводле інфармацыі выдання, пажар пачаўся на кухні на чацвёртым паверсе гатэля ранняй раніцай 21 студзеня, калі там гатавалі пастаяльцам сняданак.

У нейкі момант на грылі загарэўся алей, але замест таго каб выкарыстоўваць вогнетушыцель, персанал паспрабаваў выліць на краты ваду. Гэта прывяло толькі да таго, што агонь успыхнуў яшчэ мацней. Праз непрачышчаную выцяжку полымя трапіла ў комін, адтуль перакінулася на дах і хутка распаўсюдзілася па ўсім гатэлі.

Кухары ў паніцы выбеглі на двор, аднак пастаяльцы гатэля не падазравалі пра тое, што адбываецца, бо пажарная сігналізацыя ў гатэлі была выключаная.

Падазраванымі сталі кухар гатэля Фейсал Явер і яшчэ некалькі працаўнікоў кухні — усе яны арыштаваныя.

Нагадаем, трагедыя адбылася 21 студзеня: пажар ахапіў 12-павярховы гатэль Grand Kartal на гарналыжным курорце Карталкая ў правінцыі Балу на паўночным захадзе Турцыі. Курорт Карталкая, размешчаны ў гарах Кераўлу прыкладна за 300 км ад Стамбула, карыстаўся папулярнасцю сярод турыстаў, асабліва ў святочныя перыяды. У момант трагедыі ў гатэлі знаходзілася 238 гасцей. 78 з іх загінулі.