Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін лічыць, што асноўныя мэты ў вайне ва Украіне дасягнутыя. Сёння яго больш турбуе пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне. Пра гэта піша агенцтва Reuters, спасылаючыся на ўласныя інфармаваныя крыніцы.

Паводле крыніц, знаёмых з пазіцыяй Крамля, Пуцін лічыць, што асноўныя мэты вайны ўжо дасягнутыя. Украінская армія аслабленая. Расія кантралюе амаль пятую частку Украіны, уключаючы тэрыторыі, якія злучаюць мацерыковую частку з Крымам.
Разам з тым расійскі прэзідэнт усведамляе, які ціск вайна аказвае на эканоміку, і занепакоены ўзніклымі «перакосамі», між іншым, недахопам працоўнай сілы, інфляцыяй і высокімі працэнтнымі стаўкамі.
За студзень — лістапад 2024 года расійскі ВУП, паводле ацэнак Мінэканамразвіцця, вырас на 4%, аднак у 2025 годзе эканоміцы пагражае рэзкае запаволенне: на фоне інфляцыі, санкцый, рэкордных з часоў СССР ваенных выдаткаў і дэфіцыту працоўнай сілы рост можа скласці толькі да 1,3%, згодна з прагнозамі Міжнароднага валютнага фонду.
Інфляцыя наблізілася да двухзначных лічбаў, піша Reuters.
Паводле крыніц, гэта спрыяла фармаванню меркавання сярод часткі расійскай эліты пра пажаданасць урэгулявання вайны шляхам перамоваў.
Сам Пуцін таксама неаднаразова прызнаваў наяўнасць праблем.
«Тут ёсць пэўныя праблемы, а менавіта — інфляцыя, пэўны перагрэў эканомікі. Ураду і Цэнтрабанку ўжо пастаўленая задача збіць тэмпы», — заявіў Пуцін на штогадовай прэс-канферэнцыі 19 снежня 2024-га.
Занепакоенасць Пуціна эканомікай была заўважная і на ягонай сустрэчы з кіраўнікамі бізнесу 16 снежня, піша Reuters. Як расказала крыніца агенцтва, Пуцін быў відавочна незадаволены скарачэннем прыватных інвестыцый праз кошт крэдытаў.
Нагадаем, напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгрызіў узмацненнем санкцый, калі Пуцін не «заключыць угоду» па Украіне.