Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі вельмі ўважліва адсочваюць заявы новага лідара ЗША. Ён падкрэсліў, што расійскія ўлады гатовыя да дыялогу, але «раўнапраўнага».

— Мы вельмі ўважліва назіраем, вядома, за ўсёй рыторыкай, усімі заявамі. Фіксуем старанна ўсе нюансы. Застанёмся гатовыя да дыялогу, пра гэта прэзідэнт Пуцін неаднаразова казаў, да раўнапраўнага дыялогу, узаемапаважлівага дыялогу. Гэты дыялог меў месца паміж двума прэзідэнтамі. Зноў жа за часамі першага прэзідэнцтва Трампа. І чакаем сігналаў, якіх пакуль не паступала, — сказаў Дзмітрый Пяскоў.
Прэс-сакратар Пуціна таксама заявіў, што Дональду Трампу і падчас яго першага тэрміну падабаліся санкцыйныя метады.
— Вы ведаеце, што Трамп у першую сваю ітэрацыю прэзідэнцтва быў прэзідэнтам Амерыкі, які найбольш часта звяртаўся да санкцыйных метадаў. Яму падабаюцца гэтыя метады. Прынамсі, яны яму падабаліся падчас яго першага прэзідэнцтва, — сказаў Пяскоў, каментуючы пагрозы Трампа ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да РФ, калі не будзе дасягнутая дамоўленасць па Украіне.
Напярэдадні Дональд Трамп публічна звярнуўся да Уладзіміра Пуціна, размясціўшы пост у сацсетцы Truth Social. Трамп напісаў, што ён не хоча нашкодзіць Расіі, любіць расійскі народ і заўсёды меў добрыя стасункі з Пуціным, аднак увядзе жорсткія санкцыі, калі расійскі прэзідэнт не спыніць вайну і не сядзе за стол перамоваў.
«Мы можам зрабіць гэта лёгкім шляхам або цяжкім шляхам — і лёгкі шлях заўсёды лепшы. Прыйшоў час „заключыць угоду“. Больш ні аднаго жыцця не мусіць быць страчана!!!» — адзначыў Трамп.