ЗША таемна дапамаглі Украіне распрацаваць праграму найноўшых беспілотнікаў за 1,5 млрд даляраў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


The Moscow Times

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна раскрыла сакрэтныя звесткі пра падтрымку Украіны ў галіне распрацоўкі і вытворчасці беспілотнікаў. Пра гэта, як піша The Moscow Times, паведаміла выданне The New York Times (NYT) са спасылкай на амерыканскіх афіцыйных асобаў.

Военнослужащие ВСУ. Фото: facebook.com/GeneralStaff.ua
Вайскоўцы УСУ. Фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

Паводле суразмоўцаў NYT, частка ваеннай дапамогі Украіне была таямніцай і не агалошвалася: у прыватнасці, да яе адносілася спрыянне ў распрацоўцы новага пакалення ўдарных дронаў. У верасні мінулага года ЗША скіравалі на гэтыя мэты 1,5 млрд даляраў. Акрамя таго, ЗША спансаравалі ўкраінскіх вытворцаў беспілотнікаў і фінансавалі закупку неабходных запчастак, а таксама адпраўлялі да саюзнікаў супрацоўнікаў сваіх разведслужбаў для дапамогі ў развіцці праграмы.

Амерыканскія інвестыцыі дапамаглі Украіне наладзіць шырокую вытворчасць БПЛА і ўмацаваць магчымасці краіны ў супрацьстаянні больш шматлікай і лепш абсталяванай арміі Расіі, адзначылі амерыканскія чыноўнікі.

«Мы бачылі, як беспілотнікі робяцца ўсё больш значнымі ў вайне ва Украіне і будуць займаць цэнтральнае месца ў будучых бітвах», — заявіў у чацвер дарадца Байдэна па нацбяспецы ЗША Джэйк Саліван. Ён дадаў, што падтрымка Злучаных Штатаў зрабіла «рэальны стратэгічны ўплыў» на ход вайны ва Украіне.

Падтрымку праграмы па вытворчасці сучасных беспілотнікаў ва Украіне згадаў і кіраўнік ЦРУ Уільям Бёрнс. З ягоных словаў, ЗША абменьваліся з Кіевам разведдадзенымі і падтрымлівалі «некаторыя сістэмы, якія аказаліся вельмі эфектыўнымі».

Саліван адзначыў, што актыўная распрацоўка новых беспілотнікаў стартавала пасля першага контрнаступлення ўкраінскіх войскаў восенню 2022 года. Высілкі інтэнсіфікаваліся падчас падрыхтоўкі да другога контрнаступлення Украіны ў 2023 годзе, якое аказалася не такім паспяховым, у тым ліку праз актыўнае выкарыстанне дронаў Расіяй. Контрнаступленне 2023 года стала «цяжкім урокам», расказалі суразмоўцы NYT, бо беспілотнікі РФ атакавалі танкі і бронемашыны, перададзеныя Украіне ЗША і Еўропай, калі тыя спрабавалі пераадолець мінныя палі.

Пасля няўдачы кампаніі 2023 года ЗША аператыўна павялічылі падтрымку ўкраінскай індустрыі БПЛА. Акрамя фінансавай дапамогі адміністрацыя Байдэна працавала над наладжваннем сувязяў паміж амерыканскімі тэхналагічнымі кампаніямі і ўкраінскімі вытворцамі дронаў, дадае NYT. Адзначаецца таксама, што мінулай восенню Пентагон вылучыў 800 млн даляраў на вытворчасць беспілотнікаў ва Украіне. Грошы пайшлі на закупку кампанентаў і фінансаванне прадпрыемстваў. Байдэн паведаміў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму пра дадатковую дапамогу на 1,5 млрд даляраў падчас яго візіту ў Вашынгтон у верасні.

Са словаў Салівана, дапамога Украіне ў распрацоўцы тэхналагічных беспілотнікаў дала «неацэнныя ўрокі», якія адміністрацыя Байдэна пачала інтэграваць ва ўласную абаронную прамысловасць ЗША.

Увесну намеснік міністра стратэгічных галін прамысловасці Украіны Ганна Гваздяр адзначала, што ўкраінскія вытворцы могуць выпускаць да 150 тысяч беспілотнікаў за месяц, а да канца 2024 года ў краіне збіраліся вырабіць 2 млн дронаў. Праз паўгода прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што ў 2023 годзе на ўзбраенне арміі Расіі паступіла 140 тысяч БПЛА, а ў 2024-м чакаецца павелічэнне паставак «практычна ў дзесяць разоў».

У кастрычніку кіраўнік эканамічнага падкамітэта Вярхоўнай рады Украіны Аляксандр Марыкоўскі расказаў, што экспарт беспілотнікаў можа прынесці краіне да 20 млрд даляраў у год. Да гэтага дасведчаныя крыніцы паведамілі Financial Times, што Украіна рыхтуецца зняць забарону на экспарт дронаў, каб павялічыць маштабы вытворчасці зброі ў краіне і палепшыць пазіцыі ўкраінскага войска на полі бою.