Па падазрэнні ў карупцыі затрыманы Анатоль Чэпікаў — дырэктар Палаца культуры МАЗ, прадзюсар, кампазітар і аўтар «гімна УНС». Пра затрыманне паведаміла крыніца «Люстэрка». У самім ПК сказалі, што мужчына «часова не працуе».

Паводле інфармацыі крыніцы «Люстэрка», дырэктара ПК МАЗ затрымалі каля месяца таму. Прэтэнзіі сілавікоў былі звязаныя з прафесійнай дзейнасцю кіраўніка канцэртнай пляцоўкі — ён стаў падазраваным па карупцыйным артыкуле.
На сайце пляцоўкі Анатоль Чэпікаў па-ранейшаму пазначаны як дырэктар. Журналістка «Люстэрка» звярнулася ў арганізацыю пад выглядам дзелавога партнёра. Калега мужчыны сказала, што цяпер ён часова не працуе.
— Узніклі абставіны, форс-мажор, — каротка патлумачыла яна. Супрацоўніца не змагла ўдакладніць, калі дырэктар вернецца да працы, і параіла звязацца з адным з яго намеснікаў.
Мабільны нумар мужчыны цяпер недаступны. Мяркуючы з вайбер-акаўнта, звязанага з нумарам, апошні раз ён быў анлайн 12 лютага 2025 года. У асабісты акаўнт VK ён не заходзіў пасля 11 лютага.
Анатоль Чэпікаў — прадзюсар гурта «PROвокация». Зараз гэта дуэт Арцёма Саладухі (не сваяк вядомага спевака) і Уладзіслава Жука. У 2017 годзе гурт удзельнічаў у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне», але не выйграў. У Instagram калектыў прэзентуе сябе так: «Васьміразовыя лаўрэаты „Песні года Беларусі“, найлепшы поп-гурт РБ паводле версіі RuTV». «PROвокация» актыўна ўдзельнічала ў прапагандысцкай акцыі «Марафон адзінства» перад прэзідэнцкімі выбарамі — 2025.
Раней Чэпікаў займаў пасаду гендырэктара радыёстанцыі «Пілот FM» (яе заснавальнік — БРСМ). У Instagram ён называе сябе «заснавальнікам» станцый «Пілот FM» і «Душевное Радио».
Дырэктар ПК МАЗ таксама піша музыку. Больш за 50 песень яго аўтарства ўваходзяць у «Пералік твораў і іншых аб’ектаў, маёмасныя правы ў дачыненні да якіх знаходзяцца ў калектыўным кіраванні НЦІУ». Выконваюць іх акрамя «PROвокации» Аляксей Хлястоў, Анатоль Дзянісаў, Аляксандр Саладуха, Жанет, Вікторыя Алешка і іншыя лаяльныя ўладам беларускія выканаўцы. Некаторыя кампазіцыі Чэпікава выкарыстоўвалі на праўладных мерапрыемствах — напрыклад, гімн акцыі БРСМ «Беларусь помнит» і гімн пятага Усебеларускага народнага сходу «Беларусь».