«Узровень агітацыі ніякі». Дзяржслужбоўца расказала пра атмасферу напярэдадні выбараў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

21 студзеня ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаванне, а да гэтага чыноўнікі, прапагандысты і праўладныя актывісты праводзілі агітацыю, у тым ліку ў працоўных калектывах — пераконвалі прыйсці на ўчасткі і зрабіць «правільны выбар». Жыхарка Гомельскай вобласці, якая працуе ў дзяржсектары, падзялілася з «Флагштокам» уражаннямі пра абстаноўку напярэдадні выбараў.

Агитация перед выборами. Фото: газета «Светлае жыццё»
Агітацыя перад выбарамі. Фота: газета «Светлае жыццё»

«У нашым выканкаме мерапрыемствы праводзіліся дробныя. Напрыклад, рабілі нейкі сход з падарункамі ў чырвона-зялёнай палітры для „актывістаў“. Але астатнія з іх пасмяяліся. Такіх сходаў, як, напрыклад, у 2020-м, калі зганялі ўсе структуры на „размовы з дэпутатамі“ і кіраўнікамі розных ведамстваў, не было. Усё пакуль без ціску. Хутчэй за ўсё, перад самымі „выбарамі“ ўсіх сілай пагоняць», — расказала Людміла (імя з меркаванняў бяспекі змененае).

У той жа час суразмоўніца адзначае, што ўлады могуць і гэтага не зрабіць, улічваючы «ўзровень пафігізму», які характарызуе цяперашнюю кампанію:

«Магчыма, абмяжуюцца толькі чуткамі, што звольняць усіх, хто не прагаласуе. Ужо звальнялі за апошні „рэферэндум“, таму думаю, што людзі самі строем пойдуць. Але ў цэлым узровень агітацыі ніякі. Яны нават і выгляду сапраўдных выбараў імітаваць не імкнуцца».

Пры гэтым фармальнасці выконваюцца: знаёмы суразмоўніцы, сябра ўчастковай камісіі, «кожны дзень там тырчыць»:

«Насамрэч спісы правяраюць, запрашэнні пішуць. Мне прыйшло таксама, і ўвесь пад’езд людзі імі закідалі. Яшчэ розныя плакаты, банеры і іншае развешвалі, але гэта нават у вочы не кідаецца».

Агитация перед выборами. Фото: газета «Народны голас»
Агітацыя перад выбарамі. Фота: газета «Народны голас»

Людміла падсумавала, што ўлады «забілі болт» на агітацыю і «людзі таксама болт забілі, разумеючы, што пакуль не час для актыўнасці». Па выніках кампаніі яна чакае дэманстрацыі «рэкордных паказчыкаў» — празмерна завышаных працэнтаў тых, хто нібыта прагаласаваў за Лукашэнку.

Узровень агітацыі ілюструе ролік, распаўсюджаны газетай Рагачоўскага райвыканкама «Свабоднае слова». Дырэктар сельгаспрадпрыемства «Ціхінічы» Юрый Васільцоў пашыхтаваў па абодва бакі ад сябе некалькі работнікаў, якія вымавілі штампаваныя фразы — відэа паднеслі як «гучны адказ тым, хто не з намі».

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество1  СкоростьОбычная