У пятніцу, 17 студзеня, Акруговы суд Варшавы асудзіў на пажыццёвае зняволенне грамадзяніна Польшчы Дарыяна С. Яго прызналі вінаватым у рабаванні, згвалтаванні і забойстве 25-гадовай беларускі Лізаветы Герцэн. Пасля вынясення прысуду «Люстэрка» паразмаўляла з яе хлопцам Данілам, якога суд прызнаў пацярпелым. Мы таксама даведаліся, чаму пракуратура запатрабавала для Дарыяна С. максімальнага пакарання.

— Гэта справядлівае рашэнне, якога я і чакаў, — заявіў Даніла і дадаў, што, на яго думку, Дарыян заслугоўвае такога жорсткага пакарання. — За амаль год, пакуль ішло следства і суд, я бачыў у медыя нейкія каментары ад ягоных сваякоў, але асабіста са мной ніхто з ягонай сям'і не звязваўся. Бо ім пох**. І яму пох** таксама. Калі б яго не злавілі, думаю, ён бы здзейсніў яшчэ такое ж забойства. Пра гэта казаў і суддзя, які падкрэсліў, што калі за правінамі не ідуць наступствы, то чалавек адчувае сябе беспакараным.
Пра адсутнасць раскаяння ў асуджанага журналістам расказала і пракурор Акруговай пракуратуры Варшавы Анна Стаховіч. Паводле яе, у тым ліку гэты факт стаў прычынай, з якой яна запатрабавала прызначыць злачынцу максімальна магчымае пакаранне.
— Я была той пракуроркай, што дапытвала яго пасля абвяшчэння першага абвінавачання, а таксама другога. Я не бачыла гэтага раскаяння з самага пачатку, — падкрэсліла Стаховіч. — Мне не хапіла яго словаў, што ён шкадуе пра зробленае. У мяне нават склалася ўражанне, што яго зусім не цікавіць, што адбылося насамрэч і што здарылася з Лізай. Я не заўважыла ніякага раскаяння.
Даніла ўпэўнены, што на рашэнне суда таксама паўплываў вялікі грамадскі рэзананс у польскім і беларускім грамадствах пасля таго, што здарылася. Нагадаем, 6 сакавіка ў цэнтры Варшавы прайшоў марш у памяць пра Лізавету, а грошы спачатку для яе лячэння, а потым пахавання сабралі неабыякавыя людзі. Даніла кажа, што быў вельмі ўзрушаны салідарнасцю.
— Яна дапамагла не толькі ў тым, што злачынцу вынесены справядлівы прысуд. Салідарнасць паказала, што справядлівасць існуе. Мяне прыемна здзівіла тое, што людзі аб’ядноўваюцца і не пакідаюць іншых у такой ср**ы, — прызнаецца Даніла. — Беларуская дыяспара вельмі моцна аб’ядналася. Я з Украіны і не магу сказаць, каб гэта было для мяне нечаканым, я проста наогул нічога не чакаў. У той момант мне трэба было вырашаць шмат пытанняў, неяк звяртацца да людзей. Тое, што адбылося, — велізарны шок, гэта складана ўявіць. Я нікому не пажадаю перажыць такое. Лічу, што падтрымка грамадства была мне жыццёва неабходная.
Чытайце таксама