«Бяруць за шкірку і кажуць: „Пішы“». Экс-палітзняволеная расказала «Люстэрку», як прасіла памілавання і ўсё роўна адседзела свой тэрмін
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У апошнія месяцы ў Беларусі перыядычна адпускаюць палітвязняў паводле ўказаў Аляксандра Лукашэнкі. Паведамляючы пра гэта, прэс-служба палітыка часта падкрэслівае, што ўсе яны «хадайнічалі пра памілаванне». Прычым ёсць выпадкі, калі палітвязняў змушаюць пісаць іх (як мы ўжо расказвалі, падобна, на гэтым зацыклены сам Лукашэнка). Так і адбылося з Анжалікай, якую пасля 2020 года асудзілі па «палітычным» артыкуле. «Люстэрка» пагаварыла з экс-палітзняволенай пра тое, як яе ўгаворвалі напісаць прашэнне ледзь не ўсёй калоніяй. Яна напісала, але атрымала адмову.

Заключенные ИК №4 в Гомеле. Фото: TUT.BY
Зняволеныя ПК № 4 у Гомелі. Фота: TUT.BY

Імя суразмоўніцы змененае. Мы таксама не называем артыкул, па якім яна была асуджаная, і перыяд, калі была ў зняволенні, з меркаванняў бяспекі.

«Было відаць, што ім гэта для чагосьці трэба»

Размовы пра тое, што трэба напісаць прашэнне на памілаванне, пачаліся адразу, як толькі Анжаліка трапіла ў калонію. У каранціне яна была з іншымі жанчынамі, якіх нядаўна перавялі з СІЗА. Пра прашэнне кіраўніцтва калоніі казала ўсім «палітычным», успамінае беларуска.

— Увесь час чапляліся: «Давайце пішыце, давайце пішыце», — расказвае яна. — Прычым падыходзілі да ўсіх рознымі спосабамі. Кагосьці запалохвалі спагнаннямі, ШІЗА напрыклад, кагосьці, наадварот, угаворвалі. Мяне вось вельмі прасілі. Было відаць, што ім гэта для чагосьці трэба. Казалі: «Паглядзіце, вы ж можаце ўжо на святы быць дома са сваёй сям’ёй. Навошта вам тут сядзець? А так дзяцей убачыце. Зразумела, што поглядаў сваіх не зменіце — дулю ў кішэнь і падпісалі». Астатніх не асабліва прыспешвалі: націснуць і адчэпяцца. А мяне вельмі моцна падганялі. Я думала, калі буду цягнуць час, казаць, што падумаю, ад мяне адчэпяцца. Ніфіга.

Наогул, каб падаць прашэнне пра памілаванне, патрэбная куча дакументаў. Даведкі па месцы жыхарства, з папярэдняй працы, пра тое, што цябе возьмуць на працу пасля вызвалення, характарыстыкі, паручальніцтва — чым больш, тым лепш. Калі ёсць дзеці — іх пасведчанні пра нараджэнне. Я думала, што, пакуль яны гэтыя ўсе паперкі збяруць, тэрмін і скончыцца.

Заключенные ИК №4 в Гомеле. Фото: TUT.BY
Зняволеныя ПК № 4 у Гомелі. Фота: TUT.BY

На справе ўсё было інакш. «Калі ім вельмі трэба, наогул няма праблем з дакументамі», — адзначае Анжаліка. Даведкі з працы не спатрэбіліся, а пацверджанне таго, што ёсць дзе жыць пасля вызвалення, адміністрацыя калоніі запытала сама, копія пасведчання пра нараджэнне дзіцяці ў жанчыны была з сабой. Гэтага аказалася дастаткова.

— Аднойчы мяне пасярод працоўнага дня выклікалі да іх у спецаддзел (аддзяленне па працы з дакументамі, праз якое праходзяць запыты ў суды, прашэнні, скаргі. — Заўв. рэд.). Я сяджу сабе, шыю нешта на фабрыцы. І тут літаральна за шкірку бяруць, саджаюць за стол і кажуць: «Пішы». І я фактычна пад дыктоўку пісала, — успамінае жанчына. — Наогул прашэнне пра памілаванне пішацца ў вольнай форме, ад душы. Я спытала, пра што менавіта трэба. Кажуць: «Дзіця ёсць? Ну і пішы: „Я сумую па дзіцяці, я такая законапаслухмяная грамадзянка, нельга ж разлучаць маці з дзіцем“» (смяецца). У такім духу ўсё. Выйшла старонка, нават крыху менш.

«Калі скажу „не“ — мяне закатаюць пад асфальт»

На наступны дзень жанчыне зноў сказалі прыйсці ў спецаддзел. Прычым у вялікую залу, дзе звычайна праходзяць розныя камісіі:

— Мяне хуценька апыталі і пачалі галасаваць, ці прапускаюць прашэнне пра памілаванне вышэй. Усе роўненька прагаласавалі за. Чыстая фармальнасць, бо рашэнне было даўно прынятае.

Экс-палітзняволеная ўпэўненая, што ўсё, што адбывалася, відавочна ініцыявалася зверху:

— Асабліва гэта было відаць па твары начальніка калоніі Дзяніса Талсцянкова. Што яму гэта папярок горла, але ён нічога не можа зрабіць, бо загад зверху. Калі астатнія маглі проста нас не любіць, пабойвацца, не разумець, што з намі рабіць, або нейтральна ставіцца, то ён палітвязняў ненавідзеў.

Женская колония в Гомеле. Кадр из фильма «Дебют» Анастасии Мирошниченко
Жаночая калонія ў Гомелі. Кадр з фільма «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка

— Прыемнага мала, — апісвае Анжаліка свае адчуванні ад таго, што адбывалася тады. — Зразумела, было абурэнне: чаму я павінная прасіць памілавання за злачынства, якога не здзяйсняла? Але, з іншага боку, выдатна разумела: я ім патрэбная настолькі, што калі скажу «не» — мяне закатаюць пад асфальт. А адразу пасля этапу стала зразумела, што змагацца з гэтай сістэмай знутры бессэнсоўна. Гэта як з разгону біцца галавой у глухую сцяну. Навошта? У мяне рэальна дзіця, я яму патрэбная. Я ведала, што мае блізкія і сябры ў любым выпадку падтрымаюць. Гэта было самае важнае.

«Былі на 200% упэўненыя, што мяне адпусцяць»

Пасля таго як адміністрацыя ўстановы вырашае прапусціць прашэнне пра памілаванне наверх, з жаночай калоніі яно адпраўляецца ў суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

Там зварот Анжалікі разгледзела адпаведная камісія, і потым яго перадалі Лукашэнку. Заняло гэта каля двух-трох тыдняў. Палітзняволеная кажа, што не мела вялікіх надзей на вызваленне:

— Я ім не веру, таму адразу забараніла сабе спадзявацца. І адмова для мяне не была такім моцным ударам, як для яшчэ адной зняволенай. Яна пісала прашэнне і вельмі спадзявалася, што яе адпусцяць. Хоць я спрабавала яе настройваць, што не трэба, узрадавацца заўсёды паспееш. І калі адмовілі, то ёй было вельмі складана выграбці з поўнай апатыі.

Але не спадзявацца зусім было цяжка. У тым ліку таму, што за некалькі дзён да рашэння адміністрацыя калоніі настройвала Анжаліку на тое, што яна выйдзе.

— Яны былі на 200% упэўненыя, што мяне адпусцяць, але ў выніку прыйшла папера з адмовай. Прычым там была такая неадназначная фармулёўка: зразумела, што дакладна не памілавалі, але нібыта і не зусім адмовілі, — расказвае беларуска.

Заключенные ИК №4 в Гомеле. Фото: TUT.BY
Зняволеныя ПК № 4 у Гомелі. Фота: TUT.BY

Анжаліка прызнаецца, што з такім паваротам справіцца ўдалося. Але ўсё роўна без смутку не абышлося:

— Вядома, хацелася дадому. Але, з іншага боку, як бы адвакат ні казаў, што не буду сядзець тэрмін да канца, я была маральна гатовая, што раней не выйду. Таму ўвогуле ў маім псіхічным стане нічога не змянілася. Вядома, было сумна. Але гэта не стала нейкім ударам.

Чаму адміністрацыя так настойвала, але прашэнне не ўхвалілі? Суразмоўніца ўпэўненая, што яе і праўда збіраліся выпусціць, але ў апошні момант, хутчэй за ўсё, нешта адбылося, і ўлады перадумалі.

«Ведаюць, што імі не будуць пагарджаць за напісанае прашэнне»

Анжаліка кажа, што многія палітвязні ў цэлым ставяцца да прашэнняў пра памілаванне негатыўна.

— Не хочуць пісаць часцей за ўсё з дзвюх прычын. Першы фактар — гэта ўласны светапогляд, псіхалагічны настрой, нежаданне прызнаваць віну за тое, чаго не рабілі. Другі — думкі, што падумаюць іншыя. Таму раней стараліся пазбягаць гэтага, калі была магчымасць. Бачылі, што пішаш — не пішаш, сітуацыя не асабліва змяняецца, — тлумачыць жанчына.

Заключенные ИК №4 в Гомеле. Фото: TUT.BY
Зняволеныя ПК № 4 у Гомелі. Фота: TUT.BY

Беларуска адзначае, што адміністрацыя не заўсёды патрабуе прасіць памілавання, часам кажа проста прызнаваць віну. Гэта суразмоўніца тлумачыць разнарадкай зверху: калоніі патрэбны працэнт людзей, якія «пакаяліся».

— Яны павінныя праводзіць работы па перакоўванні «злачынцаў», — расказвае яна. — І адзін з паказчыкаў выканання плана — гэта прызнанні віны. Вось, мы працуем, гэтыя грамадзяне ўсвядомілі, што яны не мелі рацыі. Так разумею, што, калі ніхто не прызнае віны, яны атрымліваюць па галаве. А, натуральна, атрымліваць яны не хочуць, таму робяць усё, каб паставіць гэтую галачку.

Анжаліка кажа, што ўжо пасля яе вызвалення ціск на палітвязняў узмацніўся. Тыя, хто не хацеў прызнаваць віну ці пісаць прашэнне, маглі за гэта трапіць у ШІЗА. Але чым далей цягнуцца рэпрэсіі, тым больш палітвязняў згаджаецца прасіць памілавання самастойна.

— Цяпер людзі бачаць, які ідзе ціск, і рацыянальней ставяцца да ўсяго. Ведаюць, што імі не будуць пагарджаць за гэта. Да таго ж, думаю, пасля таго як пачалі выпускаць людзей, большасць усё ж піша з надзеяй, а не проста каб адчапіліся, — лічыць Анжаліка.

Чытайце таксама