Аляксандр Гойшык працягвае сваё кругасветнае падарожжа і ў дзённіках для «Люстэрка» расказвае пра свае прыгоды. Мінулым разам ён дзяліўся ўражаннямі пра нетыповы рэгіён Кітая з казіно і адкрытым інтэрнэтам — Макаа. А цяпер выправіўся у чацвёрты па велічыні мегаполіс краіны — Шэньчжэнь і Ханчжоу, які мясцовыя называюць раем на зямлі. Беларус з галавой занурыўся ў кітайскі соцыум — некаторыя яго ўражанні здзіўляюць.

«На маніторы высветлілася паведамленне, што сайт заблакаваны файрволам»
На самай мяжы з Ганконгам ляжыць агромністы кітайскі мегаполіс Шэньчжэнь, чацвёрты па насельніцтве ў КНР. З-за таго што ён месціцца літаральна на мяжы, каўчсёрфінг таксама паказваў мне хостаў адтуль, калі я шукаў, у каго спыніцца ў самім Ганконгу. Так я пабачыў профіль гаспадара з яўна ўсходнеславянскімі імем і прозвішчам. З цікавасці зайшоў на гэты профіль і пабачыў, што гэта наш хлопец з Беларусі, які прымае гасцей у Шэньчжэні. Напісаў яму пра сябе і сваё падарожжа, што быў бы рады пазнаёміцца.
Сяргей хутка адказаў, маўляў, ніякіх праблемаў, заязджай у госці. І вось тут у мяне ўпершыню за ўсё падарожжа адбыўся збой праграмы сустрэчы з беларусамі замежжа: чамусьці з земляком мы не змаглі паразумецца, камунікацыя была даволі нацягнутаю. Усе людзі розныя, ва ўсіх свае праблемы, таму такое часам бывае. Вось і са мною такое здарылася ўпершыню (забягаючы наперад, адзначу, што больш такога нідзе не было). Дзіўна трохі, але што паробіш.
Затрымаўся ў Шэньчжэні на дзень, наведаў прыгожы парк з унікальнымі скамянелымі дрэвамі, якім па некалькі мільёнаў гадоў, трохі пагуляў па горадзе, наведаў цікавыя буддыйскія святыні.
Няслаба так здзівіўся, пабачыўшы амерыканскі супермаркет «Волмарт» у Кітаі. Аказваецца, у Паднябеснай не толькі ўсё сваё, але таксама працуе вельмі шмат буйных міжнародных сетак. Нават адна з маіх самых любімых — сетка супермаркетаў для спорту і турызму «Дэкатлон». Я часта наведваю іх крамы па ўсім свеце, калі трэба бюджэтна і якасна паднавіць свой падарожны рыштунак.
Таксама знайшоў камп'ютэрны клуб, дзе напісаў чарговую серыю гэтых падарожных нататак. Гэта была сапраўдная задача з зорачкай. Спачатку я папрасіў кітайскую дзяўчыну майго беларускага прыяцеля з Ганконга, пра якую пісаў у мінулы раз, перакласці мне на кітайскую «камп'ютэрны клуб». Калі яна даслала мне патрэбныя іерогліфы, я уставіў іх у пошук на Baidu Maps — кітайскім адпаведніку заблакаванага Гугла.

Знайшоў патрэбнае месца непадалёк. Прыходжу — а там ніхто ані ў зуб нагой па-ангельску, не разумеюць, што мне трэба, і спрабуюць мяне выправадзіць. Але ж я падарожнік дасведчаны, са мною такія нумары не пракацяць. Стаю на сваім, праз перакладчык паказваю, што мне трэба. Калі кітайцам стала зразумела, што гэты «лаавай» (так кітайцы грэбліва называюць замежнікаў, перш за ўсё еўрапейскай знешнасці, мясцовы аналаг лацінаамерыканскага «грынга») не збіраецца сыходзіць, мяне неахвотна правялі ўглыб залі, падалей ад чужых вачэй. Уключылі камп'ютэр і праз перакладчык сказалі: «Рабі што хочаш».
Заставалася галоўная праблема — вялікі кітайскі файрвол, які блакуе любыя магчымасці неяк пераслаць напісанае. Перабіраючы розныя расейскія паштовыя серверы, я знайшоў адзін, што не быў заблакаваны. Дапісаў тэкст, скідваю яго праз гэтую пошту на сваю працоўную скрыню. Ліст даслаўся — і ў гэты момант на маніторы высвецілася паведамленне, што сайт заблакаваны файрволам. Я няслаба так стрэсануў, але паспеў у апошні момант.

«У мяне склалася ўражанне, што ў цягніку кітайцы без перапынку ядуць сваю локшыну»
У наступны горад на маім шляху — Ханчжоу — я дабіраўся на цягніку, але на гэты раз не хуткасным, а звычайным. Падарожжа даўжынёю ў 1300 км заняло 18 гадзінаў. Гэта было цікавае пагружэнне ў сапраўдны Кітай. Дарэчы, памятаеце, я расказваў, як у Лаосе мяне са сцізорыкам і дэзадарантам не пусцілі ў кітайскі цягнік? Дык вось, каб пазбегнуць гэтых праблемаў у самім Кітаі і захаваць дарагі для мяне сцізорык, я аддаў яго на захаванне нашым беларускам у Ханоі. Яны выбіраліся на вакацыі ў Еўропу і там перадалі яго маім сябрам.

Мне пашчасціла, і я паспеў набыць квіток з месцам. Таму што тыя, хто не паспеў, ехалі стоячы ці седзячы (і нават лежачы!) у тамбуры. Там можна паліць, таму ўвесь час нехта тусуецца. І людзі спяць на падлозе — гэтае відовішча моцна адрозніваецца ад таго, што я бачыў у хуткасных цягніках. У мяне склалася ўражанне, што ў цягніку кітайцы без перапынку ядуць сваю локшыну, кранікі з кіпнем ёсць у кожным вагоне. Гэта даволі стэрэатыпна, але вакол мяне ўвесь час нехта яе еў.
Таксама ў такім цягніку можна вельмі блізка пабачыць некаторыя, як бы гэта мякчэй сказаць, асаблівасці кітайскага менталітэту: яны любяць раскідваць смецце, плявацца і смаркацца, вельмі гучна размаўляць і штурхацца, поўнасцю ігнаруючы асабістую прастору іншых пасажыраў. Як мне пасля патлумачылі тутэйшыя экспаты, гэта звязана з тым, што кітайскае грамадства вельмі хутка разбагацела дзякуючы эканамічнай палітыцы ўладаў. Але ўзровень культуры і адукаванасці не паспеў так хутка вырасці. Па іх версіі, гэта адна з прычынаў, чаму ўлады КНР займаюцца татальным кантролем над грамадствам: каб людзі адчувалі гэты кантроль і паводзілі сябе «нармальна», інакш краіна з мільярдным насельніцтвам скаціцца ў хаос, як гэта адбываецца ў Індыі. Гэта цікавая версія, я не зусім з ёй згодны, але нешта ў гэтым ёсць.
У мяне разрадзілася батарэя ў смартфоне, я пайшоў шукаць разетку, каб падзарадзіцца. Каля тых нешматлікіх разетак, якія былі ў вагоне-рэстаране, выстраілася вялікая чарга іншых пасажыраў. Як я пісаў у пяпярэднім матэрыяле, разраджаны смартфон — гэта галоўная бяда для сучаснага кітайца. Дарэчы, там, апроч локшыны, прадаецца таксама піва, таму я трапіў у самы гушчар народнага застолля.

Вырашыў яшчэ прайсціся і пашукаць іншыя разеткі. Пабачыў, што ў купэ праваднікоў таксама яны ёсць, паспрабаваў папрасіць паставіць мой тэлефон на зарадку. Ну як папрасіць, жэстамі паказаць. У адказ мне махалі рукамі, маўляў, ты што, нам нельга, «нас жа звольняць». Але ў наступным вагоне маладая правадніца была больш лагодная. Яна паглядзела, каб ніхто за намі не сачыў, забрала мой тэлефон і жэстамі паказала, маўляў, ідзі, не стой тут, вернешся пазней. Ну я і пайшоў у вагон-рэстаран далучыцца да народнага свята. Заўважаю, што неяк дзіўна на мяне ўсе глядзяць і смяюцца. Ну ладна, думаю, можа, вы «лаавая» раней не бачылі.
Узяў сабе піва, сяджу чакаю. Тут малады хлопец збоку ад мяне пачынае са мною размаўляць на даволі неблагой ангельскай. Распытаў, хто я і адкуль, пра маё падарожжа, чаму я еду такім звычайным цягніком. Расказаў, што ён студэнт-медык, сам стараецца вывучаць ангельскую, каб пасля вучобы з’ехаць за мяжу. Пытаю ў яго, чаму ўсе наўкол смяюцца, калі мяне бачаць. Ён трохі пачырванеў і кажа не звяртаць увагі. Таму што наўкол, маўляў, адныя сяляне, для якіх еўрапеец — гэта як белая малпачка: «А на тваёй майцы намаляваная стылізаваная малпа, вось яны і смяюцца!» Ах, вось яно што!
«Працуюць шмат: выходзяць з дому а сёмай раніцы, а вяртаюцца пасля восьмай вечара»

У Ханчжоу мяне чакаў мясцовы хост-кітаец. Хлопец хутка прыняў мой запыт і даслаў падрабязную фота-інструкцыю, як дабрацца з вакзала да ягонага дома. Ён нават пакінуў мне ключы ад сваёй кватэры пад дыванком, ніколі да гэтага мяне не бачыўшы! Такі давер вельмі прыемна мяне здзівіў, насамрэч такое сустракаецца даволі рэдка.
Чэн і ягоная жонка працуюць у буйной кітайскай IT-кампаніі, працуюць вельмі шмат: выходзяць з дому а сёмай раніцы, а вяртаюцца пасля восьмай вечара. Таксама ўзмоцнена вывучаюць ангельскую мову, таму прымаюць у сябе падарожнікаў, каб мець магчымасць практыкавацца. Яны вельмі падрабязна распытвалі пра маю вандроўку, асабліва пра Аўстралію, куды мараць пераехаць.
«На нябёсах ёсць рай, а на зямлі — Ханчжоу і Сучжоу» — гэтую кітайскую показку я пачуў ад беларуса ў Шэньчжэні, таму вырашыў наведаць першы горад з гэтага спіса. Ханчжоу славіцца сваім возерам Сіху, якое разам з навакольнымі храмамі, мастамі і садамі унесена ў Сусветны спіс культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
Выява гэтага возера нават месціцца на купюры ў адзін юань. Сюды сцякаюцца шматлікія турысты з усёй Паднябеснай, сярод іх вельмі папулярныя фотасесіі ў традыцыйных касцюмах на фоне возера. Я таксама зрабіў сабе парачку фотак на фоне такіх фотасесій.
У апошні вечар Чэн з жонкаю запрасілі мяне на традыцыйную вячэру. Кітайская кухня афіцыйна дзеліцца на восем розных гатункаў, чжэцзянская кухня (ад назвы правінцыі Чжэцзян, сталіцаю якой і з’яўляецца Ханчжоу) — адзін з іх. Сказаць, што гэта вельмі смачна, — нічога не сказаць! Пасля вячэры яны падрыхтавалі мне сюрпрыз і запрасілі на традыцыйны кітайскі «сляпы» масаж. У тым сэнсе, што яго рабілі сапраўдныя невідушчыя людзі. Спачатку гэта трохі страшна і «крынжова».
У адрозненне ад тайскага масажа, які сапраўды расслабляе, масаж кітайскі можа быць балючым. Мэта гэтага масажа — стымуляцыя розных кропак на целе, таму яго называюць кропкавым. Падчас таго як майстар пры дапамозе спецыяльных тэхнікаў націскае на такія кропкі, можна адчуваць боль, я нават зубы сціснуў пару разоў. Але пасля яго наступае сапраўднае расслабленне, як фізічнае, так і маральнае. Вельмі цікавы і незвычайны досвед, без запрашэння мясцовых я б наўрад ці патрапіў на такі масаж.

Наступны горад на маім шляху — Нінбо, адзін з буйнейшых партоў свету і лагістычных цэнтраў Кітая. Тут разам з сям’ёй жыве мая аднакласніца, якую я не бачыў 18 гадоў. Мы ніяк не падтрымлівалі сувязь пасля сканчэння школы, але сябравалі ў Facebook. Ян сачыла за маімі падарожжамі, а калі выклала нейкую фотку з Кітая, я здзіўлена спытаў: «Ты што, у Кітаі?» «Так, заязджай у госці!» — адказала яна.
Ну а я што, узяў і прыехаў. Дарога хуткасным цягніком з Ханчжоу заняла ўсяго гадзіну. У вагоне пазнаёміўся з маладой кітайскай сям’ёй з дзеткамі-падлеткамі, якія трохі вывучылі англійскую, гуляючы ў анлайн-гульні. Хлопцы спрабавалі мяне распытваць пра ўсё на свеце, аднак іх узроўню ведання англійскай мовы яўна было недастаткова, а таксама рабілі шмат фотак са мною і частавалі смачнай гарбатай. Іх бацькам відавочна было прыемна, што ў іх такія разумныя сыны, а я стараўся ім падыграць. Атрымалася амаль ідылія!
«На сумоўі адразу пытаюць, ці будзе аплачвацца ежа, настолькі гэта важны для іх пункт»
Лена з мужам і сынамі сустрэлі мяне як дарагога госця, нават боршч зварылі. А таксама частавалі рознымі беларускімі прысмакамі: чорным хлебам, каўбасою з сырам і нават глазураванымі сыркамі! Я, па праўдзе, ўжо забыў, наколькі гэта смачна.
Дарэчы, у нас нечакана атрымаўся цікавы абмен падарункамі сярод беларусаў Паднябеснай. Жэня, які прымаў мяне ў Гуаньчжоу, пра якога я расказваў у мінулай серыі, падарыў мне цэлы мех беларускіх цукерак і шакаладак. Яму іх прывезла маці, але ён займаецца спортам і не есць салодкага. Таму даў іх мне, каб я частаваў людзей на сваім шляху. У Нінбо я прывёз цэлую каробку цукерак ад Жэні, а ў адказ Лена падарыла мне пачак рагачоўскай згушчонкі, якую я адвёз нашым беларусам у Пекін, пра якіх я распавяду ў наступнай серыі сваіх падарожных нататак (беларусы ўсіх краінаў — яднаймася!).
Я прыгатаваў дранікі з мачанкай і зрабіў прэзентацыю свайго падарожжа па Лацінскай Амерыцы. Да нас у госці завіталі яшчэ тутэйшыя беларусы, прыемны атрымаўся вечар. Шмат цікавых размоваў, прыгадалі школьныя часы, нібыта перанёсся ў дзяцінства.
Мне таксама расказалі пра спецыфіку жыцця ў Паднябеснай і вядзення бізнесу з кітайцамі. Напрыклад, яны на сумоўі адразу пытаюць, ці будзе аплачвацца ежа, настолькі гэта важны для іх пункт. Яшчэ — што прасцей прывезці сваіх супрацоўнікаў, каб мець упэўненасць, што праца будзе выкананая якасна і своечасова. Таму што кітайскі супрацоўнік пры любой пазаштатнай сітуацыі будзе губляцца, пакуль не прыйдзе спецыяльна прызначаны партыяй начальнік і не скажа, што рабіць далей.
Выехалі ўсе разам за горад на экскурсію ў традыцыйную кітайскую вёску. А ў апошні вечар на развітанне выбраліся з Ленай і яе мужам у сапраўдны нямецкі паб! У гэтым горадзе вельмі шмат экспатаў, якія ствараюць вакол звыклыя для сябе рэчы. Разам з выдатным нямецкім півам там падаюць сапраўдны шніцэль! Неймаверна смачна!

Сапраўдныя беларускія выходныя атрымаліся. Але час ехаць далей. У наступнай серыі сваіх падарожных нататак я раскажу вам пра «Бульба-Мані» у Шанхаі, паход на свяшчэнную гару Тайшань, савецкі раён Пекіна і кемпінг на Вялікай Кітайскай сцяне.
Читайте также


