Сілавікі занепакоіліся рэзкім ростам дзіцячых суіцыдаў. У распараджэнне «Люстэрка» трапіў ліст Генпракуратуры да віцэ-прэм'ера, які палохае
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Генеральная пракуратура занепакоеная рэзкім ростам дзіцячых суіцыдаў: за першае паўгоддзе 2024-га іх колькасць павялічылася на 50%. Таксама дзеці пачалі раней здзяйсняць самагубства. Напрыклад, дваім наймалодшым было ўсяго па 10 гадоў. Гэта вынікае з ліста, дасланага з Генпракуратуры віцэ-прэм'еру Ігару Петрышэнку. Дакумент «Люстэрка» атрымала з дапамогай BELPOL, расказваем, што ў ім.

Изображение используется в качестве иллюстрации. Фото: MART PRODUCTION, pexels.com
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: MART PRODUCTION, pexels.com

«Два — 10 гадоў, адзін — 11 гадоў»

У сярэдзіне ліпеня Генпракуратура даслала віцэ-прэм'еру ліст за подпісам намесніка генпракурора Максіма Вароніна. У ім — страшная статыстыка пра гібель няпоўнагадовых на васьмі старонках. Большая частка ліста — інфармацыя пра суіцыды сярод дзяцей.

Паводле звестак ведамства, у першым паўгоддзі 18 дзяцей наклалі на сябе рукі. Гэта на 50% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года (тады здзейсніла суіцыд 12 дзяцей). Генпракуратура адзначае, што ў ліпені яшчэ адно дзіця звяло рахункі з жыццём. Усяго за сем месяцаў — 19 суіцыдаў. Столькі ж, колькі было за ўвесь 2023-і.

Як адзначаецца ў лісце, асноўных спосабаў самагубства — два: у 50% выпадкаў — павешанне, у 38% — падзенне з вышыні.

Асаблівую ўвагу чыноўнікі звяртаюць на трывожную тэндэнцыю: узрост дзяцей, што здзяйсняюць суіцыд, зніжаецца.

— Калі тры гады таму найбольшая колькасць фактаў рэгістравалася ва ўзроставай групе ад 15 да 17 гадоў, то сёлета: два — 10 гадоў, адзін — 11 гадоў, чатыры — 14 гадоў, тры — 15 гадоў, шэсць — 16 гадоў, два — 17 гадоў, — гаворыцца ў лісце.

«Не надалі значэння прыгнечанаму настрою»

Генпракуратура прыводзіць і некалькі прыкладаў.

У Замастаўчанскай школе Віцебскага раёна 7 сакавіка звяла рахункі з жыццём 15-гадовая вучаніца. Яна павесілася ў школьнай спартзале.

З 2020-га школьніца жыла ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Да гэтага яна перажыла сэксуалізаваны гвалт. Ва ўзросце 9−10 гадоў яе гвалтаваў сужыцель маці. У выніку жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў, а дзяўчынка трапіла ў дзіцячы дом. Але праз перажытае яна рэгулярна траўмавала сябе.

Генпракуратура кажа, што пра гэта ведалі як выхавальнікі дзіцячага дома, так і педагогі Замастачаўнскай базавай школы. Але ніякай псіхалагічнай дапамогі школьніца не атрымлівала. На думку пракурораў, гэта і прывяло да самагубства.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / cottonbro studio
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / cottonbro studio

15-гадовы падлетак з Навагуцкай школы Гомельскага раёна павесіўся 23 сакавіка. Да гэтага ён паўгода працаваў з псіхолагам у школе, бо наносіў сабе пашкоджанні.

Аднак, як адзначаецца ў дакуменце, спецыяліст рэзка спыніў заняткі і перад гэтым не правёў неабходных дыягнастычных даследаванняў. Генпракуратура адзначае, што на той момант псіхічны стан хлопчыка не палепшыўся і рызыка суіцыду заставалася.

28 красавіка саскочыў з вышыні і разбіўся 16-гадовы вучань школы № 56 Мінска. За два дні да гэтага падлетак ужо спрабаваў сябе забіць.

Генпракуратура адзначае, што школьнік доўгі час знаходзіўся ў прыгнечаным стане, яму складана давалася сацыялізацыя, а адносіны з аднакласнікамі былі напружанымі. Пры гэтым настаўнікі ведалі пра праблему, але «не надалі значэння прыгнечанаму настрою», не падтрымалі падлетка і не распазналі рызыкі суіцыду.

17-гадовая вучаніца мінскай школы № 61 выскачыла з акна шматпавярховіка 9 студзеня. Прычынай стаў канфлікт з маці. Паводле звестак Генпракуратуры, ужо пасля трагедыі сяброўка расказала, што мама школьніцы цалкам кантралявала дачку, выстаўляла ёй завышаныя патрабаванні і наўпрост казала пра сваю нянавісць. Сярод рэчаў загінулай знайшлі дзённік з запісамі і малюнкамі суіцыдальнага характару. Пры гэтым супрацоўнікі школы пра праблему нічога не ведалі.

— Засталася па-за полем зроку педагогаў, падчас псіхадыягнастычных даследаванняў праблема дзіцяча-бацькоўскіх адносін не вывучаная, — заявіла Генпракуратура.

7 красавіка наклаў на сябе рукі і 17-гадовы ўсыноўлены падлетак. Прыёмныя бацькі доўгі час не працавалі і не клапаціліся пра дзіця, выпівалі, часта скандалілі і выкарыстоўвалі гвалт у дачыненні да хлопчыка.

— Своечасовыя меры па абароне дзіцяці і адмене ўсынаўлення органы апекі і папячыцельства не прынялі, — гаворыцца ў лісце віцэ-прэм'еру.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Karolina Kaboompics
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Karolina Kaboompics

Чаму столькі суіцыдаў?

Генпракуратура называе некалькі прычын рэзкага росту самагубстваў сярод няпоўнагадовых.

Першая. Выяўляць дзяцей, схільных да суіцыдальных паводзін, і дапамагаць ім мусіць Міністэрства адукацыі, адзначаецца ў дакуменце. Да гэтага ведамства ў пракурораў ёсць пытанні. Як гаворыцца ў лісце, педагогі часта недаацэньваюць крызісныя сітуацыі, якія перажываюць дзеці, а таксама фармальна падыходзяць да прафілактыкі суіцыдаў. Да прыкладу, настаўнікі ведалі, што ў 14 з 18 дзяцей ёсць псіхалагічныя праблемы і яны знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі. Але не палічылі ўсё гэта фактарамі рызыкі.

Другая. Недахоп кадраў. У лісце адзначаецца, што вакансіі педагогаў-псіхолагаў ёсць у 18% сацыяльна-педагагічных цэнтраў (СПЦ) і 17% школ, гімназій і ліцэяў. У выніку без дапамогі спецыялістаў застаюцца дзясяткі ўстановаў адукацыі і тысячы дзяцей. Напрыклад, у Мёрскім СПЦ вольныя абедзве пасады педагога-псіхолага — у выніку дапамога не аказваецца навучэнцам васьмі школ. Такая ж сітуацыя ў Шаркаўшчынскім раёне.

Трэцяя. У ведамства ёсць пытанні да ўсёй сістэмы арганізацыі дапамогі людзям, схільным да суіцыду. Так, для перадухілення самагубстваў у нашай краіне ёсць дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021−2025 гады. У ёй прапісаныя задачы для Міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі, унутраных справаў, аблвыканкама і Мінскага гарвыканкама. Але «асобныя мерапрыемствы выконваюцца неналежным чынам».

Напрыклад, Мінздароўя дагэтуль не падрыхтавала алгарытму дзеянняў пры выяўленні фактараў суіцыдальнай рызыкі вайскоўцаў, суіцыдальных прыкмет для педагагічных работнікаў, псіхолагаў, спецыялістаў па сацыяльнай рабоце, супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Дэдлайн па гэтай задачы скончыўся яшчэ ў 2022 годзе.

Таксама ў лісце адзначаецца, што мясцовая ўлада не вырашае належным чынам пытання дэмаграфічнай бяспекі. Што наўпрост парушае арт. 41 Закона «Пра мясцовае кіраванні і самакіраванне». Так, хоць па выніках першага паўгоддзя ў Мінску самы высокі ў краіне ўзровень дзіцячых суіцыдаў (пяць выпадкаў), гэтыя пытанні на паседжаннях Мінгарвыканкама і камісіі па справах няпоўнагадовых не разглядалі і не вывучалі.

У Беларусі дзейнічаюць цэнтры экстраннай псіхалагічнай дапамогі. Калі вы трапілі ў крызісную сітуацыю, калі ласка, звярніцеся па наступных нумарах:

  • Рэспубліканская «Дзіцячая тэлефонная лінія» 8801−100−1611 (кругласутачна);
  • Тэлефон даверу РНПЦ псіхічнага здароўя +375 17 272−21−67 (панядзелак-пятніца — з 9.00 да 15.00);
  • Брэсцкая вобласць +375 162 51 10 13 (кругласутачна);
  • Віцебская вобласць +375 212 61-60-60 (кругласутачна);
  • Гомельская вобласць +375 232 31-51-61 (кругласутачна);
  • Гродзенская вобласць +375 152 39-83-31 або +375 152 39-83-28 (кругласутачна);
  • Мінск, для дарослых: +375 17 352−44−44 або +375 17 304−43−70 (кругласутачна), для дзяцей і падлеткаў: +375 17 263−03−03 (кругласутачна);
  • Мінская вобласць +375 17 270−24−01 або +375 29 899−04−01 (кругласутачна);
  • Магілёўская вобласць +375 222 71-11-61 (кругласутачна).