Затрыманага па падазрэнні ў атрыманні хабару Пятра Дулуба звольнілі з пасады першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі. Адпаведнае распараджэнне 14 чэрвеня падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Тэкст дакумента быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Пётр Дулуб быў вызвалены ад пасады «ў сувязі з парушэннем <…> пісьмовага абавязання, прадугледжанага заканадаўствам пра барацьбу з карупцыяй, здзяйсненнем правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі, або карупцыйнага правапарушэння».
Нагадаем, у пачатку чэрвеня «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла пра затрыманне Пятра Дулуба. Паводле інфармацыі ініцыятывы, гэта адбылося яшчэ 18 траўня. Як удакладнілі «Люстэрку» чыгуначнікі, інфармацыю пра магчымае затрыманне аднаго з кіраўнікоў яны атрымалі яшчэ 22 траўня, але больш за тыдзень лічылі, што гэта проста размовы.
13 чэрвеня МУС пацвердзіла гэтую інфармацыю. У ведамстве расказалі, што аператыўнікі выявілі «факты сістэмнага хабарніцтва падчас лабіявання інтарэсаў камерцыйных структур, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы грузаперавозак». Агулам у схованках кватэры і загараднага дома фігуранта канфіскавалі больш за тры мільёны даляраў.