Пра дамаганні пачалі часцей гаварыць, калі ва ўжытак увайшоў тэрмін «харасмент». Пад гэтым словам маюцца на ўвазе чаплянні, просьбы пра звязаныя з сэксам паслугі і іншыя падобныя дзеянні, як правіла, у працоўным або навучальным асяроддзі. «Люстэрка» пагаварыла з беларускамі, якія з гэтым сутыкнуліся, а таксама спытала ў гендарнай даследчыцы Лены Агарэлышавай, як распазнаць харасмент і супрацьстаяць яму.

Усе імёны ў гісторыях пра дамаганні змененыя.
«Ён звёў усё да жарту, а ў мяне быў стан ступару»
Некалькі месяцаў таму 27-гадовая Валерыя ўладкавалася на новую працу ў міжнародную кампанію. Дырэктарам мінскага офіса быў замежнік родам з Паўднёвай Азіі. Спачатку дзяўчына не заўважыла, што ён неяк па-асабліваму з ёй камунікуе, бо, як яна кажа, «ён фліртаваў з усімі».
— Гэты чалавек быў вельмі харызматычны: умеў вешаць локшыну на вушы, складна гаварыць, добра сябе падаць. Хоць сам па сабе вонкава не прыгажун, — заўважае суразмоўніца. — Праз пэўны час яго знакі ўвагі ў мой бок сталі больш відавочнымі. Мог прыабняць і назваць мяне «піражочкам» ці «красуняй».
Валерыя кажа, што спачатку гэта нават падавалася мілым, але вельмі хутка стала раздражняць. Дзяўчына апісала дзеянні дырэктара як «флірт на мяжы з чапляннем»: нібыта проста абняў, але было адчуванне, што варта даць яму волю — ён пачаў бы чапаць і інтымныя месцы.
— Аднойчы я сядзела за камп’ютарам у сваім кабінеце, ён падышоў і пачаў нешта пытаць па працы. Пры гэтым, як звычайна, узяў мяне за плечы, але ўжо праз пару імгненняў я адчула, што яго рука на маіх грудзях. Я яго адштурхнула і спытала: «Што вы робіце?!» — успамінае Валерыя. — Ён усё звёў да жарту. А ў мяне быў стан ступару. Я нічога не магла зрабіць, хоць звычайна я «баявая» дзяўчына і магу сябе абараніць.
На той момант, як лічыць беларуска, у яе яшчэ не прайшоў стрэс ад змены месца працы, таму тое, што адбылося, моцна шакавала яе. Тады, у такім стане, Валерыя ніякіх мераў не прыняла. Яна ўжо ведала, што хутка дырэктар у кампаніі зменіцца — і, адпаведна, чапаць яе больш не будзе. Але час да яго адыходу цягнуўся павольна.
— Адразу ж, калі ўсё адбылося, у мяне падняўся ціск — я адчувала, што нават твар пачырванеў, — расказвае дзяўчына. — І потым кожны раз, калі ён падыходзіў да майго стала, на мяне накатвала хваля дрэннага самаадчування, з’яўлялася млоснасць — настолькі мне ўсё гэта было брыдка. Старалася ў такія моманты выходзіць з кабінета ці хаця б трымацца ад яго далей. Я нават заўважыла, што пачала нават рэфлекторна прыкрываць сваё цела, калі ён побач.
Цяпер Валерыя кажа, што параіла б усім дзяўчатам у такіх сітуацыях не маўчаць, як бы гэта ні было складана. Суразмоўніца мяркуе па сабе: з той гісторыі прайшоў не адзін месяц, а яна да гэтага часу «адчувае сябе г****м, хоць не зрабіла нічога кепскага».
— Гэта было маё самае вялікае глупства, што я нікому нічога не сказала. Атрымліваецца, ён зможа рабіць так і далей і яму за гэта нічога не будзе, — прызнаецца беларуска. — Да гэтага нікому не казала пра тое, што адбылося. Проста не магла гэтага зрабіць, трымала ўнутры, бо я расчаравалася ў сабе праз тое, што не змагла адказаць ці нешта зрабіць. Тая сітуацыя мяне грызе дагэтуль, хоць лічу, што псіхалагічна яна не вельмі на мне адбілася. Але я зразумела, што такое можа адбыцца з кожнай: з тваёй мамай, сяброўкай, суседкай.
«Калі б такое адбылося цяпер, я, напэўна, проста б урэзала яму»
Цяпер Вользе 37 гадоў. Калі яна была яшчэ студэнткай, то гуляла ў валейбольнай камандзе за зборную свайго ўніверсітэта. Трэнерам каманды быў мужчына: паводле ўспамінаў суразмоўніцы, прыкладна гадоў 45−50.
— У ім было нешта непрыемнае, позірк у яго быў сальны, як мне падавалася. І вось аднойчы ў нас быў занятак па валейболе, дзе мне выпадкова выбілі мячом палец, — успамінае Вольга. — Тады трэнер завёў мяне ў капцёрку, каб перабінтаваць пашкоджаную руку. У нейкі момант ён нахіліўся да мяне і паспрабаваў пацалаваць. Я адштурхнула яго і выйшла з капцёркі, быццам нічога не здарылася.
Для студэнткі тое, што здарылася, было нечакана, бо раней яна не заўважала нейкіх «відавочных падкатаў» з боку выкладчыка. Але Вольга ўпэўненая, што яна была не першай і не апошняй.
— Пасля таго выпадку я больш ніколі не хадзіла на трэніроўкі, ды і наогул перастала любіць валейбол, — прызнаецца суразмоўніца. — Напэўна, ніколі больш і не гуляла ў яго. Крыўды ад таго, што страціла месца ў камандзе, не было — проста як адрэзала. Не хацелася больш займацца нічым, што звязвала з тым інцыдэнтам. З трэнерам я таксама не перасякалася больш.

За шмат гадоў жанчына так нікому не расказала пра тое, што адбылося. Паводле яе адчуванняў, яна нібы «ў нешта выпацкалася» і жадання пра гэта ўспамінаць не было.
— Тады я замаўчала гэты эпізод, але, думаю, дарма. Неўзабаве ў мяне пачаліся праблемы са шчытападобнай залозай. У народзе кажуць, што на гэта нібыта ўплываюць стрэс і нявыказаная злосць. Магчыма, выпадак з трэнерам так на мне адбіўся, — разважае Вольга. — Я не задумвалася пра тое, ці хацела б я, каб яго звольнілі, але калі б такое адбылося цяпер, то я, напэўна, проста б урэзала яму каленам пад дых. Думаю, гэтага б хапіла, каб даць зразумець, што гэта непрымальна.
«Адчувала сябе загнанай у кут»
У 2021 годзе на той момант 33-гадовая Ліда пераехала з Беларусі ва Украіну. Вайну заспела ў Львове: адтуль змагла даехаць на эвакуацыйным цягніку да Кракава, а потым з’ехаць у Берлін.
— Аднак, калі я прыехала, у мяне ўзніклі праблемы з дакументамі, таму мне не плацілі дапамогу як бежанцы, — успамінае Ліда. — Сябры дапамаглі мне знайсці падпрацоўку ў Анны — немкі, якая шыла рэквізіт для тэатральных выступаў. Дакладней, гэта хутчэй нагадвала бартар: у яе было сваё атэлье, дзе мне дазволілі начаваць бясплатна, але за працу мне плацілі сімвалічныя грошы.
У асноўным беларуска рабіла крылы з пёраў: за адно крыло працадаўца давала ёй еўра. За дзень, кажа Ліда, атрымлівалася зарабіць не больш за дзесяць.
— Мяне папярэдзілі, што плаціць мне будуць у чорную, але я была ў жалю вартым становішчы эмігранткі, таму іншага выйсця не бачыла і пагадзілася. Таксама гаспадыня дазволіла часам начаваць у яе ў кватэры, калі яна была ў ад’ездзе. Тады мне здавалася, што гэта някепскі варыянт для мяне, — расказвае жанчына. — Цяпер, азіраючыся назад, я разумею, што ўсё гэта было не зусім нармальна, хутчэй нагадвала нейкае рабства.
Неўзабаве адносіны Ліды і Анны пачалі выходзіць за рамкі іх «бартару»: неяк гаспадыня атэлье захацела, каб беларуска прыехала да яе ў караоке ноччу.
— Я адмовілася, на што яна моцна пакрыўдзілася. І гэта быў не адзіны такі выпадак. Яна часта прасіла рабіць тое, пра што мы не дамаўляліся першапачаткова і што наогул не датычыла працы. Анна патрабавала да сябе вельмі шмат увагі, я пачала спрабаваць паказаць ёй, што мне гэта не камфортна. Памятаю, у яе была сяброўка-расіянка, якая, назіраючы нашую спрэчку неяк, сказала мне: «Ты тут ніхто, калі табе немка сказала нешта зрабіць — значыць, трэба моўчкі рабіць. І няма чаго вырабляцца».
Паводле Ліды, у Анны быў муж, з якім яна збіралася разводзіцца. Тады беларуска гэтага не ведала, але заўважала, што ў іх адносінах нешта не так. Яны часта сварыліся.
— Пры гэтым яе муж паводзіў сябе фамільярна са мной: мог падміргнуць неяк, дакрануцца да мяне. Мне гэта вельмі не падабалася. Я не ведала, што рабіць у гэтай сітуацыі, адчувала сябе загнанай у кут: у выніку ў такіх сітуацыях ты заўсёды будзеш крайняй, — лічыць суразмоўніца.

Аднойчы Анна паклікала Ліду на вечарынку. Паводле яе ўспамінаў, там было нешта накшталт «даркрума» — памяшкання з прыглушаным святлом, дзе праводзяць вечарынкі на сэксуальную тэматыку.
— Выглядала гэта як будан, дзе ўсе былі напаўголыя, цалаваліся, хтосьці сэксам займаўся. Яна завяла мяне туды за руку і пацалавала. Я была ў шоку, мая псіхіка не была гатовая да такога. Не ведаю, хацела яна адпомсціць так мужу ці проста нешта стукнула ёй у галаву, але гэта стала апошняй кропляй, — кажа Ліда. — Наступнай раніцай я з’ехала ад яе ў Варшаву: там я знайшла часовае жыллё.
Паводле словаў беларускі, у берлінскім атэлье дагэтуль ляжаць некаторыя яе рэчы, але ёй не хочацца перасякацца з Аннай.
— Мне крыўдна, што і яна, і яе муж ведалі пра маё ўразлівае становішча, але так рабілі. Хіба можна дамагацца і выкарыстоўваць чалавека, які ад цябе залежыць? — пытаецца суразмоўніца. — Успамінаю ўсё гэта як страшны сон.
«Калі хачу вярнуць грошы, я павінная „адпрацаваць“»
У 2021 годзе 22-гадовая Эма таксама пераехала ў Берлін, але адразу з Беларусі. Спачатку яна жыла са сваім маладым чалавекам, але праз нейкі час рассталася з ім, і ёй трэба было тэрмінова знайсці асобнае жыллё ў арэнду.
— Праз пару месяцаў я ўсё роўна збіралася надоўга з’язджаць з горада, таму вырашыла сэканоміць і арантаваць пакой. Убачыла абвестку ў Facebook: прыстойная кватэра, прыгожыя фатаграфіі. Я адгукнулася — мне напісаў 28-гадовы Цімафей, ён аказаўся ўкраінцам. Новы знаёмы адразу сказаў, што сам жыве ў кватэры са сваёй жонкай, а ў іншым пакоі — яшчэ адна маладая пара. Мне падалося, што ўсё нармальна, — расказвае Эма. — Да таго ж ён зрабіў вельмі прыемнае ўражанне, прапанаваўшы дапамагчы мне перавезці рэчы з мінулай кватэры.
Спачатку, кажа беларуска, усё было ў парадку. Адзінае, што бянтэжыла, — Цімафей з жонкай аддавалі перавагу сяброўскім зносінам з кватарантамі, таму часта глядзелі разам з іншымі суседзямі кіно, гулялі ў настольныя гульні. Эма кажа, што ў яе зусім іншыя інтарэсы і яна ў цэлым не любіць шмат камунікаваць з людзьмі, таму амаль заўсёды заставалася ў сваім пакоі.
— Праз пару дзён ён пачаў мне пісаць, маўляў, не будзь такой сумнай, трэба весяліцца, ты ж маладая дзяўчына. Звычайна я аджартоўвалася і з імі не тусавалася, — успамінае суразмоўніца. — На другім тыдні пачалося дзіўнае. Мы пачалі часта заставацца ў кватэры толькі ўдваіх, бо яго жонка працавала не з дому, іншыя кватаранты — таксама. Ён працягваў казаць мне, што я сумная, але да гэтага дадаўся новы кантэкст: нібыта што мужчыны такіх не любяць і што жанчыны мусяць іх радаваць.
Эма ж адказвала, што ў яе іншы погляд на такое. Цімафей не супакойваўся: часта прасіў дзяўчыну чымсьці яму дапамагчы без асаблівай патрэбы, заходзіў да яе ў пакой не стукаючыся, «няўзнак» згадваў, што яго жонка чамусьці да яе раўнуе.

— У адну ноч я прачнулася ад таго, што мне пачалі прыходзіць паведамленні. Расплюшчыўшы вочы, убачыла, што ў агульным пакоі гарыць святло: у маім пакоі стаялі напаўпразрыстыя дзверы. Было тры гадзіны ночы. Паведамленні былі ад Цімафея. Ён пісаў: «Давай пагуляем», «Не будзь такой сур’ёзнай», «Ты разагрэлася?», «Я зараз зайду», «Ты любіш жорстка ці пяшчотна?», «Мне здаецца, ты любіш жорстка», — успамінае Эма. — Я… а***ла. У мяне пачаліся трэсціся рукі, я адразу ж патэлефанавала сваёй сястры, каб пагаварыць, разбудзіла яе. Яна сказала, што гэтыя паведамленні і праўда кашмарныя. Да раніцы я больш не заснула: вельмі баялася і не разумела, што рабіць.
Раніцай беларуска адразу ж пачала шукаць новае жыллё. Калі яна сутыкнулася ў кватэры з Цімафеем, ён ніяк не адрэагаваў на з’яўленне дзяўчыны, яна таксама не размаўляла з ім.
— Пазней я адправіла яму паведамленне і папрасіла, каб ён не кантактаваў са мной і каб такога больш не паўтаралася. Але ён усё роўна працягваў пісаць, як мне трэба «набраць вагу, каб з’явіліся грудзі і дупа, бо мужчыны такое любяць». На наступны дзень мы сутыкнуліся ў ліфце, і ён правёў мне рукой па спіне, пачынаючы саслізгваць да грудзей. Я адштурхнула яго і пачала крычаць: «А можна мяне не чапаць рукамі?» — апісвае Эма. — Пасля гэтага ён заявіў мне, што я не прыбіраю кватэру — хоць гэта няпраўда, — таму ён будзе забіраць грошы з майго закладу. І калі я хачу іх вярнуць, я павінная «адпрацаваць». Як — ён, праўда, не патлумачыў.
Пасля гэтага нашая суразмоўніца практычна перастала бываць у кватэры: прыходзіла вельмі позна пераначаваць, сыходзіла вельмі рана. Увесь гэты час, кажа Эма, яна адчувала сябе «дзіўна»: быў мікс з са страху, прыніжанасці і разумення, што з табой могуць рабіць так, нават калі ты паводзішся адэкватна і просіш усё спыніць. Але дзяўчына ўсё ж знайшла ў сабе сілы пайсці ў паліцыю.

— Гэта адбылося дзякуючы маім сябрам-мужчынам: яны мяне пераканалі, што нармальныя людзі сябе так не паводзяць. Я патлумачыла дзяжурнаму, што адбываецца, і ён адразу паставіўся з разуменнем, перанакіраваў мяне да іншых паліцэйскіх. Калі пераказвала ім атрыманыя ад Цімафея паведамленні, у мяне часам міжволі з’яўлялася ўсмешка на твары, бо я адчувала няёмкасць і сорам за тое, што ўсё гэта адбылося са мной, — прызнаецца Эма.
Паліцыянтам жа, кажа яна, было не да смеху. Яны сказалі беларусцы, што дзеянні Цімафея трапляюць пад крымінальны артыкул пра сэксуальныя дамаганні. Гэта яе супакоіла. Свае рэчы з кватэры яна ў выніку забірала разам з вартавымі парадку.
— Я на сваім досведзе зразумела: каб цябе аб’ектывізавалі, трэба проста існаваць. Ну, калі ты сімпатычная маладая дзяўчына, прынамсі. Для мяне гэта ўсё было балюча, ніколі не думала, што гэта адбудзецца са мной, — кажа суразмоўніца. — Раней я не магла зразумець, чаму жанчыны ў такой сітуацыі не ідуць у паліцыю, магла нават кагосьці асудзіць: чаму ты не робіш так і так, чаму ты не можаш проста сысці. Цяпер я разумею. У моманце табе робіцца настолькі страшна і ты настолькі не ўпэўненая, што гэта ненармальна, што знаходзіш любыя апраўданні чужым паводзінам і вінаваціш саму сябе.
Чаму некаторыя не бачаць харасмент як праблему?
— Часта харасмент блытаюць з кампліментам: мяркуецца, што асоба мусіць быць удзячная за тое, што на яе звярнулі ўвагу. Але такая ўвага не заўсёды можа быць прыемнай, — тлумачыць Лена Агарэлышава. — Таму выкарыстоўваецца тэрмін «харасмент»: каб ахарактарызаваць гэтую з’яву негатыўна і падкрэсліць, што асоба часта не адчувае сябе ў бяспецы, каб адказаць «не», калі ей непрыемныя заляцанні.
Паводле эксперткі, трэба памятаць, што у сітуацыях з харасментам амаль заўсёды прысутнічае элемент адчування ўлады. То-бок у чалавека, які заляцаецца, ёсць больш паўнамоцтваў, два чалавекі знаходзяцца ў няроўнай пазіцыі. Як правіла, кажа даследчыца, харасмент ідзе з боку мужчыны, хаця бывае, што чапляцца можа і жанчына.
Агарэлышава прыгадвае, як аднойчы праводзіла эксперымент з падлеткамі ў школах: спачатку хлопцы запрашалі дзяўчат на спатканне, а потым яны мяняліся ролямі. Пасля ўсе абмяркоўвалі практыкаванне.
— Цікава, што, калі дзяўчаты пачалі паводзіцца занадта актыўна, хлопцы вельмі разгубіліся і нават казалі, што іх аднакласніцы былі занадта агрэсіўнымі. Хаця, на маю думку, яны былі значна мякчэйшыя ў параўнанні з тым, як сябе часта паводзяць мужчыны, калі заляцаюцца да жанчын, — кажа даследчыца.

Пачынаць вырашаць праблему трэба са зменаў у грамадстве і культуры, якую спажываюць беларусы, лічыць Агарэлышава. Бо існуюць рэальныя кейсы, калі ахвяры харасменту наўпрост кажуць, што яна мусіць радавацца, калі да яе заляцаюцца.
— Так, напрыклад, было ў выпадку з расійскім дэпутатам [Леанідам] Слуцкім, які чапляўся да журналістак, — прыгадвае суразмоўніца. — Факт харасменту быў даказаны, але нікога не дзівіў: наадварот, некаторыя палітыкі казалі, што дзяўчаты — дурніцы і мусяць быць шчаслівыя, што на іх звярнуў увагу такі вядомы чалавек. Я лічу, што грамадства мусіць асуджаць такія кейсы.
Як распазнаць харасмент і што рабіць, калі я ахвяра?
— Ёсць такое правіла: калі вам падалося, што тое, што адбываецца — ненармальна, вы адчуваеце сябе ў небяспецы, — значыць, так і ёсць, — кажа Агарэлышава. — Вам могуць казаць, што вам падалося, што вы мусіце атрымліваць асалоду, што гэта быў камплімент, што гэта з вамі нешта не так. Але варта арыентавацца на вашае ўнутранае адчуванне. Магу параіць адкрыта казаць, што нейкае дзеянне парушае вашую асабістую прастору. Але тут існуе пэўная праблема: дзяўчат усё яшчэ інакш выхоўваюць, і жанчынам цяжка праявіць грубасць, бо гэта маркіруецца як непрыемныя паводзіны.
Калі харасмент адбываецца ў навучальнай ўстанове ці на працы, то варта звярнуцца да тых, хто адказвае за правілы паводзінаў у гэтым месцы. Калі казаць пра сферу адукацыі, гэта могуць сацыяльныя педагогі, псіхолагі. На працы гэта можа быць кіраўнік ці аддзел кадраў.
— Складана, калi харасмент ідзе ад самога кіраўніцтва, — падкрэслівае суразмоўніца. — У такім выпадку можна паспрабаваць звярнуцца да тых, хто займае яшчэ вышэйшыя пасады. Але бывае так, што карпаратыўная культура не працуе ў пэўных месцах, і тады адзінае выйсце, на жаль — звальненне. Бо часам харасмент можа перарасці ў гвалт.