Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з жыхарамі аграгарадка Белавежскі ў Камянецкім раёне паабяцаў яшчэ раз «вярнуцца да праблемы з картай паляка», піша БЕЛТА.

— Не хочацца пакрыўдзіць і людзей. Вось я ў Гродне з многімі знаёмы. Яны і ва ўладзе працуюць. Але карта паляка ў іх у кішэні ляжыць. Я кажу: «Мужыкі, ну як так?» — «Аляксандр Рыгоравіч, ды вы не хвалюйцеся, калі трэба — заўтра аддамо». Ну, кажа, усе бралі, мы ўзялі. Там паехаць кудысьці, яшчэ нейкая выгада была. Ну, усе атрымлівалі, кажа, і мы атрымалі. Не хочацца падразаць гэтых людзей. Таму мы робім акуратныя крокі, — растлумачыў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што «пераціскаць не трэба людзей».
— Людзі павінныя жыць свабодна на сваёй зямлі, у сваім грамадстве. Каб яны выказвалі пазіцыю сваю, нікога не баяліся. У адваротным выпадку навошта такая дзяржава, дзе будуць душыць людзей. Таму вельмі важна не перагнуць палку. Гэта не я прыдумаў. Гэта народны выраз. Але пра гэтых падумаем, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, у пачатку ліпеня праваабаронцы паведамлялі пра тое, што на мяжы сілавікі пачалі патрабаваць у беларусаў адмовіцца ад карты паляка. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», вядома не менш чым пра дзесяць такіх выпадкаў. Па гэтым пытанні мы звярталіся ў Дзяржпамежкамітэт. У ведамстве нам адказалі, што цяжкасцяў з перасячэннем беларускай мяжы ва ўладальнікаў карт паляка быць не мусіць.
Чытайце таксама