У Варшаве пасажыры напалі на таксіста з Беларусі: адзін з хлопцаў нанёс яму ўдары па галаве, а дзяўчаты абплявалі. Падчас інцыдэнту нападнікі называлі Васіля (імя змененае) «украінскай свіннёй» і жадалі яму «памерці на вайне»: пасажыры чамусьці палічылі яго ўкраінцам. Беларусь ужо падаў заяву ў паліцыю і расказаў MOST, чаго дабіваецца.

Канфлікт здарыўся 3 студзеня 2025 года. У той дзень Васіль вёз двух хлопцаў і дзвюх дзяўчат. Паездка мусіла доўжыцца каля 25 хвілін, але праблемы пачаліся з самага пачатку.
Спачатку дзяўчына, што сядзела наперадзе, папрасіла дазволу закурыць электронную цыгарэту. Васіль супраць курэння ў салоне, але дазволіў з умовай, што акно будзе адчыненае. Неўзабаве дзяўчына змерзла і зачыніла акно. Тады яе ўвагу забрала выключаная магнітола. Пасажырка захацела праз Bluetooth падключыць да яе сваю музыку. Але Васіль адказаў, што гэта будзе адцягваць яго ўвагу ад руху.
Забыў, як па-польску будзе «перадача»
Відаць, правілы беларуса пасажыраў раздражнялі. Мужчына ўспамінае, што дзяўчына пачала пытаць, чаму ён супраць таго, каб яна курыла далей у закрытым салоне, бо гаворка ўсяго толькі пра электронку. Васіль паспрабаваў растлумачыць, што электронная цыгарэта гэтак жа шкодная, як і звычайная. Хацеў расказаць, што глядзеў перадачу на гэтую тэму, але забыў, як будзе «перадача» па-польску, і выкарыстаў рускае слова. Так кампанія і зразумела, што ён з іншай краіны. Маладыя людзі спыталі, ці не з Украіны.
— Я адказаў, што не з Украіны. І сказаў, што гэта не мае дачынення да нашай справы — паездкі.
Васіль лічыць, што пасажыры маглі падумаць, што ён не хоча «прызнавацца»:
— Пачаліся фразы, чаму я не на вайне.
Адкуль ён родам, Васіль пасажырам так і не сказаў — патлумачыў, што гэта асабістая інфармацыя. Але ўсё ж настойваў, што не з Украіны.
«У адказ цішыня. А потым — газам у твар»
У варшаўскім таксі мужчына працуе ўжо паўтара года і адзначае, што ў асноўным у паездках усё ідзе гладка. Ды і ў цэлым польскія пасажыры яму падабаюцца, ён асабліва падкрэслівае: абсалютная большасць яго кліентаў — адэкватныя людзі. Зразумеўшы, што гэтая кампанія — выключэнне, Васіль сказаў, што завершыць паездку ў першым жа бяспечным месцы, а пасажыры змогуць выклікаць сабе іншае таксі.
Паездка была аплачаная карткай у праграме, і намер таксіста перапыніць яе абурыў маладых людзей. Тады Васіль патлумачыў кліентам, што яны змогуць напісаць рэкламацыю, каб ім вярнулі грошы. Маладыя людзі сказалі, што паставяць Васілю адну зорку, але той не перадумаў іх высаджваць.
Да таго моманту як Васіль спыніўся ў бяспечным месцы, паездка доўжылася толькі чатыры хвіліны. Мужчына кажа, што кліентам не грубіў, але сітуацыя іх усё ж вельмі раззлавала. Дзяўчына, пакідаючы машыну, абплявала кіроўцу і назвала «ўкраінскай свіннёй», а адзін з хлопцаў, выходзячы, ударыў у арку за задняй дзверкай — там засталася ўвагнутасць.
Пачуўшы гукі двух удараў у заднюю частку машыны, Васіль уключыў запіс на тэлефоне, крыкнуў маладым людзям, што выклікаў паліцыю, і выйшаў з салона, каб паглядзець, як выглядае гэтае месца. Ён сапраўды хацеў паведаміць пра пашкоджанне машыны ў паліцыю — зноў сеў у машыну, каб патэлефанаваць. Але набраць нумар не паспеў. Дзверы аўтамабіля адчыніліся: кліенты, якія ўжо нібыта сышлі, вырашылі вярнуцца. Адзін з іх да таго моманту наматаў на галаву шалік.
— Я спытаў: «Што ты хочаш?» У адказ цішыня. А потым — газам у твар, — апісвае тое, што адбылося, Васіль.
Ён выскачыў з салона, стаў на ногі. Але тут жа атрымаў два ўдары па галаве і інстынктыўна адвярнуўся. Васіль кажа, што першыя ўдары былі лёгкімі і хутчэй спантаннымі.
— Ён крыкнуў, што я абпляваў жанчыну, — успамінае Васіль.
Пасля гэтага ўдары працягнуліся, і Васіль адчуў, што нападнік стаў наносіць іх «прыцэльна ў галаву». Некалькі разоў той пры гэтым крыкнуў: «Сп**даляй» («правальвай»). Увесь гэты час тэлефон Васіля вёў запіс.
Ціск — 190
Збіццё спынілі сігналы машыны: побач праязджаў патруль, але паліцэйскія былі ў цывільным.
Убачыўшы, што з машыны выходзяць мужчыны, нападнікі пачалі адыходзіць. Але паліцэйскія спынілі іх і загадалі заставацца на сваіх месцах, а Васіля папрасілі набраць 112 — гэта адзіны нумар службаў выратавання. Дыспетчарка выклікала Васілю машыну хуткай дапамогі і яшчэ адну патрульную машыну. Пакуль ён чакаў дапамогі, прыкладваў да твару снег, каб знізіць ацёк і «каб не было фінгала».
Васіль успамінае, што ў яго разбалелася галава. Медыкі памералі беларусу ціск — верхні аказаўся на ўзроўні 190. Дактары далі яму таблетку, каб збіць паказчык, і яна дапамагла — танометр паказваў ужо 150. Але ўсё ж мужчына вырашыў паехаць для абследавання ў бальніцу. Там яму зрабілі МРТ, але яно паказала, што сур’ёзных траўмаў ён не атрымаў.
Рэгістратара ў салоне кіроўцы няма, але запіс на тэлефоне, які паспеў уключыць Васіль, — яго доказ. Беларус ужо звярнуўся ў фонд Ponad podziałami, дзе яму дапамаглі скласці заяву пра злачынства ў паліцыю і хадайніцтва пра прыцягненне нападнікаў да адказнасці.
Усе прыкметы ксенафобскага нападу
Юрыст Давід Дэхнерт кажа, што ў выпадку Васіля ёсць усе прыкметы складу злачынства паводле крымінальнага артыкула 119 КК Польшчы пра дыскрымінацыю. Паводле яго гвалт або пагрозы на глебе нацыянальнай, расавай, палітычнай ці рэлігійнай прыналежнасці караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох месяцаў да пяці гадоў.
Аднак даказаць, што напад быў ксенафобскім, можа быць складана. Васіль кажа, што ўжо на стадыі апытання яму задавалі падступныя пытанні: пра тое, чаму ён абразіўся, калі фразы пасажыраў датычылі ўкраінцаў, а не беларусаў.
— Нават калі гэтыя людзі памылкова лічылі, што ён украінец, гэта ўсё роўна так званая «няўдалая спроба», і гэта караецца законам, як калі б яны здзейснілі [тое самае] злачынства, — мяркуе Давід Дэхнерт.
Паводле яго, калі ксенафобскі матыў даказаць не атрымаецца, напад можа быць кваліфікаваны як парушэнне цялеснай недатыкальнасці. Акрамя таго, нанесеная шкода маёмасці — машыне Васіля.
Зрэшты, юрыст сумняваецца, што за такое злачынства нападнікам дадуць рэальныя тэрміны. Васіль і не патрабуе суровага пакарання, але хоча прыцягнуць увагу да праблемы ксенафобіі і бяспекі таксістаў.