Калі больш за шэсць месяцаў у годзе вы жывяце ў Польшчы, то паводле мясцовага заканадаўства мусіце даць справаздачу пра свае даходы перад дзяржавай — дэкларацыі за 2024 год пачалі прымаць 15 лютага. У гэтай краіне працэс, у адрозненне ад аналагічнага ў Беларусі, прадугледжвае цікавую опцыю — магчымасць самастойна скіраваць 1,5% сваіх падаткаў у адрас якой-небудзь грамадска карыснай арганізацыі.
Калі ласка, зрабіце свой выбар на карысць «Люстэрка». Зараз растлумачым, як усяго пяць хвілін вашага часу дапамогуць нам далей расказваць мільёнам беларусаў сапраўдныя навіны і важныя гісторыі.

1,5% вашых падаткаў у любым выпадку будуць адпраўленыя якой-небудзь грамадска карыснай арганізацыі, гэта адбудзецца аўтаматычна. Калі вы не вызначыце адрасата ўручную, яго самастойна выберуць польскія ўлады.
«Люстэрка» — некамерцыйная арганізацыя, мы не атрымліваем ніякага прыбытку. Аднак працэдура пацверджання права на непасрэдны прыём часткі падаткаў рэзідэнтаў Польшчы займае вельмі шмат часу — даходзіць да некалькіх гадоў. Таму сёлета нам дапамагае пасярэднік — кампанія Fanimani. Яна дае магчымасць арганізацыям накшталт нашай бяспечна і законна збіраць грошы.
Мы будзем бязмерна ўдзячныя кожнаму чытачу, які вырашыць пералічыць частку сваіх падаткаў «Люстэрку». Вы можаце дапамагчы нам расказваць беларусам, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне. Аўдыторыя «Люстэрка» на розных пляцоўках складае больш за 3 мільёны ўнікальных наведнікаў — асноўная іх частка знаходзіцца ў Беларусі. Толькі разам мы можам зрабіць так, каб хлусня, якую транслююць рэжым і прапаганда, не стала ісцінай.
Калі вы хочаце пазбегнуць падвойнага падаткаабкладання і плануеце падаць сваю польскую дэкларацыю ў беларускую падатковую — вам не варта адпраўляць нам ахвяраванне. Дадзеныя, якія ўказваюць на «Зеркало», будуць у вашых дакументах.
Паэтапная інструкцыя
Электронная дэкларацыя пра даходы па працоўных дамовах і дамовах падраду (PIT-37) падаецца на сайце podatki.gov.pl. Пасля аўтарызацыі сістэма адразу прапануе запоўніць неабходную форму. Для гэтага неабходна націснуць на кнопку «Złóż PIT» (падаць дэкларацыю).

На старонцы, якая адкрыецца, вы зможаце ўбачыць інфармацыю пра свае даходы, якую падатковая інспекцыя аўтаматычна атрымала ад вашага працадаўцы, а таксама спасылкі на ўдакладненне звестак у дэкларацыі. Пункт, які датычыць перадачы часткі падаткаў грамадска карысным арганізацыям, ідзе чацвёртым і называецца «1,5% podatku dla OPP». Націсніце на спасылку «Dodaj» (дадаць) альбо «Edytuj» (рэдагаваць) побач з гэтым пунктам.

На старонцы, якая адкрылася, трэба будзе запоўніць два палі:
- У полі «Numer KRS wybranej organizacji (Poz. 147 z PIT-37)» увядзіце лічбы 0000507234 — гэта рэгістрацыйны нумар нашай арганізацыі-партнёра Fanimani
- У полі «Cel szczegółowy do przekazania 1,5% podatku (Poz. 149 z PIT-37)» (канкрэтная мэта па пералічэнні 1,5% падатку) — 84784, гэта ідэнтыфікатар «Люстэрка».
Поле «Kwota 1,5% podatku do przekazania OPP (Poz. 148 z PIT-37)» (сума 1,5% падатку, якая падлягае пералічэнню ў грамадска карысную арганізацыю) сістэма запоўніць аўтаматычна. Пасля ўводу інфармацыі пастаўце галачку згоды на перавод і націсніце кнопку «Zatwierdź» (пацвердзіць).

Пасля вам трэба будзе далей запоўніць дэкларацыю і, калі ўсё будзе гатова, падаць яе. Зрабіць гэта трэба да 30 красавіка.
Інструкцыя для іншых відаў дэкларацый
Калі вы запаўняеце іншы від дэкларацыі альбо яе за вас запаўняе бухгалтар, падайце звесткі ў наступных палях.
Від дэкларацыі | Нумар поля для ўказання KRS 0000507234 | Нумар поля для ўказання мэты 84784 |
---|---|---|
PIT-28 (Ryczałt) | 251 | 253 |
PIT-36 (Skala podatkowa) | 520 | 522 |
PIT-36 L (Podatek liniowy) | 172 | 174 |
Усе атрыманыя сродкі ў поўным памеры мы скіруем на забяспечанне працы «Люстэрка».
Як яшчэ дапамагчы рэдакцыі?
Вы таксама можаце падтрымаць нас праз Donorbox. Як аднаразовым плацяжом, так і падпісацца на штомесячную падтрымку на любую суму ад 5 еўра — другая опцыя дасць нашаму медыя больш стабільнасці, аднак ведайце, што важная абсалютна любая дапамога. Памятайце, што адпраўляць ахвяраванні з картак беларускіх і расійскіх банкаў не варта, нават калі вы за мяжой.