«Мяне заказаў прарэктар». Выкладчыца БДУ расказала, як яе кінулі на Акрэсціна, каб прымусіць звольніцца
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У новым выпуску ТОКу вядомая юрыстка, колішняя загадчыца кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін БДУ Кацярына Дзяйкала расказала, як яе звальнялі з універсітэта, паведамляе «Наша Ніва».

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачествоАвто 1  СкоростьОбычная  

Кацярына Дзяйкала згадвае, што ў 2020 годзе ёй далі зразумець, што не будуць працягваць кантракт у БДУ. Але паколькі яе пасада займаецца па выніках конкурсу, яна падала неабходныя для гэтай працэдуры дакументы.

«Я разумела, што калі яны зараз мне не працягнуць конкурс, я буду скандаліць», — заўважае Дзяйкала.

Але на яе знайшлі спосаб уздзейнічаць.

«Для кагосьці было дастаткова размовы. <…> Для кагосьці ўвогуле не трэба размоў, проста намёк. Але для мяне, відаць, стала недастаткова, і да мяне прыйшлі з ператрусам у адзін цудоўны дзень. Па замове прарэктара БДУ па бяспецы».

Дзяйкала згадвае, што чула размовы тых людзей, што праводзілі ператрус:

«Я чую, што яны гавораць: «Пазвані заказчыку». Я кажу: «Цікава, хто мяне заказаў?» Яны гавораць: «Падумайце, дзе вы працуеце».

Пасля ператрусу Кацярыну затрымалі, і яна тры дні правяла на Акрэсціна. «Там я прыняла рашэнне сыходзіць. Я сама зразумела, што я больш не магу працаваць у БДУ, які вось так робіць», — кажа Дзяйкала.

Але пасля вызвалення яе выклікалі на размову:

«Намеснік дэкана, які са мною размаўляў, не змог нейкім чынам сам справіцца з гэтым. Таму паклікаў Алену Анатолеўну Дастанка, якая цяпер дэкан. Вельмі па-чалавечы, з чалавечай спагадай [размаўлялі].

І яны пачынаюць табе: «Вось, разумееш, такая сітуацыя… Так, вядома, у нас няма танкаў, каб іх перамагчы, але што ж рабіць, бо гэта для тваёй жа бяспекі. (…) Давайце вам дапаможам, можа быць, уладкавацца кудысьці на працу, у іншую ВНУ. (…) Вы ж ведаеце, на што здольныя гэтыя людзі», — прыгадвае Дзяйкала некаторыя абставіны размовы, і дадае, што такі стыль ствараў уражанне таго, што суразмоўцы суперажываюць, «проста яны не могуць».

«І гэта жахліва, гэта нармалізуе. І як бы атрымліваецца, што няёмка ўжо і сказаць, што яны цябе рэпрэсавалі. Ты што, вось гэтая душэўная размова з Аленай Анатолеўнай, гэта што, рэпрэсія? Не ж. Ах ты няўдзячная», — даводзіць Дзяйкала.