Ганна Канапацкая на паседжанні ЦВК, прысвечаным устанаўленню вынікаў выбараў, павіншавала Лукашэнку з перамогай, прапанавала свае паслугі і досвед дзейнай уладзе, а таксама раскрытыкавала той факт, што старонка выбараў-2020 «дагэтуль не перагорнутая».

Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
На думку Канапацкай, сітуацыя ў краіне стабільная, але ёсць доля сацыяльнай напружанасці.
«Пры ўсёй радасці перамогі прыхільнікаў дзейнай улады, якую я, безумоўна, віншую, у мяне няма адчування свята, пра якое сёння ўсе гавораць. Кіраўнік дзяржавы не раз казаў: „Давайце перагорнем старонку 2020 года“. Але пакуль, на жаль, у мяне складваецца адчуванне, што з абодвух бакоў перамагаюць радыкалы, якія штурхаюць нас да далейшага расколу. Адны — гэта тыя, якія выводзяць людзей на правакацыйныя акцыі пра непрызнанне вынікаў праведзеных выбараў і падстаўляюць іх пад крымінальны пераслед. Другія — гэта тыя, хто сёння ўбіраецца ў вярыгі, не жадае праявіць мудрасць, міласэрнасць, а можа, нават прабачэнне», — сказала яна.
Канапацкая прывяла сябе ў прыклад як постаць, якая аб’яднала людзей, у тым ліку тых, хто знаходзіцца за мяжой. Яна ўпэўненая, што такую пазіцыю можна выкарыстоўваць «для аптымізацыі і паскарэння добраахвотнага вяртання ў Беларусь людзей, якія пакінулі яе з розных прычын, але не ўцягнутых у экстрэмісцкую дзейнасць».
Ганна Канапацкая таксама прапанавала свой досвед «заканадаўца і палітыка» і паслугі дзейнай уладзе.