У Беларусі хочуць адкарэктаваць правілы аўтамабільных перавозак грузаў. Адпаведны законапраект размешчаны для грамадскага абмеркавання на Нацыянальным прававым форуме.

Праект пастановы ўрада мяркуе, што па аўтамабільных перавозках грузаў унясуць змяненні, каб зрабіць іх больш бяспечнымі.
Адно з прапанаваных змяненняў — абавязаць грузавы транспарт карыстацца полагам (спецыяльнай фіранкай) падчас перавозцы сыпкіх грузаў. Як плануецца, гэта дазволіць абараніць аўтадарогу і прыдарожную паласу ад забруджванняў.
Яшчэ адна прапанова — абавязаць абсталяваць кузавы грузавога транспарту падчас перавозкі драўніны спецыяльнымі прыстасаваннямі — стойкамі, конікамі, шыпамі, грабянцамі супраслізгання. Гэта мае выключыць магчымасць зрушвання грузу.
Таксама ўрад хоча, каб грузавы транспарт быў абсталяваны апаратурай спадарожнікавай навігацыі і тэхнічным сродкам відэафіксацыі.
Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 10 лютага. Законапраект ужо атрымаў некалькі водгукаў на Нацыянальным прававым форуме.
«Лічу, што відэафіксацыя і аўдыёфіксацыя ў кабіне аўтамабіля парушае асноўныя правы чалавека (кіроўцы), бо кіроўца ў кабіне не толькі працуе, але і жыве, — напісаў адзін з каментатараў. — Тым больш амаль па ўсіх дарогах ёсць відэакамеры, іх варта і выкарыстоўваць. Даць доступ да іх для транспартнай інспекцыі, каб маглі аналізаваць працу грузавога аўтамабіля. Для ўстаноўкі гэтых прыладаў неабходныя дадатковыя фінансавыя сродкі. Цяпер у перавозчыкаў і так не самыя добрыя часы».
«Што да абсталявання спадарожнікавай навігацыяй: магчыма, для вялікіх арганізацый гэта і актуальна. Але для мяне, які мае адзін аўтамабіль, нічога, акрамя павелічэння выдаткаў, гэта не дасць. Хто хацеў, даўно ўсталяваў. Вось рэгістратар — гэта актуальна», — лічыць яшчэ адзін каментатар.
«Трэба абмежаваць час працы кіроўцаў грузавікоў, каб не было перапрацоўкі па 16−17 гадзін на суткі. І каб былі абавязковыя двое сутак адпачынку на тыдзень (бесперапынных). Для гэтага неабходна зрабіць абавязковым выкарыстанне чыпаў для грузаперавозак па Беларусі, а не толькі для міжнародных перавозак», — перакананы яшчэ адзін карыстальнік Нацыянальнага прававога форуму.
Нагадаем, раз-пораз з’яўляюцца гісторыі, як з грузавікоў, якія перамяшчаюцца па аўтамабільных дарогах, вывальваецца груз. Пры гэтым перавозчыкаў кантралююць не толькі ДАІ і транспартнікі, але і супрацоўнікі прафсаюзаў.
У канцы кастрычніка 2024 года на трасе Р-43 у Слуцкім раёне супрацоўнікі транспартнай інспекцыі і ДАІ спынялі грузавікі, якія везлі буракі на цукрарафінадны камбінат. Яны правяралі выкананне правілаў перавозкі грузаў. У ПДР гаворыцца, што такая перавозка забараняецца, калі яна стварае пагрозу бяспецы руху. Для кіроўцаў звычайна гэта значыць, што, калі груз выходзіць за лінію бартоў, ён мусіць быць замацаваны ці накрыты тэнтам. Прычым звяртаюць увагу не толькі на буракі, якія «тырчаць», але і на бураковыя жамерыны, і на іншае.
Чытайце таксама