Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) Беларусі ў панядзелак, 3 лютага, правяла паседжанне, на якім падвяла канчатковыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў, што адбыліся 26 студзеня 2025 года.

Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
У выбарах узяло ўдзел 5 916 195 чалавек (85,86%).
Паводле афіцыйных звестак, Аляксандр Лукашэнка набраў 5 136 293 галасы (86,82%).
Астатнія кандыдаты атрымалі:
- Сяргей Сыранкоў — 3,21% (189 740 галасоў);
- Алег Гайдукевіч — 2,02% (119 272 галасы);
- Ганна Канапацкая — 1,86% (109 760 галасоў);
- Аляксандр Хіжняк — 1,74% (102 789 галасоў).
Супраць усіх прагаласавалі 3,60% выбаршчыкаў (213 277 чалавек). Былі прызнаныя несапраўднымі 45 064 бюлетэні, сапсаваныя — 2094.
Лічбы не змяніліся. Нагадаем, паводле папярэдніх звестак, агучаных на наступны дзень пасля галасавання, Аляксандр Лукашэнка набіраў 86,82% галасоў. Паводле афіцыйных звестак абласных і Мінскай гарадской выбарчых камісій, Аляксандр Лукашэнка атрымаў найбольшую падтрымку ў Магілёўскай вобласці — 92,63% галасоў, найменшую — у Мінску, дзе за яго прагаласавалі 79,34% выбаршчыкаў.
Астатнія кандыдаты атрымалі: Сяргей Сыранкоў — 3,21%, Алег Гайдукевіч — 2,02%, Ганна Канапацкая — 1,86%, Аляксандр Хіжняк — 1,74%. Супраць усіх прагаласавалі 3,60% выбаршчыкаў.
Яўка на выбарах склала 85,69% ад 6,9 млн выбаршчыкаў, якія маюць права голасу. Пры гэтым датэрмінова прагаласавалі 41,81% выбаршчыкаў.