Першы месяц 2025 года ў цэлым і апошні тыдзень студзеня ў прыватнасці склаліся добра для беларускага валютнага рынку. Як будуць паводзіць сябе даляр і іншыя валюты ўжо ў лютым? Тлумачыць у традыцыйным прагнозе выданне Myfin.by.

Беларускі валютны рынак у апошні тыдзень студзеня
Абменны курс даляра ЗША за мінулы тыдзень трохі вырас у першыя дні, але па выніках усяго тыдня знізіўся на 0,42%. Агулам у пачатку года курс даляра ЗША таннее ўжо на 2,11%. Валютныя таргі ў пятніцу, 31 студзеня, закрыліся на адзнацы USD/BYN 3,4003. Аб’ём таргоў цягам тыдня быў трохі ніжэйшы за сярэдні. Характэрна, што камерцыйныя банкі істотна знізілі курс пакупкі і продажу даляраў ЗША да дыяпазону 3,375−3,383. Гэта сведчыць пра нізкі попыт з боку айчынных банкаў на даляры ЗША і еўра.
Сапраўды, крэдытаванне ў далярах ЗША і еўра скарацілася практычна да мінімуму, разлікі з за мяжой ва ўсіх формах таксама імкнуцца да нуля. Такім чынам, запатрабаванасць гэтых дзвюх валют мінімальная, бо і фізічныя асобы цягам вось ужо доўгага часу застаюцца чыстымі прадаўцамі валюты. Падобна да таго, што рэалізуецца сакральная тэма, калі «баксы» выйдуць з моды ў Беларусі.

Курс расійскага рубля за мінулы тыдзень таксама мяняўся рознаскіравана, па выніках тыдня скончыў ростам на 0,52%. Агульнае ўмацаванне курсу расійскага рубля на беларускім ўнутраным рынку складае ўжо +2,76%. Фінальнае значэнне мінулага тыдня — RUB/BYN 3,4412 за 100 расійскіх рублёў. Аб’ём таргоў быў ніжэйшы за сярэдні, але агулам за студзень на беларускім валютным рынку нагандлявалі расійскім рублём на суму больш чым 1 мільярд даляраў ЗША ў эквіваленце.
Цікава, што на беларускім валютным рынку курс куплі/продажу даляраў ЗША за расійскую валюту крыху больш выгадны, чым у самой Расіі. У мінскіх абменніках да канца мінулага тыдня склалася курсавая карціна даляра за расійскія 98,3−98,75 рубля. Тлумачэнне гэтага — той самы нізкі попыт на «баксы» з боку нацыянальнай фінансавай сістэмы.

На расійскім фінансавым рынку цягам мінулага тыдня назіралася аналагічная тэндэнцыя на ўмацаванне рублёвай ліквіднасці. Абменны курс даляра ЗША закрыўся да канца тыдня на адзнацы USD/RUB 98,75. Цягам тыдня курс даляра апускаўся да USD/RUB 96,125. Падтрымку расійскаму рублю па-ранейшаму аказвае слабы попыт з боку расійскага імпарту і высокая прапанова замежнай валюты на фінансавым рынку.
Не выключана, што гэтая сітуацыя мала зменіцца найбліжэйшым часам — як мінімум да 14 лютага, даты паседжання Савета дырэктараў Банка Расіі. Высокая ключавая стаўка Цэнтрабанка істотна астудзіла рынак крэдытавання, і пакуль сітуацыя не пачне мяняцца, расійская валюта будзе знаходзіцца ў зялёнай зоне.
Дзеянні Трампа і курсы валют
На сусветным фінансавым рынку на мінулым тыдні таксама адбываліся значныя падзеі. Па-першае, адміністрацыя Трампа абвясціла пра ўвядзенне павышаных тарыфаў у дачыненні да Канады, Мексікі і Кітая. Дасталася ўсім. З высокай ступенню імавернасці менавіта гэтая акалічнасць прывяла да значнага росту цэн на золата, якое абнавіла гістарычны максімум. Кошт ф’ючарснага кантракту на нью-ёркскай COMEX падымаўся да 2862,90 USD/Oz. Цана таварнага золата на біржы KITCO расла дп 2823,10 USD/Oz. То-бок золата не проста перавысіла адзнаку 2800, але і нацэлілася на псіхалагічны ўзровень 3000 USD/OZ.
Такі рост цаны металу адбываўся, і гэта вельмі важна, пры адначасовым умацаванні даляра ЗША на пазабіржавым рынку Форэкс. Асноўная валютная пара EUR/USD упала за тыдзень да адзнакі 1,0362, індэкс даляра DXY расце да 108,220 п.п. Такая раскарэляцыя пары EUR/USD і золата стварае прэцэдэнт далейшага росту даляра на сусветным рынку. І, як вішанька на торце, усё гэта адбываецца на фоне святкавання кітайскага Новага года, якое працягнецца яшчэ і на гэтым тыдні.
Прагноз на тыдзень
З улікам сказанага на беларускім валютным рынку ў першы тыдзень лютага можна чакаць умеранага зніжэння курсу даляра ЗША і невялікага росту курсу расійскага рубля. Магчымае зніжэнне пары USD/BYN да 3,380 і рост RUB/BYN да 3,450 за 100 расійскіх рублёў.