Прэзідэнты Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана і Расіі павіншавалі Аляксандра Лукашэнку з «перамогай» на прамінулых выбарах. Пра гэта паведамляюць прэс-службы палітыкаў.

Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
Уладзімір Пуцін у сваёй тэлеграме адзначыў, што «пераканаўчая перамога» Лукашэнкі «на выборах наглядно свидетельствует о Вашем высоком политическом авторитете, а также о несомненной поддержке населением государственного курса, которым следует Белоруссия».
«За апошні час нам удалося нямала зрабіць для ўмацавання дружалюбных сувязяў паміж Масквой і Мінскам. І, вядома, мы працягнем цесную сумесную працу па далейшым развіцці шматпланавага расійска-беларускага супрацоўніцтва, павышэнні эфектыўнасці інстытутаў Саюзнай дзяржавы і прасоўванні ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы», — гаворыцца ў паведамленні, якое апублікавала прэс-служба Крамля.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў перадаў свае віншаванні падчас тэлефоннай размовы раніцай 27 студзеня, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі. Удакладняецца, што падчас гутаркі палітыкі таксама абмеркавалі «пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, абмяняліся думкамі па міжнароднай тэматыцы».
У прэс-службе прэзідэнта Казахстана каротка пацвердзілі размову з беларускім палітыкам:
«Касым-Жамарт Такаеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Суразмоўцы абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, а таксама ўзаемадзеянне ў рамках рэгіянальных і міжнародных арганізацый».
Акрамя таго, у Мінску заявілі пра праведзеную 27 студзеня тэлефонную размову Лукашэнкі і прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева.
«Высокая яўка выбаршчыкаў і вынікі галасавання яшчэ раз пацвердзілі вялікі давер беларускага народа да дзейнага прэзідэнта краіны, шырокую падтрымку цяперашняга палітычнага курсу і сацыяльна-эканамічных рэформаў. Падчас гутаркі былі разгледжаныя актуальныя пытанні далейшага развіцця ўзбекска-беларускіх адносін шматпланавага партнёрства ў кантэксце практычнай рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан 7−9 лютага мінулага года», — заявілі ў прэс-службе Мірзіёева.
Патэлефанаваў у Мінск і прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Ён «павіншаваў» беларускага палітыка «з перамогай і высокім вынікам на прамінулых прэзідэнцкіх выбарах».
«Кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах», — перадае прэс-служба Лукашэнкі.
27 студзеня таксама прайшла тэлефонная размова Лукашэнкі і азербайджанскага лідара Ільхама Аліева.
«Ільхам Аліеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з упэўненай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах, пажадаўшы поспехаў у працы на гэтай адказнай пасадзе і рэалізацыі планаў. Кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі ход рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Баку, і пацвердзілі нацэленасць на развіццё дружалюбных адносін паміж дзвюма краінамі», — адрапартавалі ў прэс-службе беларускага палітыка.
Раней Лукашэнку павіншаваў урад Венесуэлы.
Нагадаем, паводле звестак падкантрольнага беларускім уладам ЦВК, на прэзідэнцкіх выбарах 26 студзеня за Алега Гайдукевіча прагаласавала 2,02% апытаных; за Ганну Канапацкую — 1,86%; за Аляксандра Лукашэнку — 86,82%, Сяргей Сыранкоў набраў 3,21% галасоў апытаных выбаршчыкаў, Аляксандр Хіжняк — 1,74%, супраць усіх — 3,6%.
Канчатковыя вынікі выбараў будуць падведзеныя 3 лютага.
Паводле папярэдніх звестак ЦВК, Аляксандр Лукашэнка пабіў уласны рэкорд «народнай падтрымкі».