Вячорка: Мы ўжо звярнулі ўвагу замежных партнёраў на блакаванне інтэрнету ў Беларусі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Офіс Святланы Ціханоўскай «ужо звярнуў увагу замежных партнёраў на блакаванне інтэрнету ў Беларусі падчас і пасля т. зв. выбараў», паведаміў «Позірку» галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Фота іллюстрацыйнае. Фота: Unsplash / Leon Seibert
Фота іллюстрацыйнае. Фота: Unsplash / Leon Seibert

«Нават пасля пяці гадоў бязлітасных рэпрэсій рэжым баіцца, успамінаючы падзеі 2020-га. Лукашэнка працягвае жыць тым страхам. Блакіроўка — яшчэ адно сведчанне таго, што гэта ніякія не выбары, а ваенная аперацыя па незаконным утрыманні ўлады», — адзначыў дарадца.

Паводле слоў Вячоркі, Офіс Святланы Ціханоўскай будзе інфармаваць пра сітуацыю са свабодай інтэрнета ў Беларусі як партнёраў, так і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Найбуйнейшы рэгістратар даменаў у Беларусі, правайдэр IT-інфраструктуры hoster.by паведаміў, што з 10:00 25 студзеня да 23:59 27 студзеня беларускія правайдэры «абмяжуюць доступ да віртуальнага хостынгу з-за межаў Рэспублікі Беларусь».

Гэтыя захады, паводле паведамлення кампаніі, «абумоўленыя пагрозамі для аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаннем». Кампанія папярэдзіла, каб кліенты «былі гатовыя да магчымых абмежаванняў у даступнасці» іх рэсурсаў, калі яны карыстаюцца «вонкавымі сэрвісамі».

Генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў у сацыяльных сетках, што «большасць сайтаў у байнэце (больш за 90%) размяшчаецца менавіта на віртуальным хостынгу». Такім чынам, «з-за мяжы на беларускія сайты (большасць) будзе не зайсці».

Згодна маніторынгу дзяржаўных сайтаў, які вядзе «Позірк», доступ да іх пачаў закрывацца яшчэ да афіцыйнага паведамлення. Цяпер недасяжныя нават сайты Нацыянальнага прэс-цэнтра і Дома прэсы. Захаваўся доступ да сайта Лукашэнкі, Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўлады амаль цалкам заблакавалі інтэрнет на тры дні.