МЗС Беларусі абяцала выйсці з тэрміновай заявай. Нічога новага ў ёй не прагучала
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз на брыфінгу заявіў пра «найгрубейшае ўмяшанне ў суверэнныя справы» краіны ў перыяд выбарчай кампаніі, перадае БЕЛТА.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

«З ініцыятыве групы ангажаваных дэпутатаў сёння плануюцца дэбаты па праекце рэзалюцыі Еўрапарламента што да выбараў у Рэспубліцы Беларусь. Ужо на гэтай стадыі відавочна, што праект — найгрубейшае ўмяшанне ў электаральныя працэсы суверэннай дзяржавы, што ён не мае нічога агульнага з рэальным станам справаў і закліканы аказаць ціск на свабоднае волевыяўленне беларускіх грамадзян», — сказаў Глаз.

Ён таксама заявіў, што ў распараджэнне МЗС трапіла заява Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якую тая плануе зрабіць пасля выбараў.

«Выбары толькі пачаліся, а там ужо ўсё асудзілі і не прызналі», — адзначыў ён.

Прадстаўнік МЗС лічыць, што такім чынам «еўрапейская дыпламатыя распісваецца ў сваім бяссіллі».

Глаз нагадаў, што на адрас БДІПЧ АБСЕ было скіраванае запрашэнне назіраць за выбарамі, але пры гэтым падкрэсліў, што для беларускага боку рашэнне БДІПЧ АБСЕ «не мае прынцыповага значэння».

Нагадаем, напярэдадні Еўрапейскі парламент заклікаў у рэзалюцыі краіны Еўрапейскага саюза (ЕС) не прызнаваць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Адпаведны праект размешчаны на сайце заканадаўчага органа.

Не прызналі ў ЕС і вынікі выбараў 2020 года. На тых выбарах, на думку праваабаронцаў, выбарчы працэс прайшоў са шматлікімі парушэннямі і быў цалкам непразрыстым. Паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнка набраў 80,1% галасоў, а Святлана Ціханоўская — 10,12%.

Між тым эксперты незалежнай платформы «Голас» прааналізавалі дадзеныя пратаколаў выбарчых участкаў і звесткі, дасланыя карыстальнікамі платформы, і прыйшлі да высновы, што за Ціханоўскую прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек, або 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі.