«Якія ў яго могуць быць матывы?» Валерый Сахашчык пракаментаваў «Люстэрку» ўзлом свайго сайта і датычнасць да гэтага Кабанчука
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У тэлеграм-канале, набліжаным да сілавікоў, 15 студзеня з’явілася інфармацыя пра ўзлом сайта польскай будаўнічай кампаніі Sahaty, якая належыць Валерыю Сахашчыку. Гэта былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы. У паведамленні сцвярджалася, што з атакай можа быць звязаны Вадзім Кабанчук, які змяніў Сахашчыка ў АПК. «Люстэрка» спытала самога былога палітыка, што ён думае пра гэта і як дзеянні хакераў адбіліся на працы ягонага прадпрыемства.

Бывший представитель Объединенного переходного кабинета по обороне и национальной безопасности Валерий Сахащик во время сайд-ивента по Беларуси. Вильнюс, 11 июля 2023 года. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской
Былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык падчас сайд-івэнту па Беларусі. Вільнюс, 11 ліпеня 2023 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Валерый Сахашчык заявіў, што ўпэўнены: Вадзім Кабанчук не мае дачынення да ўзлому сайта яго кампаніі, як гэта сцвярджае набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал.

— Якія ў яго могуць быць матывы? Я нават не гатовы гэта абмяркоўваць, — кажа ён. — З такім самым поспехам можна падазраваць як мінімум палову з васьмі мільярдаў насельніцтва зямнога шара. З Вадзімам Кабанчуком я апошні раз меў зносіны года паўтара таму, і я дакладна нічога дрэннага яму не зрабіў.

Паводле былога прадстаўніка АПК, узлом сайта кампаніі прывёў да поўнай паралізацыі яе дзейнасці. Хакеры атрымалі доступ да інтэрнэт-старонкі фірмы, а таксама да дакументацыі і заблакавалі яе.

— Гэта адбылося ў перыяд, калі мы закрываем год і вельмі шмат працы з дакументамі, трэба выконваць абавязанні перад падатковымі органамі Польшчы, — сцвярджае экс-прадстаўнік АПК. — Пакуль не магу ацаніць маштаб стратаў. Мне трэба думаць, як аднавіць працаздольнасць фірмы. Вялікіх непрыемнасцяў не будзе, але ў нас не працуюць ні бухгалтарскія праграмы, ні базы дадзеных.

Пры гэтым Сахашчык не перажывае, што зламыснікі апублікуюць адчувальныя ці кампраметавальныя для яго дакументы.

— Я вяду цалкам легальны бізнес, працую ў прававым полі, таму не перажываю, што будуць апублікаваныя нейкія дакументы, у іх няма нічога, за што мне трэба баяцца,-упэўнены былы палітык.

У паведамленні пра ўзлом хакеры запатрабавалі ад уладальніка кампаніі звязацца з імі і заплаціць за аднаўленне доступу да сайта. Экс-палітык заявіў «Люстэрку», што збіраецца пачаць перамовы са зламыснікамі, каб паскорыць аднаўленне працаздольнасці сваёй кампаніі.

Нагадаем, 9 студзеня тэлеграм-канал, звязаны з беларускімі сілавікам, расказаў пра ўзлом акаўнта ў Telegram Вадзіма Кабанчука — цяперашняга прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальнай бяспецы, а таксама былога намесніка камандзіра палка Каліноўскага. Аднак, як высветліла «Люстэрка», доступ да акаўнта палітыка атрымалі зусім не беларускія сілавікі, а іншыя хакеры. Сам Кабанчук заяўляў, што не давяраў мэсэнджару Telegram і не вёў у ім нейкіх адчувальных перапісак.

Чытайце таксама