Былая кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ расказала, як у 2001 годзе яе спыталі, колькі яна каштуе. На гэтае пытанне яна адказала радкамі з твора Аляксандра Пушкіна «Яўген Анегін».

— Не ведаю, ці была гэта спроба [падкупіць], але перад выбарамі 2001 года, калі яшчэ мяне запрашалі ў Еўропу, вучылі мяне, увесь час з прадстаўнікамі апазіцыі. І вось з боку апазіцыі гэта былі ўжо цяпер нябожчыкі Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка (віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 13-га склікання Беларусі. — Заўв. рэд.). І ён мне так жартаўліва кажа: «Ярмошына, дзядзька Сэм цікавіцца, колькі вы каштуеце?» Паколькі ў нас адносіны былі вельмі вясёлыя і жартаўлівыя, мне самой спадабаўся мой адказ. Я сказала: «Генадзь Дзмітрыевіч, як аматару паэзіі я вам адкажу словамі Таццяны Ларынай: „Но я другому отдана и буду век ему верна“», — заявіла Ярмошына.
Былая кіраўніца ЦВК у размове з прапагандыстам СТБ не сказала, калі была арганізаваная гэтая паездка. Аднак раней яна сцвярджала, што з такой прапановай да яе звярнуўся «адзін з вядомых палітыкаў» у 2001 годзе.
— Я магу сказаць, што ў 2001 годзе, незадоўга да выбараў, адзін з вядомых палітыкаў мне сказаў: «Лідзія Міхайлаўна, дзядзька Сэм цікавіцца, колькі вы каштуеце?» Вось і ўсё, — сцвярджала Ярмошына ў ліпені 2024 года.
Адзначым, што такой размовы паміж Ярмошынай і Карпенкам у 2001 годзе не магло адбыцца, бо апошні памёр ад кровазліцця ў мозг 6 красавіка 1999 года.
Нагадаем, Лідзія Ярмошына ўзначаліла ЦВК у снежні 1996 года з парушэннем Канстытуцыі, якая абавязвае прэзідэнта ўзгадняць зацверджанне старшыняў ЦВК з Саветам Рэспублікі, замест зніклага пазней Віктара Ганчара. Былая кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі пакінула сваю пасаду ў снежні 2021 года.
За яе часамі ёй ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
Лідзія Ярмошына знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Еўрасаюза і шэрагу іншых дэмакратычных краін за фальсіфікацыі падчас выбараў.
Чытайце таксама