У першай палове 2023 года ў знешнім гандлі захоўваўся шэраг праблем, якія не змог вырашыць урад. Такую выснову можна зрабіць з аналізу Камітэтам дзяржкантролю дакладу Саўміна для Аляксандра Лукашэнкі, які «Люстэрка» атрымала з дапамогай BELPOL. Нагадаем, у Беларусі нарастае праблема ў гандлі: імпарт усё больш перавышае экспарт.

Якія правалы і поспехі ўрада адзначыў КДК?
Дакумент Камітэта дзяржкантролю быў складзены ў жніўні 2023 года і падпісаны кіраўніком структуры Васілём Герасімавым. У дакуменце кантрольны орган вывучыў даклад урада пра выкананне ў першай палове 2023-га даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі па знешнім гандлі.
КДК піша, што ўрад выканаў усяго два пункты (абодва не вымяраюцца колькаснымі паказчыкамі): паляпшэнне падтрымкі экспарцёраў, а таксама замацаванне чальцоў урада за канкрэтнымі краінамі па экспарце.
Сярод нявыкананых паказчыкаў ёсць шэраг цікавых момантаў. Напрыклад, агульны спіс краін, у якія пастаўлялася беларуская прадукцыя: калі ў 2022 годзе іх было 150, то ў 2023-м — 145. Пры гэтым асноўнымі пакупнікамі былі пяць краін. 64,4% ад усяго экспарту ішло ў Расію, у ААЭ — 9,7%, у Кітай — 5,1%, у Казахстан — 2,3%, у Бразілію — 1,7%. На 60% тады прадалі менш замарожанай ялавічыны (усяго на 100,3 млн даляраў).
З дакумента вынікае, што ў розных краінах дзейнічаюць 183 гандлёвыя пасярэднікі з беларускім капіталам (больш чым палова працуе ў Расіі). У названы перыяд 92 з іх дапамагалі экспартаваць прадукцыю нашых вытворцаў. На гэтай дзейнасці яны зарабілі 627 млн даляраў.
У першай палове 2023 года істотна скараціўся экспарт некаторых важных тавараў. Сярод іх — мінеральныя і змяшаныя ўгнаенні, пастаўкі якіх за мяжу знізіліся на 36,5% — да 115,2 млн даляраў. Экспарт некаторых лесаматэрыялаў знізіўся больш чым на 70%, згушчанага і сухога малака і вяршкоў — на 71,6%.
Экспарт так званых спецыфічных тавараў, куды ўваходзіць прадукцыя ваеннага прызначэння, тавары (работы, паслугі) падвойнага выкарыстання, а таксама кантраляваныя ў інтарэсах нацбяспекі, у першай палове 2023 года скараціўся на 82% да таго ж перыяду 2022-га і склаў 72,8 млн даляраў.
Экспарт паслуг IT-сектара прасеў на 67,8%.
Пры гэтым чыноўнікі, расказваючы публічна пра сітуацыю ў знешнім гандлі, аддавалі перавагу таму, каб гаварыць пра пазітыўныя моманты. Напрыклад, у верасні 2023 года Юрый Чабатар (на той момант ён быў першым намеснікам міністра эканомікі, а цяпер — кіраўнік гэтага ведамства) расказваў, што «ўдалося цалкам пераарыентаваць экспартныя патокі на рынкі дружалюбных краін» і «экспарт стабільна расце».
У гандлі з дружалюбнымі краінамі былі цяжкасці
У верасні 2023 года віцэ-прэм'ер Беларусі Пётр Пархомчык хваліўся, што за пяць гадоў экспарт у Зімбабвэ вырас у восем разоў. Аднак тады чыноўнік змаўчаў пра негатыўны момант, які адзначаны ў дакуменце КДК. А менавіта што ў студзені — чэрвені таго года пастаўкі ў гэтую краіну скараціліся амаль на 40% у гадавым выражэнні. Хоць планавалася, што яны вырастуць на 10%.
Не асабліва гладка ішлі справы ў гандлі з Расіяй. Калі ў пачатку 2023 года ў дружалюбнай Расіі дзейнічала абмежаванне на ўвоз прадукцыі 59 беларускіх прадпрыемстваў, то ў жніўні таго ж года — ужо 61.
Нагадаем, у красавіку гэтага года Аляксандр Лукашэнка адзначаў, што беларускія прамысловыя вытворцы страчваюць пазіцыі на расійскім рынку.
Што ж да барацьбы з імпартам, то ўлады не першы год спрабуюць вырашыць гэтае пытанне, але адчуваюць цяжкасці з гэтым. Тым часам Беларусь усё больш збліжаецца з Расіяй па знешнім гандлі.
У сярэдзіне жніўня гэтага года ў Мінэканомікі расказалі, праз што ўзніклі цяжкасці ў знешнім гандлі: імпарт тавараў апярэджвае экспарт. У ведамстве лічаць, што ў гэтым «вінаватыя» ў тым ліку цэны на нафту і калій. Нагадаем, раней гэтае міністэрства папракала з нагоды праблем у знешнім гандлі ў тым ліку насельніцтва — праз павышаны попыт на імпартныя тавары.
Чытайце таксама


