Аляксандр Лукашэнка збянтэжыўся ад адмоўнага сальда ў замежным гандлі — імпарт тавараў перавышае пастаўкі нашых у іншыя краіны. Пра гэтую праблему палітык размаўляў у панядзелак, 17 чэрвеня, з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам.

«Як мне дакладваюць, эканоміка сёлета пакуль складваецца. Хоць ёсць пэўныя фактары, як заўсёды, якія насцярожваюць. Хацелася б, каб мы звярнулі перш за ўсё на гэта ўвагу. Але самае галоўнае, я заўважыў у сродках масавай інфармацыі рознага ўзроўню, тое, што ў нас адмоўнае сальда. Хоць невялікае, але складваецца адмоўнае сальда (у замежным гандлі. — Заўв. рэд.). Я так разумею, што Мінэканомікі і ва ўрадзе мусілі на гэта звярнуць увагу і прааналізаваць, у чым тут сітуацыя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама пацікавіўся сітуацыяй з плацяжамі на самым высокім узроўні. Гаворка пра аб’ёмы дэбіторскай, крэдыторскай пазычанасцяў.
Нагадаем, у замежным гандлі па-ранейшаму назіраецца дысбаланс: імпарт тавараў апярэджвае экспарт. У выніку разрыў паміж гэтымі паказчыкамі ўсё больш павялічваецца, гэта вынікае са звестак Белстата. Так, замежнагандлёвы абарот у студзені-красавіку склаў 27 млрд 576,7 млн даляраў. Пры гэтым экспарт вырас на 3,4% — да 13,15 млрд, а імпарт павялічыўся на 4,5% — да 14,42 млрд даляраў. Атрымліваецца, што пастаўкі замежных тавараў у Беларусь перавышаюць пастаўкі нашых на экспарт на 1 млрд 271,5 млн даляраў. За месяц да гэтага разбежка была на ўзроўні 934 млн даляраў.
Чыноўнікі не першы год змагаюцца з імпартам, але маюць з гэтым цяжкасці. Тым часам Беларусь усё больш збліжаецца з Расіяй па замежным гандлі.
Нагадаем, у 2023 годзе цяперашні першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун (тады ён быў проста намеснікам кіраўніка гэтага ведамства) заявіў, што «рынак ужо дастаткова насыціўся імпартам, тэмпы росту імпарту будуць скарачацца, будзе выраўноўвацца сальда замежнага гандлю». Чыноўнік таксама казаў, што ўрад пакуль не бачыць рызык праз гэты перакос у замежным гандлі. Ён таксама звяртаў увагу на адну з прычын паскоранага павелічэння імпарту — рост спажывецкага рынку. «Тут у нас і ўнутраны рынак засумаваў па пэўных таварах», — адзначаў раней Андрэй Картун.
Чытайце таксама