Каго ўзнагародзяць крэслам у Савеце Рэспублікі? З'явіўся спіс будучых сенатараў — вось самыя прыкметныя кандыдаты
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Нядаўна ў Беларусі змяніўся склад Палаты прадстаўнікоў, а 4 красавіка будзе абнаўленне Савета Рэспублікі. Днямі Цэнтрвыбаркам апублікаваў спіс кандыдатаў. Сярод іх, напрыклад, меркаваная маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская і яго ж былы хакейны трэнер, скандальна вядомы бізнесовец Дзмітрый Баскаў, датычны да забойства Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен» у 2020 годзе. Баскаў застаецца на другі тэрмін, як і цяперашняя старшыня Савета Наталля Качанава. А хто яшчэ з вядомых беларусаў атрымае прывілеі сенатара (так любяць называць гэтую пасаду ўлады) і права, хай і фармальнае, ухваляць новыя законы? Расказваем пра самыя прыкметныя і нечаканыя імёны.

Председатель Совета Республики 7-го созыва Наталья Кочанова тоже идет на второй срок. Фото: пресс-служба Совета Республики
Старшыня Савета Рэспублікі 7-га склікання Наталля Качанава таксама ідзе на другі тэрмін. Фота: прэс-служба Савета Рэспублікі

Нагадаем, звычайныя грамадзяне галасаваць на гэтых выбарах не будуць. У спісе ЦВК 56 чалавек — па восем кандыдатаў ад кожнай вобласці і Мінска. Новых чальцоў верхняй палаты парламента зацвердзяць мясцовыя саветы дэпутатаў (тэарэтычна яны могуць кагосьці не зацвердзіць, але на практыцы так не бывае). Так што ўсе кандыдаты мусяць трапіць у Савет Рэспублікі. Яшчэ восем чалавек потым прызначыць асабіста Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, таго ж Баскава ў 2021 годзе, пасярод кадэнцыі, прызначыў менавіта ён, але цяпер бізнесовец выступае кандыдатам ад Мінска.

Усе вылучаныя ў Савет Рэспублікі маюць вышэйшую адукацыю і займаюць кіраўнічыя пасады. Партыйных сярод іх роўна 30% — адзін сябра Камуністычнай партыі, яшчэ 16 — «Белай Русі». 15 кандыдатаў ужо займаюць крэслы ў верхняй палаце парламента. Пяцёра кіруюць абласнымі або раённымі саветамі дэпутатаў, пяцёра — чыноўнікі, яшчэ пяцёра — прадстаўнікі сістэмы адукацыі, шасцёра — кіраўнікі медыцынскіх установаў. Астатнія — у асноўным кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, калгасаў, арганізацый ЖКГ. Мы выбралі дзевяць самых цікавых кандыдатаў. Усе яны аказаліся мужчынамі: жанчын у спісе толькі траціна — 18 чалавек, і вядомых імёнаў, акрамя Качанавай і Абельскай, сярод іх няма.

Бюракратычны мастадонт

Былы віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы — сапраўдны доўгажыхар беларускай наменклатуры. Ён паспеў папрацаваць міністрам пры ўсіх прэм’ер-міністрах Беларусі, а цяпер ідзе на другі тэрмін у Савеце Рэспублікі. У адрозненне ад першага тэрміну, цяпер ён абіраецца як прадстаўнік свайго роднага рэгіёна — Гомельскай вобласці.

Русы не толькі аднагодак Лукашэнкі, але і, як і ён, выхадзец з калгаса. Папрацаваўшы дырэктарам гаспадаркі, ён перайшоў у Кармянскі райвыканкам, а потым стаў функцыянерам Кампартыі. У 1991-м узначаліў Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні ў Савеце Міністраў, у 1994-м стаў міністрам прыродных рэсурсаў, а ў 2001-м — кіраўніком Мінсяльгаса. Аднак ужо праз два гады гучна вылецеў з пасады разам з прэм’ерам і віцэ-прэм'ерам. Лукашэнка ўчыніў разнос за тое, што чыноўнікі зрабілі справаздачу пра поўную выплату работнікам сельскай гаспадаркі заробкаў і даўгоў за здадзеную прадукцыю, хоць насамрэч гэтага не зрабілі, а звесткі сфальсіфікавалі.

Фото: пресс-служба Александра Лукашенко
Візіт Лукашэнкі ў Шклоўскі раён. Міхаіл Русы на фота справа. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Русага адправілі «ў высылку» дарадцам у амбасаду Беларусі ў Санкт-Пецярбургу. Але ўжо менш чым праз год, у 2004-м, чыноўнік вярнуўся ў Мінск і стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Там ён прабыў паўтара тэрміна, узначальваў аграрную і «чарнобыльскую» камісіі. Прычым на другі тэрмін абіраўся як кіраўнік Беларускай аграрнай партыі (ліквідаваная ў 2023-м). Той тэрмін быў няпоўным: у 2010-м Лукашэнка зноў прызначыў праверанага чалавека міністрам сельскай гаспадаркі.

А ўжо ў 2012-м Русы становіцца віцэ-прэм'ерам па аграрных пытаннях і захоўвае гэтую пасаду вельмі доўга. Крэсла ён страціў у сакавіку 2019 года пасля нашумелай паездкі Лукашэнкі ў Шклоўскі раён — той самай, дзе тагачасны прэзідэнт абурыўся «абас*анымі каровамі». Пасля гэтага Лукашэнка адпраўляе Русага падымаць Магілёўшчыну — прызначае сваім памочнікам — інспектарам па рэгіёне. Але ўжо ў снежні 2019-га яго «высылка» заканчваецца, і зноў жа па прызначэнні Лукашэнкі Русы становіцца чальцом Савета Рэспублікі — дзе застаецца дагэтуль.

Вялікі трансплантолаг

Яшчэ адзін «паўторнік» у спісе — самы знакаміты трансплантолаг Беларусі Алег Румо. У Савеце Рэспублікі ён прадставіць Мінск, гэта будзе ўжо трэці яго тэрмін.

Румо — доктар навук, заслужаны доктар Беларусі, аўтар больш чым 400 навуковых артыкулаў і некалькіх вынаходак, гаворыцца ў яго біяграфіі. Яго кар’ера пачыналася з фельчара паліклінікі, у 35 гадоў ён узначаліў хірургію 9-й ГКБ Мінска, а ў 38, у 2008 годзе, правёў першую ў краіне трансплантацыю печані і стаў «Мінчанінам года». З 2010-га Румо — дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Ён атрымаў нацыянальную дзяржпрэмію ў галіне навукі і тэхнікі, мае некалькі ордэнаў, але дагэтуль, нягледзячы на адміністрацыйную працу, многія аперацыі праводзіць сам.

Олег Руммо. Фото: TUT.BY
Алег Румо. Фота: TUT.BY

Пры гэтым Румо ніколі не забывае дэманстраваць падтрымку і падзяку дзейнай уладзе і асабіста Аляксандру Лукашэнку — а той у адказ аднойчы назваў яго «вялікім». Медык часта выступае ў СМІ, дае каментары друкаваным выданням па палітычных пытаннях, паказваецца на тэлебачанні і ўсюды абавязкова расказвае пра тое, як многага дасягнула Беларусь ва ўзроўні жыцця і медыцыны, якая пісьменная палітыка не толькі ў галіне аховы здароўя, але і ва ўсіх астатніх. На выбарах 2020 года Румо быў даверанай асобай Лукашэнкі і асабіста ездзіў на сустрэчы з насельніцтвам, каб агітаваць галасаваць за свайго патрона і не верыць апазіцыі.

Карані сваёй лаялісцкай пазіцыі медык патлумачыў у 2022 годзе, агітуючы студэнтаў медуніверсітэта прыйсці на рэферэндум і прагаласаваць за прапанаваную Лукашэнкам новую рэдакцыю Канстытуцыі. Падобна да таго, што ён лічыць палітычную стабільнасць гарантыяй паспяховай працы сваёй галіны.

«Усе механізмы прадугледжаныя, каб рэалізаваць базавыя каштоўнасці беларусаў. Калі мы іх абяром і скажам, што так яно і будзе, то ў мяне ёсць упэўненасць — нашыя дзеці будуць жыць лепш, чым мы. Калі вырашым па-іншаму — давядзецца шукаць іншае выйсце для той спецыяльнасці, якую я прадстаўляю. Вось гэты пошук і турбулентнасць даволі негатыўна ўплываюць, бо калі ёсць няпэўнасць, тады не да медыцыны і здароўя людзей», — сказаў тады Румо.

Энергічны ваенкам

Пачаткоўцам у палітыцы стане 56-гадовы ваенкам Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў, які праявіў сябе ў 2021 годзе. Гэта ён паціснуў руку Лукашэнку на Усебеларускім сходзе, а потым перадаваў «зарад энергіі і рашучасці» ўсёй краіне — у прыватнасці, вайскоўцам Гомельскага гарнізона і мясцовай міліцыі.

Пасля гэтага Крываносаў зрабіўся адным з самых медыйных ваенкамаў Беларусі. Ён перыядычна з’яўляецца ў СМІ, заклікае абараняць радзіму і палохае «ўхілістаў», хваліць Лукашэнку, які, на яго думку, «прадухіліў грамадзянскую вайну ў Расіі», аддаўшы тэрыторыю Беларусі для байцоў ПВК Вагнера.

Крываносаў лічыць, што «прызыўнік мусіць ісці ў ваенкамат служыць, мужык мусіць умець абараняць сваю зямлю, сваю сям’ю, жанчына павінная тылавое забяспечанне гэтага ўсяго рабіць, а дзеці павінныя вучыцца так, каб потым замяніць сваіх бацькоў у высакароднай справе абароны нашай Радзімы». Ваенкам выказваўся за зніжэнне патрабаванняў да прызыўнікоў і прывёў у прыклад сябе самога, расказаўшы, што паступіў у вайсковае вучылішча з «сур'ёзнай плоскаступнёвасцю».

Андрэй Крываносаў перадае зарад энергіі і рашучасці. Скрыншот відэа

Якія людзі называюць сябе ўладай у Беларусі? Вашае права — ведаць пра гэта. «Люстэрка» падрабязна дакументуе біяграфіі тых, хто збіраецца прымаць законы ў нашай краіне (пераважна аднагалосна). Мы расказваем пра ўсе факты — у тым ліку пра тыя, якія самі будучыя сенатары не спяшаюцца згадваць.

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усе пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.

Гісторык-праўдаруб

Яшчэ адзін будучы пачатковец у верхняй палаце парламента — 48-гадовы гісторык з Брэста Аляксандр Каркатадзэ. Менш за год таму ён быў прызначаны дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць» і ўжо атрымлівае новую пасаду. Аднак начальнікам комплексу Каркатадзэ стаў невыпадкова. Ён працуе ў «Брэсцкай крэпасці» ўжо 20 гадоў, апошнія 13 быў загадчыкам філіяла «5-ы форт» — гэта адзін з самых цікавых і аўтэнтычных аб’ектаў комплексу. Каркатадзэ шмат займаўся навуковай працай, удзельнічаў у распрацоўцы сцэнара да фільма «Брэсцкая крэпасць». У 2021 годзе ён атрымаў званне «Чалавек года Брэстчыны» ў галіне культуры.

Мяркуючы са словаў Каркатадзэ, ён вялікі прахільнік «гістарычнай праўды». Аднак, здаецца, гэтую праўду ён адстойвае менавіта ў той версіі, як яе бачыла савецкая і бачыць беларуская ўлада.

«Важнасць нашага мемарыяла я, вядома, бачу перш за ўсё ў тым, каб адстойваць праўду пра Вялікую Айчынную вайну. Цяпер яшчэ адна абарона Брэсцкай крэпасці ідзе — ад нападак, ад фальсіфікацыі. Бо калі гісторыю фальсіфікуюць, часта гэта заканчваецца войнамі, — заявіў Каркатадзэ падчас свайго прызначэння ў жніўні 2023 года. Ён таксама адзначаў рост цікавасці турыстаў да крэпасці. — Бо людзі зразумелі, што тэма Вялікай Айчыннай вайны, памяць пра яе — гэта кутні камень нашай нацыянальнай бяспекі».

Яшчэ раней ён выступаў у падтрымку ўведзенага Лукашэнкам свята 17 верасня. «Дзень народнага адзінства — адна з ключавых датаў нашай гісторыі, бо Беларусь, народ уз’ядналіся», — казаў Каркатадзэ.

Александр Коркотадзе у 5-го форта. Фото: "СБ"
Аляксандр Каркатадзэ. Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

Гісторык чамусьці не ўспамінае, што гэтаму ўз'яднанню папярэднічала пагадненне, заключанае паміж СССР і гітлераўскай Германіяй, дзякуючы якому Саветы 17 кастрычніка 1939 года акупавалі частку тэрыторыі суверэннай Польшчы (хоць гэта і былі этнічныя беларускія землі), а астатнюю частку крыху раней захапілі нацысцкія войскі — у тым ліку Брэст. 22 верасня прайшла ўрачыстая перадача Брэста і крэпасці СССР — так званая сустрэча на Бугу. Салдаты вермахта прайшлі парадам з аркестрам перад падраздзяленнямі Чырвонай арміі, а савецкія салдаты салютавалі ім сваімі сцягамі. Камандзіры танкавых карпусоў абодвух бакоў Гудэрыян і Крывашэін завяршылі цырымонію спускам нямецкага і ўзняццем савецкага сцяга.

Дарэчы, у экспазіцыі «Брэсцкай крэпасці», прынамсі некалькі гадоў таму, пра гэты парад не было ні слова. Як і пра тое, што чакала брыгаднага генерала польскага войска Канстанціна Плісоўскага, які падчас той атакі вермахта ў верасні 1939 года кіраваў абаронай Брэсцкай крэпасці. Яму ўдалося выратавацца з часткай байцоў, але праз некалькі дзён савецкія войскі захапілі яго ў палон. Плісоўскага адправілі ў Старабельскі лагер ваеннапалонных і ў красавіку або пачатку траўня 1940 года расстралялі ў будынку Харкаўскага ўпраўлення НКУС разам з яшчэ 3809 польскімі афіцэрамі. У экспазіцыі «Брэсцкай крэпасці» Плісоўскі згаданы, але замест інфармацыі пра яго забойства — толькі фраза «Лёс невядомы». Прынамсі, такой была сітуацыя ў 2021 годзе — магчыма, з таго часу новы дырэктар Каркатадзэ паспеў аднавіць гістарычную праўду.

Заслужаны прапагандыст

Галоўнай зоркай прапаганды ў Савеце Рэспублікі стане 54-гадовы галоўны рэдактар «Издательского дома „Беларусь сегодня“» Дзмітрый Жук.

Гэта сын вядомага беларускага празаіка Алеся Жука, аўтара «Палявання на Апошняга Жураўля», які працаваў у кіраўніцтве выданняў «Маладосць», «Полымя», «ЛіМ» і «Нёман». Жук-малодшы спачатку пайшоў слядамі бацькі, скончыў філфак БДУ, быў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Але потым уладкаваўся ў выдавецтва Нацбанка, яшчэ пару гадоў папрацаваў у мінскім офісе «Інтэрфакса», а ўжо ў 1999 годзе — у 29 гадоў — быў прызначаны кіраўніком прэс-службы Лукашэнкі.

У 2003 годзе Жук сышоў на пасаду дырэктара БЕЛТА, дзе прапрацаваў 15 гадоў, часткова ператварыўшы інфармацыйнае агенцтва зноў жа ў прэс-службу Лукашэнкі. За часамі яго кіравання журналістаў выклікалі на дыван, калі нейкая навіна выйшла на БЕЛТА пазней, чым на TUT.BY. Калі на «Беларусь 1» з’явілася прапагандысцкая перадача «Клуб рэдактараў», Жук стаў яе рэгулярным госцем.

Дмитрий Жук. Фото: "СБ"
Дзмітрый Жук. Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

У 2018-м Дзмітрыя Жука прызначаюць галоўным рэдактарам «СБ. Беларусь сегодня». За ім газета Адміністрацыі Лукашэнкі дасягнула піку свайго прапагандысцкага развіцця, стаўшы пляцоўкай для Андрэя Мукавозчыка, Людмілы Гладкай і іншых распальвальнікаў сацыяльнай варожасці.

Былы «міністр цэнзуры»

Яшчэ адзін дасведчаны менеджар прапаганды, якому падрыхтавалі месца ў Савеце Рэспублікі, — гэта 51-гадовы Ігар Луцкі, былы калега Дзмітрыя Жука. Ён абіраецца ад сваёй роднай Брэсцкай вобласці, хоць не жыве там з 17 гадоў.

Луцкі, скончыўшы факультэт радыёфізікі БДУ, ужо ў 23 гады пайшоў чыноўніцкай сцежкай, уладкаваўшыся працаваць у Міністэрства па кіраванні дзяржмаёмасцю, а ў 28 гадоў, атрымаўшы дыплом Акадэміі кіравання, перайшоў на працу ў канцылярыю Лукашэнкі, потым у апарат Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У 32 ён стаў намеснікам дырэктара БЕЛТА, на пару гадоў сышоў працаваць дырэктарам «Новага радыё», а потым вярнуўся ў агенцтва на пасаду першага намесніка Жука. У 2014-м ён «пераскочыў» начальніка і быў прызначаны першым намеснікам міністра інфармацыі. Праз чатыры гады Луцкі становіцца гендырэктарам канала СТБ, але яшчэ праз два, у ліпені 2020-га, Лукашэнка ставіць яго ўжо міністрам інфармацыі.

Менавіта за Луцкім Мінінфарм пачаў неймаверна ціснуць на недзяржаўныя СМІ і вэб-рэсурсы, дабіваючыся таго, каб яны перасталі праўдзіва асвятляць пратэсты і дзеянні ўладаў. Сайты блакавалі, газеты пазбаўлялі магчымасці друкавацца, выключалі з падпісных каталогаў. У журналістаў адбіралі акрэдытацыю і саджалі на «суткі». З’явіліся першыя крымінальныя справы — супраць журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч, якая напісала праўду пра стан забітага сілавікамі Рамана Бандарэнкі, і супраць журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай за рэпартаж з пратэснай акцыі ў памяць пра таго ж Бандарэнку. Тым не менш незалежныя выданні працягвалі працу ў Беларусі і не збіраліся змяняць рэдакцыйную палітыку.

Игорь Луцкий. Фото: "СБ"
Ігар Луцкі. Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

У красавіку 2021 года Лукашэнка здымае Луцкага з пасады міністра і прызначае намеснікам кіраўніка сваёй Адміністрацыі. Праз месяц будзе разгром TUT.BY і арышт кіраўніцтва партала. Потым і ўсе астатнія буйныя незалежныя СМІ будуць разгромленыя і выціснутыя з краіны, многія журналісты трапяць у турму. Ігар Луцкі не толькі не адмаўляе сваёй ролі ў знішчэнні незалежных выданняў, але і ганарыцца ёю.

«Я рабіў сваю працу. Я бачыў, што СМІ, якія працавалі ў той час, працавалі ў парушэнне Канстытуцыі. Быў непасрэдны замах на суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, фінансаванне гэтых СМІ, недзяржаўных, ажыццяўлялася звонку і каардынавалася таксама звонку», — казаў ён у 2022 годзе, сцвярджаючы, што гэта датычыць у тым ліку TUT.BY (гэта хлусня — партал быў паспяховым бізнесам і не меў замежнага фінансавання).

Луцкі прызнаўся, што ён, яшчэ калі быў міністрам, асабіста прыклаў усе намаганні для закрыцця выдання. Нагадаем, партал быў знішчаны задоўга да суда і афіцыйнага рашэння пра закрыццё: 18 траўня 2021 года ў рэдакцыю прыйшлі сілавікі, узялі пад свой кантроль усё абсталяванне і серверы, арыштавалі кіраўніцтва і шэраг супрацоўнікаў, сайт TUT.BY быў цалкам заблакаваны і адключаны. Луцкі ж спрабаваў прадставіць усё так, быццам гэтыя дзеянні былі правамерныя і абгрунтаваныя.

«Мы вельмі дэталёва аналізавалі тады, у 2020 годзе, я ж прайшоў усе судовыя інстанцыі, закрываючы TUT.BY, па-простаму кажучы. Хлусня, падтасоўка фактаў, фэйкі — гэта тое, чым займаўся ў той момант TUT.BY. Гэта вяло фактычна да дэстабілізацыі абстаноўкі і прывяло ў выніку да таго, што мы прынялі гэтае рашэнне пра закрыццё гэтага рэсурсу. Усе рашэнні пра гэта былі юрыдычна вывераныя, прайшлі ўсе судовыя інстанцыі, гэта не проста ўзялі і закрылі, як „Жоўтыя злівы“. Усё было зроблена паводле закона», — запэўніваў чыноўнік.

Паспяховы бізнесовец

Адзіным прадстаўніком прыватнага бізнесу ў Савеце Рэспублікі другую пяцігодку запар будзе 54-гадовы гродзенец Валянцін Байко — заснавальнік СТАА «Контэ Спа», які цяпер займае пасаду намесніка дырэктара.

Валентин Байко. Фото: "Вечерний Гродно"
Валянцін Байко. Фота: «Вечерний Гродно»

Байко паводле адукацыі — настаўнік музыкі і пачатковых класаў, ён нават паспеў два гады папрацаваць па прафесіі ў вёсцы. Але безграшоўе 90-х змусіла пайсці ў бізнес разам з сям’ёй. Спярша займаліся раздробным гандлем, а потым вырашылі заняць пустую нішу вытворчасці калготак. У 28 гадоў, у 1997-м, Валянцін разам з братам Дзмітрыем заснаваў «Контэ Спа». З невялікай сямейнай фірмы кампанія неўзабаве дарасла да найбуйнейшага вытворцы панчошна-шкарпэткавых вырабаў у СНД, таксама там выпускаюць вопратку і бялізну.

Байко ўваходзіць у топ-100 самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі паводле версіі выдання «Беларусы і рынак» — цяпер ён на 33-м месцы, але ў мінулыя гады падымаўся да сёмага. Сярод актываў бізнесоўца таксама Брэсцкі панчошна-шкарпэткавы камбінат, Тураўскі малочны камбінат, «Малочная праўда», «Праймілк», «Беллакт». Яму часткова належыць ТРЦ «Трыніці» ў Гродне, а таксама іншая гандлёвая і офісная нерухомасць. Акрамя таго, за Байко каля дзясятка кампаній у розных галінах Беларусі, якія валодаюць сонечнымі і ветравымі электрастанцыямі, Байко шмат інвеставаў у зялёную энергетыку.

Яшчэ да таго як трапіць у парламент, Байко нямала агітаваў за ўзмацненне жорсткасці ўмоваў для прадпрымальнікаў і забарону продажу несертыфікаваных тавараў без дакументаў пра якасць. У выніку такая сертыфікацыя была ўведзеная, што моцна ўдарыла па ІП у Беларусі.

Як чалец Савета Рэспублікі бізнесовец у 2022 годзе трапіў пад санкцыі Канады ў сувязі з датычнасцю Беларусі да ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Таленавіты менеджар

У адрозненне ад астатніх удзельнікаў спісу, апошніх двух можна аднесці да маладога пакалення. Прадстаўнік Віцебшчыны Глеб Лапіцкі — генеральны дырэктар фестывалю «Славянскі базар» (афіцыйна гэта Цэнтр культуры «Віцебск»). На сваю пасаду ён быў прызначаны яшчэ ў 30 гадоў, а цяпер яму 36.

Лапіцкі з юнацтва спяваў і мае дыпломы мноства вакальных конкурсаў. Ён адвучыўся ў акадэміі ветэрынарнай медыцыны, але потым усё ж канчаткова абраў творчую сцежку і скончыў Універсітэт культуры па спецыяльнасці «рэжысура». Нягледзячы на адсутнасць музычнай адукацыі, Лапіцкаму ўдалося папрацаваць салістам у абласной філармоніі.

Але, прызнаваўся спявак, ён ніколі не хацеў стаць зоркай. Мабыць, таму перайшоў на пасаду начальніка Галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай працы апарата савета Федэрацыі прафсаюзаў. А праз некалькі гадоў яго запрасілі ўзначаліць «Славянскі базар». Тады да сваіх двух дыпломаў ён вырашыў дадаць яшчэ і дыплом Акадэміі кіравання.

Глеб Лапицкий. Фото: "Звязда"
Глеб Лапіцкі. Фота: «Звязда»

Адміністрацыйныя абавязкі не змусілі Лапіцкага адмовіцца ад творчасці — наадварот, яму ўдаецца сумяшчаць. Напрыклад, на сваё 35-годдзе год таму ён арганізаваў сабе сольны канцэрт, дакладней, музычны спектакль «Измерение жизни» на сцэне роднага Цэнтра культуры.

«Усе білеты разышліся яшчэ за два тыдні да шоу. Напярэдадні канцэрта прайшла адкрытая рэпетыцыя, куды маглі прыйсці тыя, у каго не атрымаецца трапіць на сам канцэрт. Такога фармату генеральны прагон арганізавалі ўпершыню», — пісала агенцтва БЕЛТА.

Адзін з нумароў разам з Лапіцкім выканаў яго старэйшы сын. Малодшы таксама займаецца вакалам. Гэта нядзіўна, бо музыка ў іх не толькі бацька, але і маці Крысціна. Ад яе, паводле Глеба, сыны атрымалі абсалютны слых. Але вось рэалізаваць сябе ў музыцы жанчына, у адрозненне ад мужа, не змагла — і ён ёй за гэта вельмі ўдзячны.

«Мая жонка — гераічная жанчына, найлепшая ў свеце. Яна ўсё сваё жыццё прысвяціла мне і дзецям, я ўпэўнены, што яна магла б зрабіць паспяховую музычную кар’еру дамбрысткі, потым дырыжора, салісткі актэта балалаек у абласной філармоніі. Але ў сувязі з частымі пераездамі і зменай працы яна аддала ўсю сябе сям'і. Я вельмі цаню яе за падтрымку і веру ў самыя розныя перыяды жыцця, з дня ў дзень яна дапамагае выпростваць крылы і рухацца далей», — казаў Лапіцкі ў інтэрв'ю год таму.

Камсамольскі актывіст

Гэты будучы сенатар, відаць, стане самым маладым у гісторыі Савета Рэспублікі. Аляксандру Лук’янаву ўсяго 34 гады, і ён першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ. Мужчына прадстаўляе Магілёўшчыну, хоць сам жыве ў Мінску з 18 гадоў.

Лук’янаў нарадзіўся ў 1989-м у Магілёве ў сям'і афіцэра-ратавальніка і пайшоў слядамі бацькі. Скончыў Універсітэт грамадзянскай абароны МНС і яго магістратуру, выкладаў, займаўся навуковай працай, у 2018-м абараніў кандыдацкую дысертацыю. Быў пераможцам конкурсу БРСМ «100 ідэй для Беларусі» і найлепшым маладым спецыялістам Мінска сярод праваахоўных органаў і падраздзяленняў па НС, двухразовым лаўрэатам прэміі БРСМ «За справу». Таксама малады чалавек паспеў пабываць кіраўніком Моладзевай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюзнай дзяржавы.

Дмитрий Басков (в центре снизу) на космодроме "Байконур" в Казахстане участвовал в церемонии отправки беларусской космонавтки на МКС. Вместе с ним - будущий член СР, глава БРСМ Александр Лукьянов (крайний слева). Фото: пресс-служба Совета Республики
Дзмітрый Баскаў (у цэнтры знізу) на касмадроме «Байканур» у Казахстане падчас адпраўкі беларускай касманаўткі на МКС. Разам з ім — будучы сенатар, кіраўнік БРСМ Аляксандр Лук’янаў (крайні злева). А таксама генеральная сакратарка НАК Ксенія Санковіч, кіраўнік Федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант і яе сяброўка, доктарка Лукашэнкі Алена Казак, а таксама старшыня Федэрацыі веласпорту Наталля Цылінская. Баскаў, Эйсмант і Казак разам былі ў рэйдах па дварах у 2020-м, у тым ліку на «плошчы Перамен». Фота: прэс-служба Савета Рэспублікі

«Для актыву БРСМ асаблівы гонар несці званне правапераемніка камсамола», — заяўляў Лук’янаў.

Цяпер кіраўнік БРСМ і сябра партыі «Белая Русь» — актыўны прыхільнік супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, ён нярэдка ўдзельнічае ў мерапрыемствах у суседняй краіне. Напрыклад, нядаўна пабываў на прапагандысцкім Сусветным форуме моладзі ў Маскве, хваліў сумесныя праекты, куды ездзілі моладзевыя будатрады з Беларусі.

«Хлопцы і дзяўчаты прагнуць туды паехаць зноў. Але асабліва мы чакаем расійскую моладзь у Беларусі! Сёння нашая моладзь разумее, што развіццё такіх міждзяржаўных моладзевых праектаў па працоўным выхаванні моладзі магчыма выключна пры падтрымцы двух кіраўнікоў дзяржаваў — Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі», — казаў Лук’янаў.

Магчымасцяў для прапаганды ён не прапускае — ездзіць па краіне і сустракаецца са студэнтамі, выступае ў СМІ, напрыклад часта бывае ў гасцях у Рыгора Азаронка на СТБ, дзе разносіць лібералізм, Захад і «збеглых» і праслаўляе Лукашэнку. Як і іншыя прапагандысты, ён выконвае спушчаную метадычку. Напрыклад, як толькі беларуску Марыну Васілеўскую адправілі ў космас, Лук’янаў надзеў тэматычны бомбер і з таго часу носіць яго на ўсе выступы як аргумент пра паспяховую палітыку ўладаў.

Нашивка на бомбере Лукьянова с именами космонавтов миссии. Скриншот видео СТВ
Нашыўка на бомберы Лук’янава з імёнамі касманаўтаў місіі. Скрыншот відэа СТБ

«Я сёння стаю ў бомберы, які быў адшыты адразу пасля паспяховага запуску нашай першай беларускай касманаўткі Марыны Васілеўскай. З шаўронам, які знаходзіцца і ў космасе, і ў Акадэміі навук, і ва ўсёй нашай постсавецкай практычна прасторы. Ён знаходзіцца ля сэрца. І вось гэта таксама важна, калі даюць унікальную магчымасць асабіста ўдзельнічаць у гістарычным моманце і паглядзець на гэта. Вельмі важна данесці цяпер хлопцамі дзяўчатам, што прайшла краіна за 30 гадоў», — сказаў кіраўнік БРСМ.