Вераніка Цапкала адрэагавала на тое, што на таргі выставілі мінскую кватэру іх сям'і. Яна сярод іншага заклікала Следчы камітэт і пракуратуру правесці расследаванне ў справе продажу нерухомасці.

Вераніка Цапкала паведаміла, што нерухомасць, выстаўленая на аўкцыён, была набытая мужам і жонкай у шлюбе, таму кватэра, на яе думку, не можа лічыцца выключна ўласнасцю Валерыя. Таксама на жыллё маюць права і іх двое няпоўнагадовых дзяцей.
«Гэтая нерухомая маёмасць — адзіная маёмасць, якой мы валодаем на праве ўласнасці, і яна — сталае месца пражывання нашых няпоўнагадовых дзяцей», — напісала Вераніка.

На думку Веранікі Цапкала, рашэннем выставіць на таргі нерухомасць парушаецца ў тым ліку заканадаўства па абароне сем’яў з дзецьмі, а таксама Канстытуцыя.

«Супрацьзаконнае рашэнне беларускага суда пазбаўляе мяне магчымасці выконваць бацькоўскія абавязкі ў поўным аб’ёме, а маіх дзяцей, грамадзян Рэспублікі Беларусь, — права знаходзіцца ў гэтай кватэры, атрымліваць медыцынскую дапамогу і адукацыю», — напісала Вераніка.

«Я звяртаюся ў Следчы камітэт і дзяржаўную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем правесці расследаванне на прадмет разгрому нашай кватэры, а таксама крадзяжу асабістай маёмасці і маёмасці маіх дзяцей з нашай кватэры, — адзначыла Вераніка Цапкала. — Я звяртаюся да людзей, якія захочуць набыць нашую кватэру па заніжанай цане з мэтай „сарваць халяву“. Вы мусіце ўсведамляць, што мы абавязкова вернемся дадому, разам з дзецьмі заедзем у кватэру, пабудаваную на законна заробленыя сродкі, і запатрабуем ад вас выплаты арэндных плацяжоў за ўвесь перыяд карыстання нашай маёмасцю».

Нагадаем, 12 лютага «БелЮрЗабяспечанне» выставіла на таргі трохпакаёвую кватэру, размешчаную ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага. Агульная плошча жылля — 103,7 м². Разам з жыллём прадаецца месца ў падземным гаражы. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. Паведамляецца, што даўжнік — Валерый Цапкала.
Валерый Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён сабраў ініцыятыўную групу, ездзіў па краіне. Аднак ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі праз тое, што сабраных подпісаў пасля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах, яго жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штаба Святланы Ціханоўскай.
Валерый Цапкала пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, асцерагаючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі з’ехала і Вераніка. Сям’я Цапкала асталявалася ў Латвіі.
На радзіме Валерыя Цапкалу завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Чытайце таксама