Сенатар Дзмітрый Баскаў не ўвайшоў у склад новага выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта, паведамляе афіцыйны сайт НАК.

Акрамя перавыбараў Віктара Лукашэнкі, якія прайшлі 15 студзеня на справаздачна-выбарнай генеральнай асамблеі НАК, быў сфармаваны і новы склад выканкама арганізацыі. Восем чалавек, уключаючы Лукашэнку і яго намесніка Дзмітрыя Даўгалёнка, захавалі свае пасады. А вось сенатар Дзмітрый Баскаў, дырэктар стадыёна «Дынама» Аляксандр Бут-Гусаім і дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Дзяніс Мужухін не сталі часткай новай каманды. Іх змянілі старшыня Беларускай федэрацыі настольнага тэніса Аляксей Пракаповіч, старшыня федэрацыі вялікага тэніса Сяргей Рутэнка і кіраўнік федэрацыі барацьбы Алім Селімаў.
Адзначым, што выбару Баскава ў склад выканкама НАК у 2021-м, як і прызначэння Віктара Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта, не прызнаў Міжнародны алімпійскі камітэт.
Нагадаем, у верасні 2021 года на той момант старшыня федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў быў дыскваліфікаваны Міжнароднай федэрацыяй хакея (IIHF) на пяць гадоў — то-бок адхілены ад удзелу ва ўсіх міжнародных і нацыянальных мерапрыемствах. У IIHF прыйшлі да ввсновы, што функцыянер быў датычны да пагроз і дыскрымінацыі беларускіх спартоўцаў па іх палітычных поглядах і злоўжыў сваім становішчам з мэтай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі. Міжнародная федэрацыя таксама адзначыла, што доказы, прадстаўленыя Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці, даюць падставы лічыць, што Баскаў мог прысутнічаць на «Плошчы перамен» 11 лістапада 2020 года. У той вечар група невядомых напала там на мінчука Рамана Бандарэнку, які 12 лістапада памёр у бальніцы. Баскаў амаль адразу падаў у адстаўку. Аднак бан ад IIHF не перашкаджае цяперашняму сенатару актыўнічаць на хакейных мерапрыемствах.
Чытайце таксама