У Міністэрстве замежных справаў пацвердзілі факт смерці грамадзяніна Беларусі ў Турцыі, паведамляе БЕЛТА.

«Так, сапраўды, 19 студзеня 2025 года ў Антальі (Турцыя) памёр грамадзянін Беларусі», — заявілі ў ведамстве.
Амбасада трымае кантакт з сям’ёй нябожчыка, праваахоўнымі органамі Турцыі і медустановай. Абставіны смерці ўдакладняюцца.
Нагадаем, як стала вядома СМІ, загінулы — 54-гадовы Сяргей Буднік. Яго знайшлі мёртвым пасля таго, як ён перастаў адказваць сваім сябрам у WhatsApp, а таксама жонцы, якая знаходзілася не ў Турцыі. Увечары 19 студзеня сябры прыйшлі праверыць яго ў кватэры. Калі ніхто не адчыніў дзверы, яны ўвайшлі, выкарыстаўшы запасны ключ, і знайшлі Сяргея, які нерухома ляжаў у крыві на канапе.
Сябры патэлефанавалі ў экстранныя службы. На месца прыбылі медыкі і паліцыя з аддзела, які займаецца забойствамі. Яны канстатавалі смерць мужчыны. Вядома, што ў беларуса быў цыроз. Апошні раз сябры бачыліся з ім 12 студзеня. Цела забралі ў морг Інстытута судовай медыцыны для высвятлення дакладнай прычыны смерці.
У 2021 годзе Сяргей Буднік працаваў дырэктарам УА «Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва». У сеціве можна знайсці абвесткі на сайтах знаёмстваў, дзе Буднік адзначаў, што ён жыве ў Антальі, у яго ёсць дарослыя дзеці.