«Важные истории» пагаварылі з былым камандзірам групы разведкі, які 10 гадоў служыў у расійскім войску, удзельнічаў ва ўварванні ва Украіну, але адмовіўся ваяваць далей. На ўмовах ананімнасці ён падзяліўся сваімі думкамі пра прарыў УСУ ў Курскай вобласці.
Падрыхтоўка бакоў
«Для чаго ўсе гэтыя РДК, Легіён рабілі свае вылазкі? Для таго, каб правесці даразведку [мясцовасці]. Яны ж не проста так хадзілі, выкладвалі ўсе гэтыя відэа; [піяр] для СМІ — гэта другараднае. Найперш любая ваенная х*рня робіцца з ваеннымі мэтамі. Мы займаліся тым самым у свой час [з 2014 года]. Зайшлі, паглядзелі рэакцыю — як хутка рэагуюць на вашае прыбыццё, колькі сіл, дзе, што, як — і выйшлі. Потым так яшчэ раз і яшчэ раз. Адпаведна, потым [УСУ] ужо падрыхтавалі план, падцягнулі трошкі войскаў маленькімі групамі, каб не заўважалася вялікага перамяшчэння, і проста ламануліся.
Больш за паўгода яны так праводзілі разведку (першы рэйд РДК на тэрыторыю Курскай вобласці прайшоў у сакавіку 2024 года. — Заўв. рэд.). Заходзілі раз-пораз: нейкія невялікія сутычкі былі, то іх заб’юць, то не. Але галоўнае — даразведку правялі, карту мясцовасці склалі, сілы праверылі. А што з нашага боку змянілася [на мяжы] за паўгода? Ні*уя. І вось калі пачаліся ўсе гэтыя вылазкі на Курскім напрамку, тады яшчэ ў пагранцоў толькі лёгкая стралковая зброя была, ніякай цяжкай тэхнікі, і мяжа, па сутнасці, пастаянна адкрытая. Але за паўгода нічога не памянялася. Затое вылучылі грошы на ўмацаванне мяжы: зубы цмока, акопы нібыта выкапалі — але ў асноўным бабкі, як звычайна, пра*балі. І што ўкраінцы [вар'яты], ці што, гэтым не скарыстацца, раз раён яны ўжо вывучылі, а ён так і застаецца слабым па абароне?
Для тых, хто на перадавой, гэты прарыў наогул не нечаканасць. Яны даўно ведалі, што рана ці позна нешта такое стартане, пытанне было ў часе. На ўсе запыты наверх — як звычайна: „У нас усё пад кантролем, разведка дакладвае, што нічога не заўважана“. Прычым паводле самай стандартнай практыкі — узмацніліся абстрэлы перад нападам. Напрыклад, класічная амерыканская тактыка: авіяцыяй зачышчаюць максімальна, потым ідуць войскі. А ў гэтым выпадку авіяцыі не выкарыстоўвалі, дронамі ўзмацнілі абстрэлы. Тут жорсткі пра*б і разведкі, і Мінабароны, і „цікток-войскаў“ на мяжы (гаворка пра чачэнскі батальён „Ахмат“, які адправілі абараняць мяжу. Пасля ўварвання УСУ ў Курскую вобласць яго байцы прымусілі на відэа папрасіць прабачэння рускага тэрмінавіка за тое, што той сказаў, што чачэнцы хаваюцца за спінамі тэрмінавікоў. — Заўв. „Важные истории“.).
Тактыка бакоў
УСУшнікі пісьменна ўсё спланавалі, усё як па падручніку: праводзіш даразведку, пракладваеш маршрут і, галоўнае, хутка ўсё гэта робіш. Вось яны заляцелі групамі і проста пачалі ляцець наперад, не замацоўваючыся на пунктах. А проста далей, далей — адным рыўком. Бо калі яны будуць замацоўвацца на пунктах, гэта будзе даваць больш часу і магчымасці нам падцягнуць войскі, каб іх спыніць. Таму яны проста ляцяць наперад максімальна хутка, як яны могуць прарвацца, пакуль нашыя папі*дзяць, па*руцца, прыедуць, здымуць рэпартажы. Як кажуць у войску, „хочаш перамагчы Расію — абвясці вайну, яна сама сябе аглядамі за*бе“. Вось гэтак жа і тут. Пакуль яны ўсе збяруцца, каб прыехаць, УСУ ўжо максімальна глыбока прарываюцца ўнутр, што іх ужо немагчыма лакальна дзесьці фіксаваць, каб спыніць. Напрыклад, зайшлі яны, груба кажучы, на 15 км — пры гэтым ДРГ праходзяць яшчэ далей — і ўжо пачынаюць абкопвацца. А калі расійскія войскі нарэшце падцягваюцца, ДРГ пачынаюць працаваць па іх.
А нашыя ў гэтай сітуацыі не проста позна адрэагавалі — яны наогул не адрэагавалі [належным чынам]. Асабліва вось гэтая любімая тэма пачалася, што „ўсё пад кантролем, мы ўсё кантралюем“. Затое вось палонных злавілі, і яны па факце кажуць, што тут толькі тэрмінавікі і памежнікі, і ў іх нічога няма. Таму і здаюцца пачкамі цэлымі, бо, па-першае, тэрмінавікі не ўмеюць ваяваць, а па-другое, у іх няма ўзбраення, каб адбіваць такія атакі. Добра, калі б яны [вайскоўцы УСУ] ішлі без тэхнікі або з двума танкамі, яшчэ можна было б паспрабаваць пасекчы. Але калі дзясяткі адзінак тэхнікі, то нічога яны ўжо зрабіць не маглі. Што ты зробіш з кулямётам супраць танка? Таму яны і прапусцілі іх усіх, бо ў іх проста не было магчымасці іх затрымаць. Плюс абарончыя пазіцыі не былі падрыхтаваныя, бо вылучаныя на гэта бабкі відавочна раскралі. Ніякіх перашкодаў няма — проста бяры і едзь наперад.
А калі расійская армія ўсё ж пачала падцягваць рэзервы — так дзяўбаныя СМІ гэта здымаюць усё. Адправілі калону — у [праваенных] СМІ тут жа: „Вось едзе калона, зараз мы наваюем кузькіну маці!“ Ну і, вядома, яе цалкам разбілі ўсю HIMARS.
І сам факт, што яны паехалі калонай! На фронце хаця б праз нейкі час і велізарную колькасць стратаў даперлі, што ездзіць калонай — самагубства. А тыя, хто тут сядзіць, дагэтуль ездзяць калонамі і думаюць, што яны на парад паехалі. Ва УСУ ёсць дроны, ёсць ракеты — ну які даўба*б будзе весці ў такім выпадку калону, якую яшчэ і здымаюць у навінах. Таму пацаны палеглі, проста нават не даехаўшы.
Што далей
Магчыма, гэты наступ праводзяць, каб адцягнуць войскі з Данбаса, дзе нашыя нарасцілі апошнім часам тэмпы. А можа, хочуць захапіць Курскую АЭС і прасіць потым у абмен Запарожскую. Але ў любым выпадку небяспека для УСУшнікаў заключаецца ў тым, што калі яны моцна працягнуць фронт наперад ад мяжы, то іх могуць проста ўзяць у кацёл. Таму ім нявыгадна ўцягвацца далёка — лінія прарыву невялікая. Як толькі нашыя пачнуць нешта рабіць нармальна і падцягнуць рэзервы, то яны могуць перакрыць [УСУ] подступы з боку Украіны. Замкнуць іх у кола, рэсурсы ім перастануць прыходзіць, а расійскія вайскоўцы проста далей будуць сціскаць кальцо і знішчаць усіх.
Бо гэта Расія, то нам будзе по*уй на мірняк, які там застаўся. Ужо цяпер відаць, што мясцовых [жыхароў] кінулі — людзі там самі па сабе. Будуць раўняць з зямлёй усё артылерыяй, авіяцыяй: бо што такое Курская вобласць у параўнанні з Расіяй?»
Меркаванні суразмоўцы супадаюць з каментарамі Z-блогераў, якія пасля прарыву УСУ ў Курскай вобласці зноў пачалі актыўна крытыкаваць вайсковае камандаванне. Так, ВЧК-ОГПУ і «Рыбарь» расказвалі пра тое, што Генштабу УС РФ дакладвалі пра будучую аперацыю УСУ: у адказ Валерый Герасімаў абвінаваціў разведку ў панікёрстве і запатрабаваў «не весціся на дэзінфармацыю праціўніка». Z-блогеры «Два майора» і «Живов Z» раскрытыкавалі журналістаў, якія транслявалі перакідванне войскаў практычна ў жывым эфіры. «Я не ведаю, можа, праўда ўжо загадам Вярхоўнага забараніць рух у калонах у зоне баявых дзеянняў», — наракаў аўтар праваеннага тэлеграм-канала «Старше Эдды» і прапанаваў жорстка збіваць старшага калоны.
Група «Аіда» са спецназа «Ахмат» адзначыла тактыку УСУ: «Пасля прамацвання слабай часткі пазіцыі апанента адбываецца вокамгненны прарыў на вузкім участку, куды ў максімальна кароткія тэрміны дастаўляецца тэхніка, жывая сіла, прыкрыццё артай». А ў тэлеграм-канале «На ПередоVой» апісалі актыўную працу ўкраінскай ДРГ у тыле: «Праціўнік рассмоктваецца па занятых НП і лясах».
Чытайце таксама