Цяпер у краіне няма неабходнасці прызываць жанчын на тэрміновую службу. Пра гэта ў эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1» заявіў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід Касінскі.
Паводле Касінскага, у краіне «хапае нармальных, моцных мужыкоў» для службы ў войску.
«Дзяўчаты просяць даць ім таксама права прызыву на тэрміновую службу. І, вядома ж, мы, напэўна, яшчэ да гэтага не дайшлі і, я спадзяюся, не дойдзем. У нас хапае ў краіне нармальных, моцных мужыкоў, якія здольныя абараніць Радзіму. Таму дзяўчат, напэўна, прызываць на тэрміновую службу рана пакуль», — заявіў Касінскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што часам конкурс сярод дзяўчат на паступленне ў Вайсковую акадэмію «проста касмічны» — па 40−50 чалавек на месца.