Ксенія Мартуль працавала на журфаку БДУ з 2014 года. Яна выкладала «рэкламную камунікацыю», «карпаратыўную культуру», «гендарную камунікацыю», «гендар у медыя» і іншыя дысцыпліны. У снежні 2021-га супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі яе проста падчас заняткаў. Асаблівую цікавасць у сілавікоў выклікаў тэлеграм-канал пра гендар, які выкладчыца вяла разам са сваёй калегай. Цяпер Ксенія жыве ў Варшаве, куды пераехала летам 2022-га. У інтэрв'ю «Люстэрку» яна расказала, як ціснулі на выкладчыкаў факультэта восенню 2020-га, чыя пазіцыя сярод калегаў стала для яе нечаканай і што змянілася ва ўніверсітэце за новым рэктарам Андрэем Каралём.
«Рыторыка намеснікаў дэканаў зводзілася да таго, што ўсе студэнты — гэта дзеці, і мне трэба на іх уплываць»
— У які момант вы сталі непажаданай выкладчыцай?
— Напэўна, калі ў 2017 годзе абрала тэму для дысертацыі — «Рэкламная камунікацыя: гендарны аспект».
Пасля масавай фальсіфікацыі выбараў хадзіла на пратэсты. Вельмі баялася, бо яшчэ ў 2010 годзе бачыла, як АМАП біў людзей дубінкамі на вуліцы. У мяне развіты інстынкт самазахавання. І кожны раз выходзіць на пратэсты было складана, дрыжалі ногі.
У верасні 2020-га ў мяне здарыўся выкідак. Пайшла да дэкана Вольгі Самусевіч, каб узяць адпачынак. Яна была не супраць, адпусціла. Тады ж патэлефанавала адна з выкладчыц журфака і пачала казаць, што мае студэнты будуць страйкаваць і не прыйдуць на яе заняткі, прасіла на іх паўплываць. Я патлумачыла, што гэта дарослыя людзі, якія самі выбіраюць, што рабіць.
Выклікалі потым і намеснікі дэкана — Фёдар Драбеня, Уладзімір Сцяпанаў. Іх рыторыка зводзілася да таго, што ўсе студэнты — гэта дзеці, і мне трэба на іх уплываць. Драбеня і Сцяпанаў мяне яшчэ і адчыталі за станоўчую характарыстыку аднаго з затрыманых студэнтаў. Маўляў, як я магла даць такую. У цэлым яны разумелі, што адбываецца ў краіне, але, напрыклад, Уладзімір Сцяпанаў апераваў тым, што нічога не зменіцца, Лукашэнка пераможа. І стаў прасіць, каб я данесла студэнтам, што змагацца бессэнсоўна.
— Што адбывалася на факультэце ў 2020-м?
— Калі пачаліся пратэсты, некаторых выкладчыкаў журфака рэзка пачалі выстаўляць на конкурс (адна з формаў атэстацыі работнікаў. — Заўв. рэд.), мяне ў тым ліку. Праходзіш яго — застаешся выкладаць, калі не — звальняюць. Гэта вырашае савет факультэта, у які ўваходзіць 21 чалавек. Потым, дарэчы, заўважылі, што на конкурс былі выстаўленыя ўсе выкладчыкі, якія падпісаліся супраць гвалту. Мяне на яго выставілі раней за гэты тэрмін. Конкурс праводзіцца раз на пяць гадоў па выніках дасягненняў, а я адпрацавала па кантракце толькі год.
Як ён праходзіць? Глядзяць у асноўным на колькасць навуковых публікацый. Шмат іх у мяне было ў 2015-м. Гэты год у заліковы не ўвайшоў. Атрымалася ў выніку 20, у калегі — каля 40 публікацый, але ў яе таксама ўзніклі праблемы: многія яе навуковыя працы і кандыдацкая дысертацыя былі зробленыя на аснове аналізу матэрыялаў TUT.BY.
Выкладчыкаў на конкурсе прэзентуюць загадчыкі кафедраў. У нас яна ўжо была новая — на месца доктара філалагічных навук Ірыны Сідорскай прыйшла Юлія Лук’янюк.
Зразумела я, што будзе ацэньвацца, калі загадчык кафедры стылістыкі і рэдагавання Віктар Іўчанкаў сказаў: «Вось гэта чалавек дзяржаўны, надзейны».
Да мяне пачаліся прэтэнзіі праз сыход адной са студэнтак. Насамрэч яна сама захацела гэта зрабіць, каб пазбегнуць размеркавання. Падышла да мяне, падзякавала за заняткі і папрасіла схадзіць з ёю ў дэканат, бо адна баялася. Але на гэтым конкурсе выставілі ўсё так, нібыта я падштурхнула адлічыцца студэнтку з апошняга курса, калі ёй заставалася толькі абараніць дыплом.
У выніку конкурс я сяк-так прайшла, большасць прагаласавала, каб я засталася.
«Рэктар увёў чорныя спісы людзей, якім забаранілі ўваход у БДУ»
— Вы сказалі, што непажаданай сталі яшчэ ў момант выбару тэмы дысертацыі. Якія тады паўсталі прэтэнзіі да вас?
— Мая тэма — «Рэкламная камунікацыя: гендарны аспект». Выкладчыкі з камісіі казалі, што дысертацыя супярэчыць «палітыцы партыі», не дадуць яе абараніць. Сказалі прыбіраць гендарны аспект, а праца практычна ўся ўжо была напісаная.
Памятаю, што яшчэ тады адна з прасунутых выкладчыц сказала, што я спазнілася з гендарам, гэтая тэма была актуальная яшчэ ў пачатку 2000-х, цяпер трэба вывучаць і пісаць пра трансгендараў. На што я засмяялася і сказала, што тут па гендары не дадуць абараніць працу, што ўжо казаць пра гэта.
Маёй навуковай кіраўніцай была Ірына Сідорская (Ірына Сідорская была загадчыцай кафедры тэхналогій камунікацыі і сувязяў з грамадскасцю да 2020 года. — Заўв. рэд.). Яна перапісала праграмы навучання па інфармацыі і камунікацыі па міжнародных стандартах, узгадняла іх з лонданскай школай public relations. Заслуга Сідорскай, што ў адзіным класіфікатары пасадаў з’явіліся «спецыяліст па сувязях з грамадскасцю», «спецыяліст па рэкламнай камунікацыі». Дзякуючы ёй вельмі хутка развівалася нашая кафедра і наогул універсітэт. Такіх спецыялістаў, як яна — адзінкі.
Ірына Сідорская дапамагла мне напісаць праграму курса «Гендар у медыя». Яна тады паставіла задачу не толькі даць студэнтам веды ў галіне гендару, але расказаць дзяўчатам, што пасля ўніверсітэта неабавязкова ісці ў дэкрэт, каб пазбегнуць размеркавання, як пазбавіць людзей ад гамафобіі, сэксізму, праводзіць сэксуальнае выхаванне. Я нават прапанавала студэнтам такія заняткі ў якасці факультатыва, каб яны хадзілі па жаданні.
У мяне быў выпадак, калі людзі прыйшлі, але ў сярэдзіне лекцыі, калі я расказвала пра жаночую і мужчынскую анатомію, студэнты сыходзілі. Для многіх гэтая тэма заставалася табу. Некаторыя расказвалі, як сутыкаліся з сэксуальным гвалтам. Атрымліваецца, што я не толькі выкладала дысцыпліну, але і выкрывала такім чынам асабістыя праблемы маладых людзей, якія яны пасля прапрацоўвалі з псіхолагам.
Таксама разам з Сідорскай мы падрыхтавалі артыкул на англійскай мове ў адзін з навуковых часопісаў па маёй дысертацыі. Але не паспелі яго адправіць — мяне пасадзілі на суткі. Дарэчы, мае навучальныя праграмы цяпер выдаленыя з электроннай бібліятэкі БДУ, я заўважыла гэта пасля таго, як выйшла з сутак у снежні 2021-га. Ну, а цяпер на журфаку наогул ніякіх гендарных дысцыплін не выкладаюць.
— Да таго як у 2018-м вы пачалі выкладаць на поўную стаўку, вы працавалі яшчэ ў медыяцэнтры БДУ. Чаму адтуль сышлі?
— У медыяцэнтры за новым рэктарам Андрэем Каралём усё змянілася. Калі раней трэба было рабіць так, каб уступіць у Балонскі працэс, то цяпер — працаваць цалкам на Караля. Пісаць пра яго візіты, запісваць відэаролікі. Маёй функцыяй стала абслугоўванне новага рэктара. Таму і сышла.
Характэрна, што Кароль увёў чорныя спісы людзей, якім забаранілі ўваход у БДУ. З тых, каго ведаю, у ім былі былы дырэктар медыяцэнтра БДУ Павел Салаўёў, былы дэкан Інстытута бізнесу Уладзімір Апанасовіч.
«Бондарава напісала на мяне данос у ГУБАЗіК, а потым у БДУ з просьбай мяне звольніць»
— Як вас затрымлівалі на факультэце?
— У 2021-м з Ірынай Сідорскай мы заснавалі ютуб- і тэлеграм-каналы пра гендар. Спецыяльна ніякіх тэмаў пра ЛГБТ там не падымалі. На момант майго затрымання ў яго было каля 300 падпісчыкаў. Але нас тады прарэкламаваў фемінісцкі тэлеграм-канал. Я не ўлічыла, што ён быў у спісе «экстрэмісцкіх». Потым пра нас даведалася «інфаспецназаўка» Вольга Бондарава. Незадоўга да затрымання адзін са студэнтаў даслаў скрыншот з допісам Бондаравай пра мяне і параіў з’язджаць. Тады я пачала патроху выдаляць тэлеграм-каналы пра гендар, на якія была падпісаная. Стала ясна: усё можа скончыцца затрыманнем.
Пазней даведалася, што Бондарава напісала на мяне данос у ГУБАЗіК, а потым у БДУ з просьбай звольніць. Першы прарэктар Дзмітрый Мядзведзеў адказаў ёй, што падставаў для гэтага няма.
Але Бондарава не здавалася. І яна настолькі дастала сваімі пастамі, што я вырашыла пісаць заяву на звальненне. Звязалася з дэканам факультэта Вольгай Самусевіч, патлумачыла, што буду звальняцца праз гэтую сітуацыю. Яна адказала, што ўсё разумее, але была тады ў адпачынку, таму заяву падпісвала яе намесніца — Лізавета Хмель. Было 13 снежня 2021 года. Я прасіла тады адпусціць як мага хутчэй — усю працу ўжо зрабіла. Але намесніца дэкана сказала адпрацаваць яшчэ 10 дзён. Але мала таго, што не адпусцілі, дык яны мяне ў рукі губазаўцам і паклалі.
За некалькі дзён да затрымання да мяне падышла адна з супрацоўніц дэканата і расказала, што патэлефанавалі з галоўнага корпуса БДУ. Маўляў, прыйдуць на мае заняткі правяраць, як я іх праводжу. Але ў снежні ўжо ўсе лекцыі, семінары скончыліся, былі толькі залікі. І праверка выглядала вельмі дзіўна. У выніку спецыяльна паставілі мне дзве пары на 14 снежня, на якія нібыта прыйдзе камісія.
Першую пару я правяла. Перад пачаткам другой з калегам на перапынку пайшлі курыць. Вяртаемся да кафедры — мяне кліча ў калідоры намесніца дэкана Лізавета Хмель. Гляджу — разводзіць рукамі, а за ёй ідуць нейкія два хлопчыкі, падобныя да падлеткаў. Яны былі ў байках, выдзіманых куртках. Паказваюць мне ксіву, прадстаўляюцца ГУБАЗіКам.
Сказалі забіраць рэчы, «мы з вамі проста пагутарым». Пацікавіліся, ці ведаю я, чаму яны прыехалі. Выказала здагадку, што па даносе Вольгі Бондаравай. Але яны нібыта самі не ведалі, іх задача была проста прывезці. Да затрымання была гатовая: цалкам пачысціла тэлефон і перапіскі. Я была ўпэўненая, што ў мяне нічога не знойдуць.
«Намеснік начальніка ГУБАЗіК пачаў казаць, што нельга працаваць ва ўніверсітэце і не падтрымліваць уладу»
— Што было ў ГУБАЗіК?
— Яшчэ ў машыне гэтыя хлопчыкі пачалі пытацца, ці хадзіла я на пратэсты. Я не адмаўляла. Потым сталі высвятляць, ці выходзіла на дарогу, але я ім у падрабязнасцях расказала, што баязлівая, таму была на дваровых маршах. Яны ўзялі мой тэлефон, нешта там глядзелі.
Прыехалі на Рэвалюцыйную. Пакуль ішлі па лесвіцы, са мной чамусьці там усе сталі вітацца. А я яшчэ ў футры (за пару дзён да затрымання купіла штучнае). Падумала, што я проста прэзентабельна выглядаю, таму ўсе вітаюцца.
У кабінеце мяне сустрэў намеснік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч. Адразу пачаў прад’яўляць: «Ты чаго ўсміхаешся, рукі за спіну, не ведаеш ці што, дзе знаходзішся». Завялі ў нейкі кабінет, прапанавалі зняць вопратку і панеслі мой тэлефон з сабой. Я бачыла, што яны манітораць мой тэлеграм-канал. Гартаюць, нічога не знаходзяць — і кажуць пра гэта адзін аднаму.
Пыталі ў мяне пра Ірыну Сідорскую, адкрылі мой чат з ёй, а ён ужо быў пусты. Толькі адно паведамленне: Ірына пісала, што ў бяспецы, з’ехала. Яны ўзялі напісалі, што я яе праклінаю, ненавіджу, бо затрыманне нібыта здарылася праз яе. Але Ірына адразу зразумела, што гэтае паведамленне пісала не я.
Міхаіл Бедункевіч сказаў, што нельга працаваць ва ўніверсітэце і не падтрымліваць уладу. Пачаў цікавіцца, за што я змагаюся, чаму прысвечаны канал. Я пачала расказваць. Але на слове «феміністка» ён спыніў мяне і сказаў: «Вось за гэта мы цябе пакараем па поўнай».
— Чаму Бедункевіч так адрэагаваў на слова «феміністка»?
— Як экспертка ў галіне гендару магу сказаць, што такая рэакцыя, стэрэатып быў сфармаваны асяроддзем гэтага чалавека. Гэта сям’я, выхаванне і адукацыя. Мозг дзіцяці досыць рухомы, убірае ўсю інфармацыю звонку. Вядома, калі настаўнік ці бацька даносіць нейкую інфармацыю, дзіця не будзе падвяргаць яе крытычнаму аналізу. Яго мозг банальна на гэта не здольны.
Наступнае — гэта кар’ера. Яна абумоўліваецца сферай дзейнасці, у якой чалавек будзе развівацца. І сацыяльнае асяроддзе. Гэта ўсё становіцца мадэллю паводзін для нас. Фінальнае — медыякультура, тое, што атачае чалавека ў асяроддзі медыя. Адмовіцца ад іх немагчыма, калі толькі замяніць адно на іншае. Усё роўна будуць аказваць ціск. І гендарныя стэрэатыпы тут найбольш устойлівыя, бо гендар — гэта самае ўстойлівае, што ёсць у чалавека. Усё гэта ў яго, думаю, сфармавала такую рэакцыю на слова «феміністка». Ён проста не разумее, што гэта значыць.
— Што было далей?
— Потым прыляцелі хлопчыкі, якія мяне затрымлівалі, расказваюць, што пашанцавала: яны мяне ад «крыміналкі» адмазалі — знайшлі рэпост з «экстрэмісцкага тэлеграм-канала». Ён быў з NEXTA.
Спыталі, ці буду я запісваць «пакаяльнае» відэа. Пагадзілася, вырашыла, што спрачацца не варта. Але ў цэлым абыходзіліся са мной добра, нібы спрабавалі мне, феміністцы, даказаць, што «джэнтэльмены».
На відэа сказалі расказаць, кім працую, назваць заробак — 800 рублёў, за што затрыманая. Цікава, што, калі заходзіш у кабінет, зачыняюць за табой дзверы, ставяць зялёны фон, а потым накладваюць на гэты фон тыя ж дзверы. У чым сэнс такога мантажу — не разумею.
Пасля гэтага мяне адвезлі ў ГУУС. Суправаджалі іншыя людзі. Яны спрабавалі мне ўнушыць, што студэнты — гэта дзеці. Тлумачыла, што гэта ўжо дарослыя людзі, якія самі прымаюць рашэнні, не я іх раблю бэчэбэ. Яны пачалі спрачацца, казалі, што я падабаюся студэнтам, таму яны хочуць быць такімі, як я.
Пацікавілася, чаму яны моладзі не падабаюцца. Нават неяк задумаліся. Потым у нас адбылася невялікая дыскусія пра тое, чаму беларускае тэлебачанне не хочуць глядзець. Як кажуць, усе вядоўцы непрыгожыя.
Ужо ў ГУУС на мяне склалі пратакол за рэпост. Суткі я правяла ў ІЧУ, а потым — 14 на Акрэсціна.
«Мы ўсе змудрыліся там перахварэць, з тэмпературай, кашлем, насмаркам»
— Раскажыце, у якіх умовах вы былі на Акрэсціна.
— У двухмеснай камеры ў самыя «ўраджайныя» часы нас было 13 чалавек. Падушкі, коўдры і матрацы «палітычным» не выдаюцца. Святло ў камеры гарыць кругласутачна. На жалезных нарах ляжаць было цяжка, бо ляжанка больш падобная да кратаў, якія складаюцца з металічных пласцін. Спаць у адным становішчы і ў вялікай колькасці адзення на нарах яшчэ можна, калі пакласці апорныя косткі на пласціны. Але калі паварочваешся — усё баліць.
Мы спалі ў абдымку на драўлянай падлозе. Калі ў камеры станавілася менш людзей, ноччу можна было змерзнуць, таму начныя абдыманні былі галоўным выратаваннем. Пад галаву замест падушкі клалі абутак, туалетную паперу ці пракладкі. За ноч — дзве пабудкі: у 2.00 і ў 4.00. Прасілі ўставаць і называць прозвішча, імя, імя па бацьку, пасля гэтага можна класціся.
Днём у камерах цёпла. У нас былі дзяжурствы — мылі падлогі з хлоркай і праціралі паверхні два разы на дзень, было чыста. Вельмі важная наяўнасць гарачай вады, з крана проста ліўся кіпень. У душ нас не вадзілі, але мы мелі магчымасць мыцца і праць рэчы ў ракавіне.
Выдавалі мыла, хлорку і туалетную паперу. Мыла дрэннай якасці: хутка змываецца і кепска раствараецца. У нас было некалькі зубных шчотак і паста, якую пад канец мы пачалі вельмі берагчы, выкарыстоўвалі раз на дзень. Апошнія дзяўчаты і жанчыны прыходзілі без асабістых рэчаў, але ў камеры ўсе былі гатовыя дзяліцца гігіенічнымі прадметамі і адзеннем.
Перадачаў нам не перадавалі, толькі лекі, ды і тое не ўсім. Часам прыходзіла фельчарка і раздавала лекі, нават калі ў цябе няма сваіх, можна папрасіць, дадуць. Самымі папулярнымі ў нас былі парацэтамол, амбраксол і валідол. Валідол, дарэчы, выкарыстоўвалі ад болю ў горле. Мы ўсе змудрыліся там перахварэць, з тэмпературай, кашлем, насмаркам. Праз гэта было цяжэй.
Ежа нясмачная (тры разы на дзень могуць быць кашы), у бальніцах кормяць значна лепш. Затое вельмі смачныя супы, за выключэннем аднаго — грэчкі з бульбай (дзіўнае спалучэнне). Мяса давалі ў выглядзе катлет на абед і вячэру. Напоі былі два разы на дзень: раніцай — чай, у абед — кісель ці кампот, а ўвечары з пітва — нічога чамусьці. Піць вельмі хацелася, пілі ваду з-пад крана, балазе яна была не вельмі хлараванай.
Нягледзячы на бытавыя нязручнасці, быў у камеры і пазітыў — гэта людзі. Усе з вышэйшай адукацыяй, спагадныя, неймаверна цікавыя асобы. Чытаць нічога не давалі, таму мы ўвесь час размаўлялі — «чыталі» людзей. Гэта стала самым каштоўным досведам.
18 снежня ў мяне там быў дзень нараджэння. Цікава, што менавіта ў гэты дзень далі ежу, якую я люблю. У розныя прыёмы ежы давалі інгрэдыенты, якія патрэбныя для салаты з гарошку. Таму можна сказаць, што ў дзень нараджэння я яго і атрымала.
«Загадчыца кафедры перажывала, каб мяне „не апусцілі ў турме“. Я на гэта пасмяялася і падумала: чаму ж яна не перажывала, што мяне апусцілі ў БДУ»
— Пасля сутак як да вас ставіліся вашыя калегі?
— Пасля выхаду я пайшла на факультэт забраць рэчы. Некаторыя калегі, сябры прыйшлі развітацца, у тым ліку дацэнт Дзмітрый Нікановіч (у жніўні 2022-га Дзмітрый Нікановіч звольніўся з журфака БДУ. — Заўв. рэд.). Забягала на кафедру новая загадчыца Юлія Лук’янюк, грала сцэну, што яна вельмі перажывала, каб мяне «не апусцілі ў турме». Я, вядома, на гэта пасмяялася і падумала: чаму ж яна не перажывала, што мяне апусцілі ў БДУ.
Наогул, ва ўніверсітэце мяне трымалі толькі студэнты. Прысутнасці на журфаку «дзяржавы» я не адчувала: паступіла туды ў 2009-м. У 2010-м падчас выбараў на факультэце быў варушняк. Тады многія студэнты як журналісты-пачаткоўцы асвятлялі акцыі пратэсту. Ідэалагічным факультэтам журфак стаў бліжэй да 2018 года, прынамсі яго так пачалі называць. Ну, а для мяне любы ўніверсітэт — гэта ў першую чаргу акадэмічныя свабоды, а не ідэалогія.
— А былі выкладчыкі, пазіцыя якіх падчас пратэстаў вас здзівіла?
— Так, сябравалі раней з Алесяй Кузьмінавай, загадчыцай кафедры тэлебачання і радыёвяшчання. Яна цяпер ходзіць на многія прапагандысцкія шоу. Гэта было нечакана, бо яе я ведала як чалавека, які ідзе супраць сістэмы. Яна працаголік, амбіцыйная, але адзінокая, ёй няма з кім адрэфлексаваць нейкія падзеі ў жыцці.
У яе былі адэкватныя погляды, яна вельмі любіць падарожнічаць. Мы нават збіраліся разам з ёй ехаць на стажыроўку ў Лондан.
Яшчэ да падзей 2020-га Кузьмінава была старшынёй Савета маладых навукоўцаў БДУ. Ёй прапаноўвалі ўзначаліць Рэспубліканскі савет маладых навукоўцаў. Але прарэктар па навуцы не даў, бо лічыў, што на гэтай пасадзе мусіць працаваць мужчына і прадстаўнік прыродазнаўчанавуковай спецыялізацыі. Яна яшчэ мне патэлефанавала і спытала як у выкладчыцы па гендары, ці нармальная наогул такая дыскрымінацыя па поле.
Быў чат, дзе выкладчыкі абмяркоўвалі тое, што адбываецца на факультэце пасля падзей 2020-га. І, напэўна, праз некалькі тыдняў пасля яго стварэння Кузьмінава, якая ў ім была, стала ад усіх ухіляцца. Раптам стала са мной на «вы».
Аказалася, што яе выклікала Самусевіч і сказала, што астатнія выкладчыкі могуць рабіць тое, што хочуць, а ёй як загадчыцы кафедры — нельга. Параіла выбіраць паміж пасадай і пазіцыяй. Магчыма, у яе была бязвыхадная сітуацыя і яна хацела захаваць пасаду, але я лічу, што лёгка магла б знайсці сябе ў Польшчы, выкладаць тут на англійскай. Удзелам у прапагандзе яна проста сябе закопвае. Мне вельмі горка на гэта глядзець.
Выдаліла яе з сяброў у Facebook пасля таго, як яна пасля пачатку вайны ва Украіне выставіла фатаграфію на фоне расійскага сцяга ў Дзень яднання Расіі і Беларусі. Гэта ўжо было апошняй кропляй.
— Калі зразумелі, што трэба з’язджаць?
— Яшчэ на «сутках» у камеры гэта абмяркоўвалі, і я выступала за тое, што трэба, бо жыцця ў Беларусі не дадуць. Мой муж быў на той момант супраць, бо толькі пачынаў працаваць у IT, трэба было атрымаць пэўны досвед.
У лютым 2022-га я пачала шукаць працу. Пайшла на пасаду HR у IT-кампанію. Потым пачалася вайна, а гэтая кампанія была ўкраінска-беларуская, з’явіліся праблемы. Так у чэрвені 2022-га пераехалі ў Варшаву.
Працягнула працаваць у IT-кампаніі. Там была для мяне вялікая нагрузка, якую ніхто не хацеў зніжаць. Зноў збіраліся стаць бацькамі, пасля двух маіх выкідкаў, і я схлусіла кіраўніцтву, што ўжо цяжарная. Думала, што так яны знізяць мне колькасць задачаў. За гэта мяне звольнілі. Але я хутка знайшла новую працу, у невялікай кампаніі, якая займаецца легалізацыяй беларусаў у Польшчы, працую на пасадзе дырэктара па карпаратыўных камунікацыях, а таксама развіваю тут сацыяльны праект для беларусак у эміграцыі з недвухсэнсоўнай назвай «Зона камфорту».
— Як вы цяпер сябе адчуваеце? Няма думак, што барацьба была марнай?
— Я адчуваю сябе цяпер, з аднаго боку, добра. Калі выходзіш з сістэмы, з’яўляецца магчымасць паглядзець на ўсё збоку, і разумееш, наколькі ўсё жудасна ўнутры было ўладкавана і як выдатна, што цябе ўжо ў гэтым няма. Для мяне цяпер адкрыліся новыя магчымасці, каб развівацца, ад гэтага радасна. Вядома, мне дрэнна ад таго, што я не дома. Але вяртацца ў Беларусь пры ўсёй гэтай сітуацыі жадання няма абсалютна. Гэта цяпер не краіна для майго жыцця.
Барацьба марнай дакладна не была: тое, што адбывалася тры гады таму, дало ўсім беларусам разуменне, што «беларус беларусу беларус». Як выявілася, адпраўляцца на барыкады трэба з розумам — лічу, што ў нас занадта шмат ахвяраў. Варта было, напэўна, дзейнічаць хітрэй. Але мяне ў гэтым усім падтрымлівае думка, што дабро заўсёды перамагае зло.
Чытайце таксама