Некаторыя краіны ўсё больш увагі надаюць скарочанаму працоўнаму тыдню. Напрыклад, у Ісландыі больш чым палова работнікаў перайшла на чатырохдзёнку. А ці магчыма ўвесці скарочаны працоўны тыдзень у Беларусі? Якія падводныя камяні ёсць? «Люстэрка» пагаварыла пра гэта з акадэмічным дырэктарам BEROC Львом Львоўскім.
Як краіны эксперыментуюць са скарочаным тыднем і якая хітрасць ёсць з заробкам пры гэтым
Эксперыменты па скарачэнні працоўнага тыдня да чатырох дзён пачалі распаўсюджвацца ў свеце ў сярэдзіне 2010-х (аднак асобныя кампаніі ў розных краінах практыкавалі гэты фармат і раней). Актыўней да гэтага пытання як асобныя кампаніі, так і цэлыя галіны вярнуліся пасля пандэміі каранавіруса. У Бельгіі такі фармат працы ўвялі для тых работнікаў, якія гэтага хочуць. Да гэтага збіраюцца перайсці пасля эксперыменту больш за 60 кампаній Вялікабрытаніі. Пасля шматгадовых выпрабаванняў Ісландыя афіцыйна прыбрала адзін дзень з графіку сваіх грамадзян. Прычым у гэтай краіне пасля новаўвядзення захаваўся высокі эканамічны рост — на 5% у 2023 годзе.
Прыхільнікі чатырохдзёнкі сцвярджаюць, што яе ўкараненне сярод іншага павышае задаволенасць работнікаў і іх прадукцыйнасць працы. Аднак крытыкі кажуць, што ў некаторых сектарах такая практыка немагчымая, да таго ж яна павялічвае выдаткі кампаній.
Ва ўсіх згаданых вышэй краінах пераход на скарочаны тыдзень адбываўся з захаваннем зарплаты работнікаў на ранейшым узроўні, то-бок як калі б яны працавалі пяць дзён на тыдзень. Але ў такіх заявах ёсць падвох, лічыць эканаміст Леў Львоўскі:
— Заявы пра захаванне заробкаў пры скарачэнні працоўнага тыдня — гэта хітрасць. Насамрэч ім не пакінулі зарплату за пяць дзён, а проста пачакалі, пакуль іх прадукцыйнасць вырасце ўмоўна на 20%, і, замест таго каб павялічыць зарплату на тыя ж 20%, выбралі прыбраць з працоўнага графіка адзін дзень пры ранейшым памеры заробку.
Са скарачэннем заробкаў пры аналагічным працэсе людзі ўжо сутыкаліся — у перыяд, калі краіны пераходзілі з шасцідзёнкі на пяцідзёнку.
Пяцідзённы працоўны тыдзень і васьмігадзінны працоўны дзень у Беларусі, як і ва ўсім СССР, увялі толькі ў 1967 годзе. Зрабілі гэта па рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі працы. Да гэтага на прадпрыемствах людзі працавалі шэсць дзён на тыдзень.
Леў Львоўскі адзначае, што колькасць часу, які людзі праводзяць на працы, залежыць як ад эканамічных асаблівасцяў, так і ад культурных.
— Напрыклад, лічыцца, што ЗША нашмат багацейшыя на душу насельніцтва, чым Іспанія. Але насамрэч пад капотам хаваецца адна асаблівасць — іспанцы ў цэлым любяць больш адпачываць і ў сярэднім працуюць менш, чым амерыканцы, — адзначае эксперт. — Няма слушнага выбару — працаваць 70 гадзін на тыдзень і цалкам аддаваць сябе працы, але не бачыць сям'і, затое ездзіць на люксавым аўтамабілі і жыць у вельмі добрым раёне, або працаваць 20 гадзін на тыдзень, але жыць бядней, напрыклад, ва ўспадкаванай кватэры, не спажываць люксавых тавараў, але затое бавіць больш часу за сваім хобі ці з сям’ёй.
Ці гатовая да такога новаўвядзення Беларусь?
У нашай краіне ўжо ёсць асобныя кампаніі, якія практыкуюць чатырохдзёнку, часцей за ўсё гэта можна сустрэць у IT. Беларускае заканадаўства дазваляе кампаніям гэта рабіць — у Працоўным кодэксе ёсць толькі максімальнае абмежаванне працоўнага часу — да 40 гадзін на тыдзень, тлумачыла раней міністр працы і сацабароны Наталля Паўлючэнка.
То-бок закон дазваляе, а некаторыя кампаніі нават практыкуюць такі падыход. Аднак што да ўвядзення такой практыкі больш шырока ці нават у цэлым па краіне, то Леў Львоўскі лічыць, што, хутчэй за ўсё, беларусы да гэтага не гатовыя. І пытанне не ў тым, што мы так любім працаваць, а ў тым, якія ў нас заробкі і ці гатовыя мы страціць частку тых грошай, якія атрымліваем.
— Можна кожнаму беларусу задаць пытанне: ці адчувае ён сябе дастаткова багатым, каб зарабляць менш на 10−20%, але пры гэтым мець дадатковы выходны? Бо калі працаваць менш гадзін, то заробкі так ці інакш усё роўна зменшацца. Ёсць некаторыя гіпотэзы, што людзі будуць у той час, які застанецца, працаваць актыўней, але ўсё роўна не настолькі, каб цалкам кампенсаваць адзін працоўны дзень.
Эканаміст падкрэслівае, што асаблівасць Ісландыі акурат у тым, што гэта досыць багатая краіна. Людзі там маюць у сярэднім высокія даходы, якія закрываюць усе іх асноўныя патрэбы. Менавіта таму там вырашылі, што могуць сабе дазволіць атрымліваць крыху менш.
— Там нават калі зарплата будзе на 20% меншай, яна ўсё роўна застанецца даволі добрым прыбыткам, які дазваляе людзям рабіць усё, што ім хацелася б, — кажа Леў Львоўскі. — Ці жывём мы ў Беларусі цяпер значна лепш, чым у 1967 годзе? Безумоўна. Калі б людзі былі гатовыя жыць больш сціплае жыццё, то, вядома, можна было б перайсці на такі працоўны тыдзень. Але Беларусь не такая багатая, як нават суседнія заходнія краіны, і вельмі далёкая ад самых багатых, таму думаю, што мы яшчэ да такога не гатовыя.
У Беларусі медыянны заробак у траўні гэтага года складаў 1 688,3 рубля. Гэта значыць, што палова ўсіх работнікаў краіны зарабляла менш за гэтую суму.
Але калі б такое адбылося, «з голаду ніхто б не памёр», адзначае Леў Львоўскі. Таму ён лічыць такі выбар магчымым на ўзроўні асобных работнікаў ці кампаній.
— Ёсць IT-кампаніі, якія эксперыментуюць з такім фарматам, ёсць асобныя прадпрыемствы, дзе фармальна пяцідзённы працоўны тыдзень, але людзі там працуюць паўдня, а астатні час проста сядзяць у офісе і нічога не робяць, — разважае аналітык. — Пры гэтым ёсць сферы і бізнесы, дзе людзі працуюць значна больш, чым 40 гадзін на тыдзень. Напрыклад, дактары. Прычым гэта не толькі ў Беларусі, у тых жа ЗША нармальна для дактароў працаваць 70 гадзін на тыдзень.
Дзяржаўная каардынацыя ў такім пытанні можа спатрэбіцца для сітуацый, калі гаворка ідзе пра канкурэнцыю ўнутры краіны, працягвае эканаміст.
— Калі вашая крама выбрала працаваць чатыры дні на тыдзень, а суседняя — пяць, то зразумела, што другая можа вас збанкрутаваць, бо людзі пачнуць пастаянна хадзіць толькі туды. Таму часам робіцца так, што на цэлы горад, рэгіён ці краіну накладаецца каардынавальнае правіла працаваць толькі чатыры дні на тыдзень.
Эксперт лічыць, што «скарачэнне працоўнага часу — гэта непазбежны прывілей».
— У свеце адбываецца тэхналагічны прагрэс. Праз гэта эканомікі практычна ўсіх краін растуць, нават у тых дзяржавах, якія супраціўляюцца эканамічнаму росту. Напрыклад, яму супраціўляецца Беларусь. Але нават мы апошнія 10 гадоў хаця б на 1% у год, але ўсё роўна расцем, — кажа аналітык. — У сярэднім свет расце на 3% у год, багатыя краіны — на 1−2%. Адпаведна, павышаецца колькасць рэсурсаў, і кожная краіна ці нават кожны чалавек можа сам вырашаць, куды пускаць гэты рост.
Чытайце таксама