Міністэрства абароны Беларусі сур’ёзна разглядае наўмысную правакацыю з боку Украіны як адну з версій прычын падзення ракеты ў памежжы Брэсцкай вобласці. Раніцай 30 снежня ведамства апублікавала афіцыйны каментар начальніка ўпраўлення зенітных ракетных войскаў палкоўніка Кірыла Казанцава.
— Як адзначалася раней, у Іванаўскім раёне была збітая сродкамі супрацьпаветранай абароны цэль, якая прыляцела з украінскага боку. Баявыя разлікі адпрацавалі штатна. Разам з тым па дадзеным інцыдэнце застаюцца пытанні, і мы разглядаем дзве версіі: ненаўмысны пуск зенітнай кіраванай ракеты з прычыны нізкай навучанасці разліку, або няспраўнасць ракеты, або гэта наўмысная правакацыя Узброеных сіл Украіны, — заявіў Казанцаў.
Нагадаем, 29 снежня Расія зладзіла масіраваную ракетную атаку на Украіну — у краіне была абвешчаная паветраная трывога. Паведамлялася пра выбухі ў Харкаве, Кіеве, Львове. Частку ракет паспяхова збіла ўкраінская СПА.
Тым часам тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» са спасылкай на мясцовыя паблікі паведаміў, што ў полі каля вёскі Гарбаха ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці знайшлі ракету. Пазней гэта пацвердзілі ўлады Беларусі.
У Мінабароны заявілі, што ракета прыляцела раніцай з украінскага Забалоцця непадалёк ад мяжы. МЗС Беларусі ў сувязі з падзеннем ракеты ўручыла ноту пратэсту амбасадару Украіны, запатрабавала правесці расследаванне інцыдэнту і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Паводле версіі беларускага боку, ракета з С-300 была выпушчаная з боку Украіны і збітая сіламі СПА ў паветранай прасторы нашай краіны ў прамежку з 10 да 11 гадзін раніцы. Гэта акурат час правядзення расійскай ракетнай атакі.
Гэтую акалічнасць падкрэслілі і ў Мінабароны Украіны. Там не выключаюць магчымасці таго, што ракета магла быць правакацыяй з боку Расіі, каб уцягнуць Беларусь у вайну. Украіна гатовая правесці міжнароднае расследаванне здарэння, але без удзелу краін, якія падтрымліваюць РФ.