У лютым 2016 года з гары Гедыміна ў Вільнюсе сышоў апоўзень, праз некалькі месяцаў ён паўтарыўся. Каб не дапусціць разбурэння вежы, якая стаяла на вяршыні, у студзені 2017-га вырашылі пачаць будаўнічыя працы. Але спачатку на месца прыйшлі археолагі — яны і згайшлі некалькі безыменных магіл з рэшткамі 20 чалавек. Адзін з іх быў пахаваны асобна ад астатніх. На яго правай руцэ археолагі знайшлі залаты пярсцёнак. Гэта былі рэшткі Зыгмунта Серакоўскага — аднаго з лідараў вызвольнага паўстання 1863 года. Яго чакала бліскучая кар’ера ў расійскім Генеральным штабе, яго шлюбу быў усяго год, але ён ахвяраваў усім дзеля свабоды. Расказваем яго гісторыю.
Беларускія ўлады і прапагандысты робяць усё магчымае, каб беларусы не ведалі сваёй гісторыі: перапісваюць падручнікі ў школах, ствараюць псеўдагістарычныя дапаможнікі для ідэолагаў і нападаюць на нацыянальных герояў праз падкантрольныя СМІ. Яны спрабуюць даказаць, што нашая гісторыя пачынаецца з СССР, сваёй незалежнасцю мы абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а нашая краіна — частка «рускага свету».
Насамрэч Беларусь — частка вялікай еўрапейскай сям'і і была ёю вельмі доўгі час. У нашым праекце «Агульная гісторыя» мы раскажам пра людзей і з’явы, якія многія гады звязваюць Беларусь з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй і якія аб’ядноўвалі нашыя краіны ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду.
Ад службы шарагоўцам да сустрэч з прэм’ерам і імператарам
Зыгмунт Серакоўскі нарадзіўся ў 1826 годзе на тэрыторыі цяперашняй Валынскай вобласці Украіны ў сям'і шляхціца Ігнацыя Серакоўскага. У яго сям’я існавалі даўнія традыцыі вызваленчай барацьбы: бацька ўдзельнічаў у паўстанні 1830−1831 гадоў, падчас якога загінуў. Маці, Фартуната Мараўская, «з маладых гадоў засталася ўдавой і ўласнымі намаганнямі ўтрымлівала сваю старэнькую маці, маю бабулю, і нас траіх», — успамінаў будучы паўстанец, у якога былі брат і сястра.
Дзед — бацька маці — прадстаўляў Рэчыцкі павет на Чатырохгадовым сейме 1788 года (падчас яго была распрацавана Канстытуцыя — першая ў Еўропе і другая ў свеце), пазней быў на баку паўстанцаў 1794 года, якія змагаліся супраць знішчэння Рэчы Паспалітай — федэратыўнай дзяржавы, што ўключала Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае.
Паводле сведчання родных, Зыгмунт з дзяцінства не цярпеў ніякага фальшу. Яму было шэсць гадоў, калі ў дом Серакоўскіх прыбыў чыноўнік, што набіраў шляхецкіх дзяцей у кадэцкія карпусы. Хлопчыкаў з тэрыторыі былой РП часта залічвалі туды без згоды бацькоў. Маці Зыгмунта, не хочучы расставацца з сынам, пераапранула яго і прадставіла як дачку. Чыноўнік ужо ўносіў змены ў свае спісы, калі Зыгмунт, ступіўшы з-за спіны маці, раптам заявіў: «Я не дачка! Я сын Зыгмунт Серакоўскі!» Дзіця засталося дома, але фамільнае срэбра з’ехала з чыноўнікам — давялося даць хабар.
Скончыўшы з адзнакай гімназію ва ўкраінскім Жытоміры, ён два гады працаваў гувернёрам, збіраючы сродкі на навучанне (у апошнім класе яшчэ і паралельна займаўся рэпетытарствам). У 1845-м паступіў на фізічна-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, але праз два гады перавёўся на першы курс факультэта права і кіравання. Падчас навучання юнак граў значную ролю сярод студэнтаў былых земляў РП у Пецярбургу. У гуртку, у якім Серакоўскі быў на заўважных пазіцыях, ён даводзіў неабходнасць вырашэння не толькі нацыянальнага, але і сацыяльнага пытання, прапаноўваючы надзяліць сялян зямлёй.
Каля 1845 года ў Вільні (сучасны Вільнюс) узнік «Саюз літоўскай моладзі», які ўзначалілі браты Далеўскія — Францішак і Аляксандр (мы яшчэ вернемся да гэтай сям'і). Серакоўскі завязаў з ім кантакты, яго гурток стаў пецярбургскім аддзяленнем саюза.
У 1848-м пачалася «Вясна народаў»: пратэсты супраць манархій успыхнулі па ўсім еўрапейскім кантыненце. У сакавіку, спаслаўшыся на неабходнасць вырашыць спадчынныя справы, Серакоўскі ўзяў чатырохтыднёвы адпачынак. Але ў траўні яго арыштавалі недалёка ад расійска-аўстрыйскай мяжы. Следства падазравала хлопца ў спробе завязаць кантакты з рэвалюцыйным рухам у Галіччыне (тэрыторыя Заходняй Украіны, тады належала Аўстрыі). Даказаць нічога не ўдалося, Зыгмунт нікога не выдаў. Але Серакоўскага выключылі з універсітэта і загадам імператара Мікалая I скіравалі служыць у Арэнбургскі корпус. Трагедыя была ў тым, што юнак не змог дакументальна пацвердзіць сваё шляхецтва — праз гэта пачынаць служыць давялося шарагоўцам.
«Арэнбургскі асаблівы корпус фактычна быў велізарным вайскова-катаржным фарміраваннем. Ён складаўся з асобных арыштанцкіх рот і батальёнаў, як правіла, зняволеных у фартах і крэпасцях. У іх утрымліваліся як крымінальныя злачынцы, так і асабліва небяспечныя палітычныя злачынцы. Высылка ў іх прыраўноўвалася да своеасаблівай катаргі. Да гэтай фармацыі адносіліся і лінейныя часткі з асаблівым, больш жорсткім распарадкам службы. Іх шэрагі папаўняліся ў асноўным палітычнымі сасланымі», — пісалі пра гэтую баявую адзінку гісторыкі.
Серакоўскі прабыў там восем гадоў і пазнаёміўся з класікам украінскай літаратуры Тарасам Шаўчэнкам, які таксама служыў у войску. Пазней яго павысілі да унтэр-афіцэра (але, нягледзячы на назву, гэты чын яшчэ не быў афіцэрскім). Вызваленне стала магчымым толькі пасля смерці імператара Мікалая І у 1855-М. Яго сын і пераемнік Аляксандр ІІ амніставаў зняволеных па палітычных справах.
У 1856-м Серакоўскі атрымаў свой першы афіцэрскі чын — прапаршчыка. Яго перавялі ва Украіну, а потым ён папрасіўся ў полк, які стаіць пад Пецярбургам. Усё таму, што Зыгмунт хацеў паступіць у акадэмію Генеральнага штаба, што і зрабіў у наступным годзе. На той час ён меў навыкі ў ваеннай інжынерыі, тапаграфіі і картаграфіі, ведаў шэсць замежных моваў. Прыехаўшы ў сталіцу імперыі, Серакоўскі спрабаваў заступіцца за Шаўчэнку, каб таго вызвалілі і ён мог прыехаць у Пецярбург — і яму ўдалося. Таксама ён супрацоўнічаў з вядомым тады часопісам «Современник», які выдаваў пісьменнік Мікалай Чарнышэўскі, вёў там аддзел «Заграничные известия».
У 1859-м Серакоўскі, адвучыўшыся два гады, з адзнакай скончыў акадэмію, атрымаўшы чын штабс-капітана. Яго залічылі на працу ў статыстычны аддзел Упраўлення Генеральнага штаба вайсковага міністэрства, праз два гады перавялі ў Генеральны штаб.
Начальства лічыла, што Зыгмунт раскаяўся ў памылках юнацтва, даручала яму адказныя заданні. Напрыклад, Серакоўскі працаваў над праектам па абмежаванні і скасаванні цялесных пакаранняў, якія выкарыстоўваліся ў расійскай арміі. Для азнаямлення з заканадаўствам іншых еўрапейскіх краін у траўні 1860 года яго адправілі ў камандзіроўку. Ён наведаў Лондан, Парыж, Турын, Берлін і Вену, сустракаўся з прэм’ер-міністрам Англіі Генры Пальмерстанам, імператарам Францыі Напалеонам III і іншымі буйнымі палітыкамі. Але адначасова кантактаваў і з рэвалюцыянерамі: расійскім эмігрантам Аляксандрам Герцанам, італьянцам Джузэпэ Гарыбальдзі, палякам Яахімам Лялевелем. Падчас навучання ў акадэміі Генштаба ён заснаваў канспірацыйны гурток, праз які прайшло не менш за 170 чалавек — так рыхтаваўся камандны склад будучага паўстання.
Фальстарт і здрада сваіх
Прычын для паўстання было дзве: нацыянальная і аграрная. Адсутнасць незалежнасці ці хаця б аўтаноміі не давала магчымасці зваяваным народам самім вырашаць свае пытанні (да прыкладу, у Беларусі не было ніводнага ўніверсітэта, а выкладанне ў школах на беларускай мове было немагчымае). Існаванне ў складзе Расіі тармазіла фармаванне беларускай нацыі — хоць гэты працэс ужо поўным ходам ішоў для іншых народаў Еўропы.
Акрамя таго, у Расійскай імперыі яшчэ існавала прыгоннае права, паводле якога сяляне не мелі ўласнай зямлі, належалі памешчыкам і былі вымушаныя выконваць для іх павіннасці. Дадамо, што большая частка земляў знаходзілася ў руках багатай шляхты. Такая сітуацыя выглядала абсалютным анахранізмам на фоне Еўропы, дзе ўжо развіваліся капіталістычныя адносіны. Нявырашанасць аграрнага пытання тармазіла развіццё рынкавых адносін у Расійскай імперыі. Скасаванне прыгоннага права ў 1861 годзе не вырашыла праблемы. Сяляне маглі выкупіць частку зямлі (але не раней чым праз дзевяць гадоў, а рэальна тэрміны расцягваліся на нашмат даўжэйшы час), а да гэтага не лічыліся яе ўладальнікамі. Больш за тое, пакуль не была заключаная выкупная аперацыя, сяляне працягвалі выконваць павіннасці на карысць памешчыкаў і знаходзіліся ў статусе «часоваабавязаных».
У кастрычніку 1861-га ў Варшаве была створаная таемная арганізацыя, якая ў наступным годзе атрымала назву Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Адначасова ў Вільні з’явілася аналагічная канспірацыйная арганізацыя, якая пазней атрымала назву Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК). Фармальна ён падпарадкоўваўся Варшаве. У 1862-м ЛПК узначаліў Кастусь Каліноўскі.
Улетку 1862 года Серакоўскага зноў адправілі ў замежную камандзіроўку. Па дарозе ён спыняўся ў Кіеве і Вільні, дзе камунікаваў з будучымі паўстанцамі (папярэдняя сустрэча з імі адбылася летам 1861-га). У жніўні ён ажаніўся з 21-гадовай Апалоніяй Далеўскай — гэта з яе братамі Зыгмунт кантактаваў яшчэ да адпраўкі ў войска салдатам. З дзяўчынай жа Зыгмунт пазнаёміўся за год да гэтага. Ужо разам з жонкай ён спыніўся ў Варшаве, дзе звязаўся з прадстаўнікамі ЦНК. Серакоўскі паабяцаў узяць на сябе камандаванне паўстаннем на беларускіх і літоўскіх землях, але настаяў на пераносе даты паўстання. Далейшая паездка праходзіла праз Кракаў, Вену, Ляйпцыг, Вроцлаў, Познань і Берлін у Парыж. Адтуль, адправіўшы захварэлую жонку на радзіму, ездзіў у Алжыр.
Вяртаючыся ў Санкт-Пецярбург, Зыгмунт яшчэ раз сустракаўся з паўстанцамі і даказваў, што трэба чакаць і што падымацца на барацьбу рана. Яго план быў наступны: паўстанне мусіла пачацца на тэрыторыі сучаснай Літвы, куды трэба было даставіць морам зброю. Потым паўстанне мусіла распаўсюдзіцца на Віленскую і Гродзенскую губерні, пасля чаго патрабавалася захапіць крэпасць у Даўгаўпілсе (цяпер гэта Латвія). Гэта быў надзвычай важны камунікацыйны вузел, які перашкаджаў хуткаму перакідванню рускіх войскаў у Польшчу. Яму абяцалі, што паўстанне ўспыхне праз год ці два. Але Серакоўскі, які ўважліва назіраў за грамадствам, баяўся, што адбудзецца некантраляваная ўспышка абурэння, і кіраўнікі падпольных камітэтаў не змогуць яе спыніць.
У студзені 1863 года Зыгмунт вярнуўся з паездкі, выйшаў на працу ў Генштаб і з таго часу быў заняты працай над завяршэннем рэформы рускай вайсковай юстыцыі. Таксама ён падрыхтаваў запіску, якую збіраўся прадставіць вайсковаму міністру Дзмітрыю Мілюціну. У ёй ён прапаноўваў даць шырокую аўтаномію палякам, беларусам, украінцам і літоўцам у складзе Расіі, з шырокімі правамі, пакінуўшы за цэнтрам толькі замежную палітыку, вайсковыя пытанні і фінансы.
Тым часам паўстанне рыхтавалася на вясну 1863 года. Але ўлады, заўважыўшы ажыўленне грамадства, нанеслі ўдар першымі: у студзені было абвешчана пра правядзенне рэкруцкага набору ў войска. Туды прызвалі значную частку людзей, якіх падазравалі ў прыналежнасці да таемных арганізацый. Паўстанцам давялося выступаць непадрыхтаванымі. 22 студзеня 1863 года ЦНК абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам. У гэты ж дзень у розных частках Польшчы было здзейснена каля 25 нападаў на расійскія гарнізоны. Таксама паўстанне праходзіла на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы і — у меншай ступені — Украіны. Але пачалося яно пазней — 1 лютага ЛПК выдаў маніфест, у якім абвясціў сябе Часовым правінцыйным урадам Літвы і Беларусі.
Паўстанцы пераконвалі Серакоўскага далучыцца да іх, што ён і зрабіў. Ён папрасіў у Мілюціна чатырохтыднёвы адпачынак, нібыта для таго, каб адвезці жонку на воды ў Германію. Пецярбург Зыгмунт пакінуў 9 сакавіка, паведаміўшы лістом свайму начальніку, што далучыўся да паўстання. Цікава, што 17 красавіка быў апублікаваны ўказ пра скасаванне ў рускай арміі жорсткіх крымінальных пакаранняў. Менавіта яго рыхтаваў Серакоўскі. У сваіх успамінах Мілюцін называе яго палкоўнікам. Хутчэй за ўсё, загад пра наданне гэтага чыну быў прымеркаваны да выхаду ўказа. Ужо гэта дае зразумець, ад чаго Зыгмунт адмовіўся: стаць палкоўнікам у 37 гадоў значыла мець усе шанцы атрымаць генеральскае званне.
Але Серакоўскі прыбыў у Вільню, да Коўна ён дабраўся 15 красавіка, а праз два дні прыняў камандаванне 400−500 дрэнна ўзброенымі людзьмі. Гэта было значна менш, чым яму абяцалі. «Мяне падманулі, ніхто і нішто мяне тут, акрамя смерці, не чакае», — сказаў незадоўга да гэтага Зыгмунт жонцы, даведаўшыся пра рэальны стан справаў. Нягледзячы на гэтыя абставіны, ён разбіў рускія войскі ў дзвюх бітвах і ўзмацніў свой атрад да 2,6 тысячы.
У пачатку траўня аб’яднаныя сілы паўстанцаў пад камандаваннем Серакоўскага рушылі ў бок Біржая. У будучыні яны планавалі атакаваць крэпасць у Даўгаўпілсе (хоць, магчыма, гэта быў падманны план, каб адцягнуць увагу рускіх ад руху на тэрыторыю сучасных Латвіі і Эстоніі). Але 7 траўня 1863 года ў вёсцы Мядзейкі ля Біржая руская армія пад камандаваннем генерала Івана Ганецкага перарэзала дарогу паўстанцам, прымусіўшы іх прыняць бой, які завяршыўся паразай Серакоўскага: 8 траўня атрад быў разбіты, Зыгмунт атрымаў раненне.
У выніку Серакоўскага арыштавалі і адправілі ў бальніцу ў Вільні, дзе тройчы аперавалі і трымалі пад аховай. Паплечнікі спрабавалі выкрасці яго, але стан здароўя Зыгмунта не дазваляў гэта зрабіць: ён ледзь хадзіў.
Кароткі суд, просьбы брытанскай сям'і і пакаранне смерцю
23 чэрвеня вайскова-палявы суд, чые прадстаўнікі стаялі ля ложка хворага Зыгмунта, асудзіў яго на смерць. Маці Апалоніі спрабавала дамагчыся змякчэння прысуду: яе дачка была цяжарная. Пра гэта ж прасілі прадстаўнікі англійскага каралеўскага двара праз пасольства, Мілюцін і нават Аляксандр Сувораў-малодшы, санкт-пецярбургскі ваенны генерал-губернатар (яго дзед душыў паўстанне 1794 года). Але віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, які быў прызначаны на гэтую пасаду 13 траўня і атрымаў мянушку Вешальнік, са згоды імператара Аляксандра II зацвердзіў смяротнае пакаранне, змяніўшы спосаб з расстрэлу на павешанне.
26 чэрвеня, перад пакараннем смерцю, Апалоніі дазволілі наведаць Зыгмунта. Яе нават не папярэдзілі, што гэта іх апошняя сустрэча. Яна доўжылася ўсяго 15 хвілін, у прысутнасці каменданта і дзясятка салдат. «Зыгмунт, калі мы расставаліся, ты не змог вымавіць ніводнага слова, каб абнадзеіць няшчасную жанчыну; ты вымавіў жудасныя словы: „Моцна абхапіце маю шыю, каб, калі пятля зацягнецца, я памятаў абдымкі вашых рук! Так мне будзе лягчэй паміраць“», — пісала Апалонія ў мемуарах.
Серакоўскі перадаў жонцы запіску, напісаную на шматку старонкі з Бібліі: «Анеля мая! Даведаўся, што жыць і быць свабодным магу пад адной умовай — выдачы асобаў, што кіруюць рухам. Гнеўна адхіліў. Далі мне зразумець, што падпісаў сабе смяротны прысуд. Калі наканавана памерці, памру чыстым і незаплямленым. Скажы ж ты мне, Анеля, ці мог я адказаць інакш? Я цябе кахаць буду, я буду лунаць над табой і нашым немаўлём, і тады мы зноў сустрэнемся ў тым, іншым, свеце. Лічы, што ў панядзелак я буду мёртвы».
Пакаранне смерцю 37-гадовага Серакоўскага адбылося 27 чэрвеня 1863 года на Лукішскай плошчы ў Вільні. На гэтым жа месцы ў сакавіку 1864-га будзе забіты і яго паплечнік. Цяпер на гэтым месцы стаіць драўляны крыж з надпісам: «На гэтым месцы былі пакараныя смерцю ўдзельнікі паўстання 1863−1864 гадоў і яго кіраўнікі Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі».
Цяжка паранены Серакоўскі не мог стаяць на ўласных нагах. Кат цягнуў яго да шыбеніцы на вачах у перапалоханага натоўпу і некалькі разоў спецыяльна ўдарыў нагой, старанна цэлячыся ў раны. Зыгмунт выслухаў прысуд стоячы, пагойдваючыся і абапіраючыся на плячо святара. Пад злавесны грукат барабанаў усё было скончанае.
Насуперак легендам і ілюстрацыям, Апалонію, цяжарную жонку Зыгмунта, не прымушалі назіраць за працэсам пакарання — згодна з распараджэннем Мураўёва яна знаходзілася пад хатнім арыштам. Праз тры месяцы яе адвезлі цягніком у расійскі Пскоў. Мясцовы губернатар распарадзіўся «забраць дзіця, калі яно мужчынскага полу». Дзякуючы дапамозе мясцовых ёй удалося з’ехаць у суседні Ноўгарад. Там 2 лістапада 1863 года нарадзілася дачка, якую Апалонія назвала ў гонар мужа — Зыгмунтай. Дзяўчынка памерла ў расійскай Самары ў 1866 годзе ў трохгадовым узросце.
У наступным годзе Апалоніі дазволілі вярнуцца ў Варшаву. Яна дажыла да 81 года і напісала ўспаміны пра свайго мужа, якога працягвала кахаць многія гады пасля расстання: «У яго прысутнасці ўсе адчувалі сябе лепш, больш здольнымі на высакародныя справы. Калі ён гаварыў, твар яго мяняўся, кідаўся ў вочы і скарала душу слухача». Апалонія дажыла да абвяшчэння незалежнасці Польшчы, Літвы і Беларусі. Жанчына памерла 2 студзеня 1919 года ў Варшаве.
Жыццё пасля смерці
Царскія ўлады не хацелі, каб магілы паўстанцаў сталі месцам паломніцтва. Яшчэ да гэтага, у 1839-м у Вільні пакаралі смерцю ўдзельніка польскага паўстання Шымана Канарскага. Пахавалі яго на могілках, і вельмі хутка магілу пачалі наведваць патрыёты. Таму паўстанцаў 1863 года вырашылі хаваць таемна, а брацкая магіла была без якіх-кольвек апазнавальных знакаў.
Для гэтага ідэальна падыходзіла Замкавая гара (так раней называлася гара Гедыміна) — бо там знаходзілася вайсковая частка, месца было закрытае для наведванняў. У 1915-м падчас Першай сусветнай вайны горад занялі немцы. Тады група мясцовых даследчыкаў раскапала адну з магіл. Дапамог навукоўцам дворнік, які калісьці працаваў у расійскім гарнізоне і памятаў, куды звозілі целы. Навукоўцы змаглі адшукаць два целы і па рэштках адзення зрабілі выснову, што гэта пахаванні Каліноўскага і Серакоўскага. Крыж на месцы магілы стаяў цягам 1920−1930-х гадоў.
У 1940-м СССР анексаваў Літву. Новыя ўлады адразу знеслі крыж на магіле паўстанцаў (як рэлігійны знак) і доўгія гады не ўспаміналі пра яго. А мармуровая пліта, пазней пастаўленая на тым месцы, не дажыла да распаду СССР. Тады навошта ўсе гэтыя гады было маўчаць? Як адзначалі эксперты, «ніхто свядома не вынішчаў памяць пра Каліноўскага. Проста да пошукаў магіл паўстанцаў не даходзілі рукі».
Знайсці рэшткі паўстанцаў дапамагла, як мы пісалі вышэй, прырода. А яшчэ пярсцёнак Серкоўскага, які застаўся ў яго на пальцы. На ўнутраным баку была гравіроўка: «Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.» У перакладзе з польскай гэта імёны Зыгмунта і Апалоніі і дата іх вяселля — 30 ліпеня 1862 года паводле старога, 11 жніўня — паводле новага стылю.
Потым пачалося вывучэнне рэшткаў паўстанцаў. З Серакоўскім у гэтым плане было прасцей. Паводле прафесара кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Вільнюскага ўніверсітэта Рымантаса Янкаўскаса, важную ролю адыграў той самы пярсцёнак. І ўжо потым было супастаўленне чэрапа і яго партрэта. Апазнаць некаторыя рэшткі дапамаглі архіўныя дакументы. Выснова, што на гары сапраўды былі пахаваныя паўстанцы, была зробленая ў сакавіку 2019-га.
А 22 лістапада прайшла цырымонія ўрачыстага перапахавання. Рэшткі 20 паўстанцаў змясцілі ў невялікія труны з натуральнага дрэва. Ранняй раніцай іх выносілі з палаца кіраўнікоў ВКЛ пад стук барабана і звон званоў. Гэта зрабілі польскія і літоўскія вайскоўцы — беларускіх не было, улады адправілі на цырымонію толькі віцэ-прэм'ера Ігара Петрышэнку (Літву і Польшчу прадстаўлялі прэзідэнты гэтых краін). Труны паставілі ў Кафедральным саборы (абодва будынкі знаходзяцца ў самым цэнтры горада), дзе кожны мог з імі развітацца. Дзве гадзіны ў саборы ішла служба, пасля чаго ўрачыстае шэсце з трунамі прайшло праз увесь Стары горад. Апошні шлях паўстанцаў завяршыўся ў капліцы на старадаўніх віленскіх могілках Расу.
27 лістапада там усталявалі шыльды з імёнамі паўстанцаў на трох мовах — беларускай, польскай і літоўскай. Менавіта за свабоду гэтых краін і змагаўся іх нацыянальны герой Зыгмунт Серакоўскі.
Чытайце таксама